галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл.Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл.Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл.Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це, атрымаў мед. адукацыю ў Лондане. Першы раман «Ліза з Ламбета» (1897) напісаны ў традыцыях натуралізму. Вядомасць прынёс аўтабіягр. «раман выхавання» «Цяжар страсцей чалавечых» (1915, экранізацыя 1963), у якім духоўнае станаўленне героя, пошукі ім гуманіст. ідэалаў. Праблемы творчасці і творцы, яго ўзаемаадносін з соцыумам, маральна-этычныя пытанні ў цэнтры раманаў «Месяц і грош» (1919), «Размаляваная вуаль» (1925), «Пірагі і піва» (1930), «Тэатр» (1937, тэлефільм 1978), «Вастрыё брытвы» (1944) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Трапятанне ліста», 1921; «Ад першай асобы», 1931; «Забаўкі лёсу», 1947, і інш.). Аўтар п’ес «Лэдзі Фрэдэрык» (1907), «Круг» (1921), «Шэпі» (1933) і інш., мемуарна-крытычных кніг «Падводзячы вынікі» (1938), «Пункт гледжання» (1959). Яго творчай манеры ўласцівы тонкі псіхалагізм, філігранная проза, майстэрства пабудовы сюжэта. На бел. мову навелы М. пераклалі В.Валынскі, Я.Міклашэўскі, Я.Верабей. Дзярж.т-рмуз. камедыі Беларусі паводле яго рамана «Тэатр» паставіў мюзікл «Джулія» (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯЗНА́ЎСТВА,
навука пра насенне, яго будову і развіццё, умовы фарміравання ўраджайных і пасяўных якасцей, пра метады ацэнкі і кантролю насеннага матэрыялу. Вывучае жыццё насення з моманту апладнення яйцаклеткі на мацярынскай расліне да ўтварэння новай расліны. Батанічнае Н. (карпалогія) даследуе насенне і плады дзікарослых раслін, сельскагаспадарчае Н. (раздзел аграноміі) вывучае насенне культурных раслін і з’яўляецца тэарэт. асновай насенняводства. Цесна звязана з батанікай, генетыкай, біяхіміяй і інш. навукамі, карыстаецца іх метадамі даследаванняў. На Беларусі пачатак развіцця Н. звязаны з працамі І.А.Сцебута. Пытанні Н. распрацоўваюцца ў НДІ Акадэміі агр. навук Беларусі: земляробства і кармоў, пладаводства, агародніцтва, бульбаводства, БСГА, Гродзенскім с.-г. ін-це, абласных і спецыялізаваных с.-г. доследных станцыях і інш. Даследаванні па Н. лясных культур вядуцца ў Бел.тэхнал. ун-це, ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі і інш. Распрацаваны спосабы паскоранага размнажэння перспектыўных сартоў. Удасканалены метады аналізу жыццяздольнасці насення, энергіі яго прарастання, усходжасці, сілы росту і інш. паказчыкаў, спосабы насенняводства для вытв-сці эліты, тэхналогіі ўборкі, пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання насення вышэйшых рэпрадукцый, распрацаваны фізіял., хім. і фіз. спосабы перадпасяўной апрацоўкі насення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЕ ПРАГРАМАВА́ННЕ,
раздзел матэматычнага праграмавання, дзе разглядаюцца тэорыя і метады рашэння задач аптымізацыі нелінейных функцый на мноствах, зададзеных нелінейнымі абмежаваннямі (роўнасцямі і няроўнасцямі).
У залежнасці ад уласцівасцей зададзеных функцый і абмежаванняў адрозніваюць выпуклае, квадратычнае, дробава-лінейнае, геам. і інш. віды Н.п., дзе рашаюць шырокі клас прыкладных задач, якія ўзнікаюць пры праектаванні тэхн. аб’ектаў, удасканаленні тэхнал. працэсаў, кіраванні складанымі сістэмамі, мадэліраванні эканам. працэсаў і інш., што патрабуюць уліку нелінейных эфектаў. Такія задачы маюць значную колькасць пераменных і абмежаванняў, з’яўляюцца шматэкстрэмальнымі (для іх рашэння патрабуюцца высокапрадукцыйныя ЭВМ). Метады Н.п. (градыентныя, другіх вытворных, лінейнай апраксімацыі, штрафных функцый і інш.) дазваляюць атрымаць набліжанае рашэнне, якое задавальняе ўмовы аптымальнасці з пэўнай хібнасцю. Найб. пашыраны метад штрафных функцый, які зводзіць задачу з абмежаваннямі да задачы без абмежаванняў фарміраваннем штрафной функцыі, якая атрымліваецца адніманнем «штрафаў» за парушэнне абмежаванняў з мэтавай функцыі дадзенай задачы.
На Беларусі матэм.пытанні Н.п. даследуюцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Базара М., Шетти К. Нелинейное программирование: Теория и алгоритмы: Пер. с англ.М., 1982;
Введение в нелинейное программирование: Пер. с нем. М., 1985;
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 5. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЧА́ННЕ,
празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг.царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст.Найб. папулярнымі на бел. землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ ЦЕЛ,
стан раўнавагі цвёрдага цела, апушчанага часткова ці поўнасцю ў вадкасць (газ), а таксама рух гэтага цела па паверхні або ўнутры вадкасці (газу).
На апушчанае ў вадкасць цела дзейнічае сіла цяжару, прыкладзеная да цэнтра цяжару цела, і выштурхная (пад’ёмная) сіла (гл.Архімеда закон), прыкладзеная да цэнтра цяжару выштурхнутага аб’ёму вадкасці — цэнтра ціску. Для раўнавагі плаваючага цела (судна) неабходна, каб сіла цяжару і выштурхная сіла былі роўныя па модулі і каб цэнтр цяжару цела і цэнтр ціску знаходзіліся на адной вертыкалі (вось плавання). Крытэрыем устойлівай раўнавагі судна з’яўляецца становішча метацэнтра — пункта перасячэння лініі дзеяння выштурхной сілы з плоскасцю сіметрыі цела. Становішча метацэнтра мяняецца пры змене вугла нахілу плаваючага цела. Раўнавага судна будзе ўстойлівая, калі яго цэнтр цяжару ляжыць ніжэй за метацэнтр, таму што пара сіл, утвораная сілай цяжару і выштурхной сілай, будзе паварочваць нахіленае судна ў адваротным напрамку. Калі метацэнтр размешчаны ніжэй за цэнтр цяжару, то раўнавага будзе няўстойлівая і судна можа перакуліцца. Тэарэт.пытанні раўнавагі плаваючых цел вывучаюцца ў караблебудаўніцтве.
Л.І.Болсун.
Да арт.Плаванне цел: а — устойлівая раўнавага; б — няўстойлівая раўнавага; Ц1 — цэнтр цяжару; Ц2 — цэнтр ціску; М — метацэнтр; — сіла цяжару; — выштурхная сіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ФРАНЦЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1951,
дагавор з Японіяй пасля 2-й сусв. вайны. Падпісаны 8 вер. на міжнар. мірнай канферэнцыі (праходзіла 4—8.9.1951; склікана ЗША і Вялікабрытаніяй) у г.Сан-Францыска (ЗША) прадстаўнікамі 49 з 52 дзяржаў-удзельніц. Не падпісалі дагавор СССР (дэлегацыю ўзначальваў А.А.Грамыка), Польшча і Чэхаславакія, прадстаўнікі Кіт.Нар. Рэспублікі і Тайваня не былі запрошаны, Індыя і Бірма адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі. Падрыхтаваны ўрадамі ЗША і Вялікабрытаніі на працягу лют. 1946—жн. 1951. Складаўся з 7 раздзелаў (27 артыкулаў). Спыніў стан вайны паміж Японіяй і ўдзельнікамі дагавора. Японія прызнавала незалежнасць Карэі і рашэнні Савета Бяспекі ААН пра былыя падмандатныя яп.тэр., адмаўлялася ад прэтэнзій на Курыльскія а-вы, Паўд. Сахалін, в-аў Тайвань, а-вы Пэнхуледао, Спратлі і Парасельскія. Дэклараваў спыненне амер.акупац. рэжыму ў Японіі, але амер. войскі заставаліся ў краіне на няпэўны тэрмін. 8 вер. ў Сан-Францыска дзярж. сакратар ЗША Д.Ачэсан і прэм’ер-міністр Японіі Ёсіда Сігэру падпісалі таксама двухбаковы «дагавор бяспекі» (гл. ў арт.Амерыкана-японскія дагаворы 1951, 1960). Абодва дагаворы набылі сілу 28.4.1952. С.-ф.м.д. 1951 не вырашыў праблему тэр. размежавання паміж Японіяй і СССР і пытанні нармалізацыі адносін Японіі з Кіт.Нар. Рэспублікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ШЧАНКА Іван Кірылавіч (22.5.1930, в. Улукі Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.2001),
бел. фалькларыст, літаратуразнавец, крытык. Канд.філал.н. (1968), праф. (1992). Скончыў БДУ (1956). З 1957 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры ў Бел. ун-це культуры. Даследаваў праблемы гісторыі бел. фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. Складальнік кніг «Беларускія частушкі» (1960, з К.П.Кабашнікавым), «Жартоўныя песні» (1974), «Песні пра каханне» (1978), «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Паэзія барацьбы» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, з В.І.Скіданам), «Прыпеўкі» (1989) са зводу «Беларуская народная творчасць». Сааўтар манаграфій «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979), «Беларуская фалькларыстыка» (1989) і інш. Аўтар літ.-знаўчых артыкулаў, рэцэнзій на творы бел., рус., укр. і польскіх пісьменнікаў, сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Бывайце здаровы» (1981), «Песня на ўсё жыццё» (1986, з А.Лісам) і «Вяртанне Міхася Забэйды» (1990, з П.Марчуком). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Беларуская частушка: Пытанні генезісу жанру. Мн., 1971;
Жыццё песні. Мн., 1984;
Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гг. XIX ст.Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ І ІО́ННАЯ О́ПТЫКА,
раздзел фізікі, у якім вывучаюцца законы распаўсюджвання пучкоў зараджаных часціц (электронаў, іонаў) у макраскапічных эл. і магн. палях, а таксама праблемы іх факусіроўкі, адхілення і фарміравання відарысаў. Па аналогіі са светлавой оптыкай Э. і і.о. падзяляецца на геам. і хвалевую.
У геаметрычнай Э. і і.о. мяркуюць, што даўжыня хвалі, напр., электронаў (гл.Хвалі дэ Бройля) малая і не ўплывае на іх траекторыю; г.зн., што паводзіны пучкоў зараджаных часціц у эл. і магн. палях (гл.Электронныя лінзы) аналагічныя паводзінам светлавых пучкоў у неаднародных асяроддзях; скажэнні відарысаў (аберацыі) аналагічныя аберацыям аптычных сістэмі г.д.У хвалевай оптыцы вывучаюць пытанні, у якіх улічваецца дыфракцыя зараджаных часціц (напр., такія, як раздзяляльная здольнасць электронных мікраскопаў), фарміраванне электронных і іонных пучкоў-зондаў найменш магчымых памераў. Э. і і.о. з’яўляецца асновай пры канструяванні шырокага класа прылад: электронна-прамянёвых трубак, электронных мікраскопаў, сістэм электроннай зваркі і апрацоўкі матэрыялаў, мас-спектрометраў, электронных спектрометраў, паскаральнікаў зараджаных часціц і інш.
Літ.:
Глезер В. Основы электронной оптики: Пер. с нем. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГЕНЕ́З (ад этнас + ...генез),
працэс фарміравання этнічнай супольнасці. У шырокім сэнсе слова Э. ахоплівае вял.гіст. перыяд складвання і існавання этнасу ў розных этнасац. формах (племя, народнасць, нацыя). Э. многіх сучасных еўрап. народаў, у т. л.беларусаў, узыходзіць да этн. супольнасцей апошніх этапаў першабытнасці, эпохі ваен. дэмакратыі і раннякласавых грамадстваў — плямён, племянных саюзаў, народнасцей. Актыўныя сац.-біял. працэсы міксацыі, асіміляцыі і кансалідацыі абумовілі ўзнікненне новых народаў феад. эпохі (народнасцей), якія далі пачатак існуючым зараз этнасац. супольнасцям (нацыям). Э. амаль кожнага этнасу характарызуецца ўзаемасувяззю двух этнагенет. працэсаў: кансалідацыі і развіцця стараж. больш дробных аўтахтонных этн. кампанентаў і ўключэннем у працэсе Э. перасяленцаў (мігрантаў). Пытанні Э. розных народаў вывучаюць гісторыкі, этнографы, археолагі, лінгвісты, антраполагі, фалькларысты і інш.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнага часу да канца XVIII ст.Мн., 2001;
Цітоў В.С. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Краіна і людзі. Мн., 2001;
Беларусы. Т. 4. Вытокі і этнічнае развіццё. Мн., 2001.