ЦІ́ШЧАНКА Іван Кірылавіч (22.5.1930, в. Улукі Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.2.2001),

бел. фалькларыст, літаратуразнавец, крытык. Канд. філал. н. (1968), праф. (1992). Скончыў БДУ (1956). З 1957 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры ў Бел. ун-це культуры. Даследаваў праблемы гісторыі бел. фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. Складальнік кніг «Беларускія частушкі» (1960, з К.​П.​Кабашнікавым), «Жартоўныя песні» (1974), «Песні пра каханне» (1978), «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Паэзія барацьбы» (1985), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987, з В.​І.​Скіданам), «Прыпеўкі» (1989) са зводу «Беларуская народная творчасць». Сааўтар манаграфій «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць» (1967), «Беларуская народна-паэтычная творчасць» (1979), «Беларуская фалькларыстыка» (1989) і інш. Аўтар літ.-знаўчых артыкулаў, рэцэнзій на творы бел., рус., укр. і польскіх пісьменнікаў, сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Бывайце здаровы» (1981), «Песня на ўсё жыццё» (1986, з А.​Лісам) і «Вяртанне Міхася Забэйды» (1990, з П.​Марчуком). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Беларуская частушка: Пытанні генезісу жанру. Мн., 1971;

Жыццё песні. Мн., 1984;

Да народных вытокаў: Збіранне і вывучэнне бел. фальклору ў 50—60-я гг. XIX ст. Мн., 1986.

Я.​К.​Адамовіч.

І.К.Цішчанка.

т. 17, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)