БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.​Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-СІБІ́РСКАЯ РАЎНІ́НА (нізіна),

у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн. км².

З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл. Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс. км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т. л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн. ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.

Ландшафт Заходне-Сібірскай раўніны.

т. 7, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел. тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГІЛІ́ЗМ,

сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.​Ніцшэ, зах. філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.​Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл. Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.​Хайдэгер, К.​Ясперс, А.​Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,

рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.​Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.​Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.​Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач. жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.​Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст. садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.

Літ.:

Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;

Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;

Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.

А.​П.​Салькоў.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТО́РЫКА (ад грэч. rhētorikē),

навука пра аратарскае мастацтва, або красамоўства. Узнікла ў Стараж. Грэцыі ў 5—4 ст. да н.э., склалася ў сістэму ў З—2 ст. да н.э., у Рыме — з 1 ст. да н.э. Дасягнула росквіту ў ант. л-ры (Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян). Ант. аўтары ўлічвалі 3 крыніцы красамоўства (прыродны дар, навучанне і практыкаванне) і 3 яго мэты — пераканаць, усхваляваць чытача і прынесці яму эстэт. асалоду. У сярэднія вякі і ў эпоху Адраджэння Р. набыла значэнне навукі пра ўсе віды выказвання (маст. і навук. проза, царк. казанні і дыспуты, судовыя і паліт. прамовы, дзелавая і сяброўская перапіска). Распрацоўвала стыліст. прыёмы маўлення і пісьмовых тэкстаў (іх вобразна-маст. выяўленасць) і была па сутнасці адной з ранніх форм нарматыўнай эстэтыкі і літ.-знаўства. У стараж.-рус. культуру Р. пранікла праз Візантыю, садзейнічала развіццю ва ўсх.-слав. рэгіёне аратарскага мастацтва і аратарскай прозы (творы Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча і інш.). У бел. рэнесансавай культуры вывучалася ў цыкле «сямі вольных мастацтваў», поруч з граматыкай, дыялектыкай, арыфметыкай, геаметрыяй, астраноміяй і музыкай. У канцы 16—17 ст. на Беларусі Р. вывучалі ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. У перыяд рэліг. палемікі знайшла ўвасабленне ў творах палемічнай л-ры. Арыгінальныя трактаты па Р. у бел.-літ. рэгіёне стварылі М.​К.​Сарбеўскі, К.​Каяловіч, С.​Лаўксмін, рукапісныя лекцыі якіх сталі асновай курсаў у школах. У эстэтыцы барока Р. разглядалася як універсальная тэорыя ўсіх відаў «славеснага мастацтва», адначасова працягваліся традыцыі школьнай Р. як навукі пра красамоўства (рукапісныя трактаты М.​Цяцерскага «Лекцыі па рыторыцы з прыкладамі», 1734; К.​Нарбута «Кароткія ўводзіны да мастацтва рыторыкі» і інш.). З развіццём маст. прозы (канец 18 — пач. 19 ст.) мяжа паміж Р. і паэтыкай паступова знікала і яны склалі раздзелы літ.-знаўства. У працах Ф.​Н.​Галянскага «Пра красамоўства і паэзію» (1786), Э.​Славацкага «Пра красамоўства» (1809—14, надрук. 1826), Л.​Бароўскага «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820) Р. і паэтыка разглядаюцца ў агульнаэстэт. плане як навукі аб прыгожых мастацтвах. У сучаснай тэорыі л-ры тэрмін «рыторыка» не ўжываецца, яе літ.-знаўчыя і лінгвістычныя праблемы сталі прадметам стылістыкі. Р. пакінула ў спадчыну нямала стыліст. прыёмаў, рытарычных і стылістычных фігур.

Літ.:

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

У.​М.​Конан.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́РТА (Spartē), Лакедэмон,

старажытнагрэчаскі поліс у даліне р. Эўрот (вобл. Лаканія), у 6—1 ст. да н.э. — дзяржава ў паўд. частцы п-ва Пелапанес. Да 13 ст. да н.э. на тэр. С. знаходзіліся мікенскія паселішчы. Паводле паэмы «Іліяда» С. была адной з 12 ахейскіх абшчын Лаканіі, якімі валодаў цар Менелай. У час уварвання дарыйцаў (каля 12 ст. да н.э.) мікенскія гарады, у т. л. і С., разбураны. Новая, дарыйская, С. ўзнікла ў 10—9 ст. да н.э., верагодна, у выніку зліцця (сінайкізму) ахейскай і дарыйскай абшчын. С. належала да аграрных полісаў — паселішчаў без гарадскіх муроў. Уся зямля была падзелена на 9—10 тыс. клераў (надзелаў) і перадавалася ў спадчыннае карыстанне сем’ям спартыятаў (паўнапраўных грамадзян). Зямлю апрацоўвалі бяспраўныя ілоты. Гандлем і рамяством у С. займаліся перыэкі (асабіста свабодныя, але пазбаўленыя паліт. правоў).

Спартыяты займаліся толькі ваен. справай, выхоўвалі дзяцей ва ўмовах суровага быту і жорсткай ваен. дысцыпліны (гл. Спартанскае выхаванне). Выезд па-за межы С. быў магчымы толькі па спец. дазволе. На чале дзяржавы стаялі 2 цары, уладу якіх абмяжоўвалі герусія (рада старэйшын) і калегія эфораў (выбіраліся штогод на нар. сходзе — апэле). У грэч. каланізацыі С. практычна не ўдзельнічала. У 8—6 ст. да н.э. пасля працяглай барацьбы С. захапіла суседнія вобласці Месенію і Кінурыю. У выніку барацьбы з Аргасам, Тэгеяй і інш. полісамі ў 2-й пал. 6 ст. да н.э.

С. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У пачатку грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. яна фармальна стаяла на чале абарончага саюза грэч. дзяржаў, але паступова выйшла з вайны. Пасля перамогі ў Пелапанескай вайне 431—404 да н.э. С. дамаглася гегемоніі над усёй Грэцыяй. Падтрымка алігархічных рэжымаў, умяшанне ва ўнутр. справы грэч. полісаў прывялі да Карынфскай вайны 395—387 да н.э. У вайне з Фівамі і іх саюзнікамі С. была пераможана і страціла Месенію. У 362 да н.э. Пелапанескі саюз распаўся. Спробы цароў Агіса IV і Клеамена III у 3 ст. да н.э. правесці сац. рэформы і аднавіць магутнасць С. скончыліся беспаспяхова. У 146 да н.э. С. трапіла пад уладу Рыма, з 27 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая. У 395 н.э. разбурана готамі.

Літ.:

Андреев Ю.В. Спарта как тип полиса // Античная Греция: Пробл. развития полиса. М., 1983. Т. 1;

Корзун М.С. Гісторыя старажытнай Грэцыі. Мн., 1999;

Печатнова Л.Г. История Спарты: (Период архаики и классики). СПб., 2001.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Спарта. Спартанскі гапліт у 500 да н.э. Рэканструкцыя.
Да арт. Спарта. Бронзавая статуэтка спартанскага воіна. Канец 6 ст. да н.э.

т. 15, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУД,

орган дзяржавы, які ажыццяўляе правасуддзе шляхам разгляду і вырашэння ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку крымін., грамадз., адм. і інш. катэгорый спраў. С. падзяляюцца на звычайныя і надзвычайныя (стварэнне апошніх забараняецца амаль усімі сучаснымі канстытуцыямі). Звычайныя падзяляюцца на С. агульнай кампетэнцыі і спецыялізаваныя: ваенныя, арбітражныя (гандлёвыя, гаспадарчыя), мытныя, падатковыя (фінансавыя), па прац. спрэчках і г.д. Асобымі разнастайнасцямі С. з’яўляюцца канстытуцыйны суд і адміністрацыйныя С. У некат. краінах існуюць таксама рэлігійныя С. (напр., С. шарыяту ў мусульм. дзяржавах) і С. звычаёвага права (напр., племянныя С. у шэрагу краін Афрыкі і Акіяніі). У дзяржавах з федэратыўным ладам С. падзяляюцца на федэральныя і С. суб’ектаў федэрацыі. С. падзяляюцца таксама па інстанцыях: С. першай інстанцыі, апеляцыйны, касацыйны і наглядны; па тэр. узроўні: напр., раённыя (гарадскія), акруговыя, абласныя, краявыя і вярхоўныя.

С. узнік разам з дзяржавай, але ў самаст. орган вылучыўся ў працэсе развіцця дзярж. механізму і стварэння дзярж. апарата. У дадзярж. грамадстве канфлікты і спрэчкі вырашаліся старэйшынамі або кіраўнікамі плямён, сходамі, радамі, калегіямі. Існавалі звычаі пазасудовага разгляду канфліктаў (крывавая помста, прынцып таліёна і да т.п.). Цэнтралізацыя суд. сістэмы і ўзмацненне ролі дзяржавы ў дзейнасці С. звязаны з агульным працэсам умацавання цэнтр. улады.

Суд. сістэма Рэспублікі Беларусь уключае С. агульныя [Вярх. суд, абласныя і прыраўнаваны да іх Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваен. С.], гаспадарчыя (Вышэйшы гасп. суд, гасп. С. абласцей і прыраўнаваныя да іх С., гасп. С. гарадоў і раёнаў) і інш. У сістэме агульных і гасп. С. могуць утварацца спецыялізаваныя С.: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя.

На тэр. Беларусі С. вядомы з даўніх часоў. Найб. старажытны — копны суд, які праіснаваў да сярэдзіны 18 ст. Самым высокім суд. органам быў велікакняжацкі суд. У 15—17 ст. дзейнічалі агульныя С. для ўсяго насельніцтва і С. для шляхты (замкавы суд, земскі суд і інш.). У гарадах дзейнічалі войтаўска-лаўніцкія суды. У 1581 створаны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, на якім разглядаліся апеляцыйныя скаргі на рашэнні ніжэйстаячых С. і найб. важныя справы. Пасля далучэння да Рас. імперыі на тэр. Беларусі пэўны час дзейнічалі яе С., але паступова суд. сістэма збліжалася з той, што існавала ў Расіі. Пасля адмены ў 1840 дзеяння Статута ВКЛ 1588 на Беларусі пачалі кіравацца агульнарасійскім заканадаўствам і судаводствам. Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь аднесены да органаў дзярж. кантролю і нагляду. Па сваёй сутнасці гэта орган суд. улады, які ажыццяўляе канстытуцыйнае правасуддзе. Гл. таксама Суддзя, Судаводства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДА́Н (ад араб. Білад ас-судан — краіна чорных),

прыродная вобласць у Афрыцы ад паўд. межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8° паўн. ш.) і ад Атлантычнага ак. да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з Пн на Пд больш за 1 тыс. км, з З на У каля 5,5 тыс. км; пл. каля 5 млн. км².

Размешчана ў межах Афрыканскай платформы. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння рэк Нігер, Белы Ніл, катлавіна воз. Чад, запоўненыя антрапагенавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Пераважаюць выш. 200—500 м. На З прыбярэжная нізіна Сенегамбіі — апушчаная прыатлантычная ч. платформы (200 м ніжэй узр. м.). Узвышаныя ўчасткі адпавядаюць антэклізам — крышт. плато Джос, Дарфур і часткова перакрытае асадкавай тоўшчай Кардафан з астраўнымі гарамі. Стараж. вулканічныя конусы ў Сенегале і Дарфуры звязаны з неагенавымі разломамі (г. Мара — 3088 м, найб. выш. ў С.). Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы часовых вадацёкаў, азёрныя ўпадзіны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Летам значны ўплыў паўд.-зах. экватарыяльнага мусону, зімой — паўн.-ўсх. гарачага і сухога пасату. Колькасць ападкаў ад 100 на Пн да 2000 мм на Пд за год, вільготны сезон 2—10 мес. На Пд т. зв. зенітальныя дажджы. Сярэднегадавыя т-ры на З 23—24 °C, на У 26—29 °C. Найб. рэкі Ніл з Собатам, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая і Чорная Вольта. У бас. р. Нігер і Бахрэль-Газаль шмат невял. азёр. Найб. ў С. воз. Чад (пл. мяняецца і паступова скарачаецца). З Пн на Пд ярка выражана шыротная занальнасць змены ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. На Пн паўпустыня і сухая саванна, дзе пераважае калючкава-дрэвавая фармацыя. Кусты акацыі выш. 1—5 м. Большую ч. С. займае тыповая саванна са злакавым покрывам (віды барадачу, выш. 1—1,5 м). Трапляюцца асобныя або групы дрэў (парасонавыя акацыі, пальмы дум і веерная, баабабы, малачаі). На Пд высакатраўная саванна і лесасаванна. Лясныя масівы з густым падлескам прымеркаваны да далін рэк (галерэйныя лясы) і катлавін. Глебы пераважна чырв. фералітныя, алферытныя, чырв.-бурыя, чырв.-карычневыя. Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці: антылопы, жырафы, слон, леў, бегемот і інш.; з птушак — страусы, балотны бусел, дрофы і інш. Зона саваннаў — тэр. актыўнага стараж. земляробчага асваення і жывёлагадоўлі. С.-г. дзейнасць прывяла да ўзмацнення працэсаў апустыньвання. На тэр. С. поўнасцю або часткова знаходзяцца дзяржавы: Сенегал, Гамбія, Гвінея—Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Буркіна-Фасо, Гана, Tora, Бенін, Нігер, Нігерыя, Камерун, Чад, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Судан.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАДЫ́ЦЫЯ І НАВА́ТАРСТВА,

супрацьлеглыя і адначасова ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці маст. творчасці і культуры наогул. Традыцыя (ад лац. traditio перадача, паданне) у шырокім сэнсе — культ. спадчына народаў, сусв. і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нац. культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць; У культуралогіі традыцыя — сукупнасць архетыпаў аўтэнтычнай нац. культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. Наватарства (ад лац. novator абнавіцель, вынаходнік) характарызуе адкрытасць культуры для канструктыўных навацый і міжнац. культ. ўзаемадзеяння, змену яе парадыгмаў і сэнсавых значэнняў. Пераемнасць у развіцці культуры адбываецца праз дыялектычна супярэчлівае адзінства і ўзаемапераходы Т. і н. Канструктыўныя навацыі актуалізуюць традыцыю, уключаюць яе ў дынаміку сучаснага творча-культ. працэсу і паступова самі набываюць статус традыцыі. Суадносіны паміж Т. і н. — велічыня пераменная, неаднолькавая на розных этапах развіцця грамадства. Першую універсальную традыцыю маст. культуры стварыла ант. цывілізацыя. Сярэдневяковая культура, арыентаваная на сакральныя каштоўнасці, выступала ў якасці антытэзы да ант. традыцыі, але разам з тым дапасавала да хрысц. ідэалогіі развітыя формы ант. філасофіі, навукі, выяўл. мастацтва. Гэты «селекцыйны» працэс адмаўлення ўстарэлых форм традыцыі і трансфармацыі яе лепшых дасягненняў працягваўся ў эпоху Адраджэння, новага часу, рэалізаваўся ў культ. творчасці 20—пач. 21 ст.

Архетыпы бел. культ. традыцыі сфарміраваліся на стыку шматвяковай нар. культуры і хрысц. цывілізацыі. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. рэалізм і эстэтызм з напружанай хрысц. духоўнасцю (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, М.​Сматрыцкі, гатычны і рэнесансавы стылі ў архітэктуры і выяўл. мастацтве). Барока як стыль эпохі выступіла ў якасці антытэзы да эпігонскай стылізацыі ў мастацтве і адначасова дапасавала да новага культ. кантэксту папярэднія адкрыцці ў галінах эстэтыкі, красамоўства, тэатр. і выяўл. мастацтва, стварыла бел. варыянт еўрап. мураванай архітэктуры, самабытны стыль драўлянага дойлідства 17—18 ст. Нарматыўная эстэтыка класіцызму вярнулася да ант. і рэнесансавых традыцый; сінтэз класічных і барочных традыцый выявіўся ў л-ры (М.​К.​Сарбеўскі, Сімяон Полацкі), выяўл. і тэатр. мастацтве. Станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст., развіццё інш. відаў прафес. мастацтва на Беларусі ў 20 ст. адбываліся на аснове нац. традыцый і наватарскіх адкрыццяў польскай, рус. і агульнаеўрап. маст. культуры.

Літ.:

Бушмин А.С. Преемственность в развитии литературы. 2 изд. Л., 1978;

Ладыгина А.Б., Гринин В.В. О преемственности в искусстве. М., 1982;

Степанцевич К.И. Новые тенденции в развитии белорусского музыкального искусства: (Конец 1950-х — первая половина 1970-х гг.). Мн., 1981;

На грани тысячелетий: Судьба традиций в искусстве XX в.: [Сб. ст.]. М., 1994.

У.​М.​Конан.

т. 15, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)