НЕАБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

фізічны працэс, які можа самаадвольна працякаць толькі ў адным пэўным напрамку. У адрозненне ад абарачальных працэсаў Н.п. выключае магчымасць вяртання тэрмадынамічнай сістэмы ў зыходны стан без якіх-н. істотных змен у навакольным асяроддзі. Усе Н.п. з’яўляюцца нераўнаважнымі працэсамі і з мікраскапічнага пункту гледжання вывучаюцца ў фіз. кінетыцы; тэрмадынаміка ўстанаўлівае для іх толькі няроўнасці, якія паказваюць магчымы напрамак працякання працэсу (гл. Другі закон тэрмадынамікі).

Да Н.п. адносяць дыфузію, цеплаправоднасць, вязкае цячэнне, хім. рэакцыі, рэлаксацыйныя і інш. працэсы, дзе адбываецца накіраваны прасторавы перанос рэчыва, энергіі, імпульсу, зараду. У замкнутых сістэмах Н.п. заўсёды суправаджаюцца ўзрастаннем энтрапіі (крытэрый неабарачальнасці; гл. Больцмана прынцып). У адкрытых сістэмах пры Н.п. энтрапія можа заставацца пастаяннай ці змяншацца за кошт абмену з навакольным асяроддзем, аднак ва ўсіх выпадках вытв-сць энтрапіі (яе ўзрастанне ў адзінку часу за кошт Н.п.) застаецца дадатнай.

П.​С.​Габец.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.​Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Т.​І.​Чаркяўская.

Мінскай жаночай гімназіі будынак.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫТА́ЛЬНЫ СКАЗ,

сказ, які выражае недахоп інфармацыі пра пэўны аб’ект і патрабуе адказу на пытанне. Напр.: «Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, // Ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?» (Я.​Купала).

Фармальныя паказчыкі значэння пытальнасці: пытальная інтанацыя («Дождж яшчэ ідзе?»), пытальныя словы — часціцы «ці», «хіба», «а», «няўжо»; займеннікі «хто», «што», «чый», «які», «колькі»; прыслоўі «дзе», «калі», «як», «куды», «адкуль», «навошта». Важную ролю ў пабудове П.с. адыгрывае лагічны націск, які дазваляе дакладна ўказаць, якой інфармацыі не хапае («Ко́ля прыехаў?» — «Коля прые́хаў?»). Як П.с. у маўленні могуць афармляцца: рытарычны вокліч («Хто яго не ведае?!»), альтэрнатыўнае запытанне («Гэту кнігу возьмеш ці тую?»), даданая ч. складанага сказа («Я ўсё гадаў, хто мог мне тэлефанаваць»), пабуджэнне («Ты пачнеш нарэшце працаваць?!»), перапытанне-паўтор («Кажаш, ужо прачытаў? Вазьмі другі раман»), пацвярджэнне («А як жа іначай? Так і трэба было!»). У канцы П.с. ставіцца пытальнік (?).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абго́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абганяць — абагнаць (у 1 знач.).

2. Першая кругавая баразна на ворыве. [Гіляр:] — Прывязу трактар сёння і зраблю абгон.., а заўтра — за дзень, за другі — увесь будзе ляжаць бродаўскі папар дагары скібаю. Баранавых.

•••

У абгон (бегчы, ехаць і пад.) — навыперадкі, абганяючы адзін аднаго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дубле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Адзін з двух аднолькавых прадметаў; другі экземпляр якой‑н. рэчы ў калекцыі, бібліятэцы і пад. Дублет кнігі.

2. Адначасовы выстрал па адной цэлі з двух ствалоў паляўнічай стрэльбы.

3. Падроблены каштоўны камень, склеены з дзвюх частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца каштоўным каменем.

[Фр. doublet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Зайсці, заехаць да каго‑н., куды‑н., пабываць дзе‑н. [Лабановічу] самому хацелася наведацца да маці такіх слаўных дзяцей, як Лідачка і Коля. Колас. У бальніцу Зоня другі раз не прыйшла, хоць абяцала наведацца. Кулакоўскі. За тыдзень да свята Ігнат Андрэевіч наведаўся ў Мінск. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наслае́нне, ‑я, н.

1. Асадачнае ўтварэнне ў выглядзе пластоў зямлі, наслоеных адзін на другі. Геалагічныя наслаенні. Пясчанае наслаенне. // Тое, што наслоена на чым‑н. Наслаенні металаў. Наслаенне пылу.

2. перан. Новыя асаблівасці, рысы культуры, быту, характару, якія далучаюцца да старых, наслойваюцца на старыя. Новыя наслаенні ў развіцці пісьменнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуча́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. павучаць.

2. Парада, настаўленне. Асабліва безуважным быў Грышка да дзедавых павучанняў, калі недзе яго чакалі сябры... Паслядовіч. Другі раз, перш чым сказаць што, падумай, — папярэдзіў [Валодзю] Паўлік, які любіў чытаць хлопцам павучанні. Рунец.

3. Пропаведзь, прамова, якія ўтрымліваюць павучальныя парады. Сказаць павучанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пано́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад панасіць (у 2, 3 знач.).

2. у знач. прым. Пацёрты ад нашэння; не новы. Паношаны капялюш. □ Шэры, парадкам паношаны гарнітур сядзеў на.. [Калеўскім] мешкавата. Хадкевіч. На другі дзень на работу ў гарком Мірэцкі прыйшоў у паляўнічых ботах, у паношанай вайсковай форме. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадапо́шні, ‑яя, ‑яе.

Які папярэднічае апошняму, другі ад канца. Праз тыдзень пасля гэтай гутаркі Алесь, Крушына, Печка і Трайны — у чарговай перадапошняй групе няхворых — выйшлі з-за лагерных дратоў. Брыль. І вось я, Васіль Падлескі, студэнт перадапошняга курса сельскагаспадарчага інстытута, прыехаў у палескую глуш, у вялікае сяло. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)