ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКАЯ РА́ДА, Беларускі вучыцельскі саюз Гродзеншчыны,
прафесійна-палітычная арг-цыябел. настаўнікаў. Дзейнічала ў Гродне ў ліп. 1919 — крас. 1920 ва ўмовах польск. акупацыі. Узначальвалі І.Антонаў, са жн. 1919 — Л.Дзекуць-Малей. Выступала за беларусізацыю нар. асветы, арганізацыю бел. школьніцтва ў Гродзенскай губ., паліт. і сац. абарону бел. настаўніцтва; супраць абмежавання польск. ўладамі бел. асветы і паланізацыі бел. школ. Накіроўвала на вучобу на бел. настаўніцкія курсы ў Вільню настаўнікаў Гродзеншчыны. Яе намаганнямі ў 1919 1-я бел.пач. школа ў Гродне пераўтворана ў прагімназію. Падтрымлівала сувязь з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, мясц.Грамадой беларускай моладзі ў Гродне, з інш.бел. настаўніцкімі саюзамі. Паўнамоцтвы перадала Беларускай школьнай радзе ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).
Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),
беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (17.9.1914, Масква — 11.1.2001),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940). Працаваў у галінах станковай і кніжнай графікі. Творы прысвечаны Вял.Айч. вайне [«У партызанскай зямлянцы», 1943; «Прывялі «языка», «Бой у гарнізоне «Рэкта», абодва 1944; «Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў (Бацька Мінай)», 1948, «Бой з танкамі», «Подзвіг Мікалая Гастэлы», абодва 1975; «Партызанская застава», 1978; серыі «Партызаны Беларусі», 1952; «Народ і партызаны», 1972)], гісторыка-рэв. тэматыцы (серыі «Рэвалюцыйны Мінск», 1957; «Забастоўка гомельскіх рабочых», 1978; лісты «Падзел панскай зямлі. 1939 год», «Вясковая бібліятэка», абодва 1968, і інш.), мірнаму жыццю і працы («На Палескай цаліне», 1954; «Спартыўны Мінск», 1970; серыя партрэтаў рабочых МТЗ; 1976—77). Сярод жывапісных работ: «У пошуках сына» (1945), «Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год» (1982), «Прывал пад Быхавам» (1985). Аформіў кнігі П.Броўкі, У.Карпава, Я.Коласа, Я.Купалы, Л.Талстога, М.Танка, А.Якімовіча і інш. Ствараў плакаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
часопіс бел. студэнцкай моладзі дэмакр. кірунку. Выдадзены адзін нумар у чэрв. 1914 у Пецярбургу. Ставіў задачу шляхам асветы, вывучэння духоўных і прадукц. сіл Беларусі павышаць грамадскую свядомасць, гуртаваць інтэлігенцыю для служэння народу. Пафас публіцыст. выступленняў (арт. К.Голскага і Л.Будзіловіча) — адлюстраванне гаротнага становішча працаўніка, вера ў лепшую будучыню і імкненне наблізіць яе змаганнем. У арт. Б.Тарашкевіча (Тараса Язычніка) і К.Душэўскага актуальныя праблемы вывучэння культуры бел. народа — яго мовы, нар. творчасці, мастацтва. У аснове алегарычнага апавяд. «Казка аб крылах» Будзіловіча — ідэя неабходнасці служэння інтэлігенцыі занядбанай роднай зямлі. Змешчаны агляд культ.-грамадскага руху студэнтаў-беларусаў у розных гарадах Расіі, рэкламы пецярб. і віленскіх бел. выданняў.
Літ.:
Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.), Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЗВА́Л,
спецыялізаваны грузавы аўтамабіль, кузаў якога можа перакульвацца назад, убок або назад і ўбок. Найб. пашыраны С. з кузавамі бункернага, каўшовага ці універсальнага тыпу з гідраўлічным механізмам (пад’ёмнікам) перакульвання, які прыводзіцца ў дзеянне ад рухавіка аўтамабіля. Ёсць С. з пнеўматычным, пнеўмагідраўлічным прыводам, з прымусовай разгрузкай матэрыялаў з дапамогай шнэка, самазвальныя аўтапаязды (з цягача і паўпрычэпа з доннай разгрузкай). Грузападымальнасць С. да 180 т і больш. Выкарыстоўваюцца на земляных работах, пры здабычы карысных выкапняў (кар’ерныя С.) і інш. На Беларусі розныя тыпы С. выпускаюць Беларускі аўтамабільны завод (гл. таксама БелАЗ), Магілёўскі аўтамабільны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод колавых цягачоў. Гл. таксама Думпер.
Самазвалы 1 — МАЗ-525 (1950); 2 — «Волат» (Мінскага завода колавых цягачоў); 3 — МаАЗ-750516 (Магілёўскага аўтамабільнага завода); 4 — чатырохвосевы з пад’ёмнай сярэдняй воссю «Фрэйтлайнер» (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ТЭАТРА́ЛЬНЫХ ДЗЕ́ЯЧАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,
добраахвотная грамадская творчая арганізацыя работнікаў тэатра Беларусі: артыстаў, рэжысёраў, балетмайстраў, дырыжораў, хормайстраў, мастакоў, тэатразнаўцаў і інш. Створаны ў 1987 на базе Бел.тэатр.т-ва (засн. 7.6.1946), з 1994 наз.Бел. саюз тэатр. дзеячаў. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд, выканаўчы — рада. З’езды адбыліся ў 1987, 1992, 1997, 1999. Старшыні — Л.Александроўская (з 1946), М.Яроменка (з 1976), А.Дудараў (з 1992). Мае на мэце садзейнічанне развіццю бел.сцэн. мастацтва, стварэнне спрыяльных умоў для творчасці дзеячаў тэатр. мастацтва, правядзенне творчых вечароў, бенефісаў, тэатр. свят, ушанаванне памяці выдатных прадстаўнікоў тэатр. мастацтва Беларусі. Арганізоўвае канферэнцыі, лабараторыі і семінары па пытаннях тэорыі і практыкі тэатр. мастацтва. Арганізоўвае і праводзіць фестывалі, выстаўкі, аўкцыёны, канцэрты і інш. Ажыццяўляе выдавецкую і рэкламную дзейнасць. На 1.2.2001 у С.т.дз.Б. 1055 членаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРГІЕ́НКА (Раіса Іванаўна) (н. 10.7.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. музыказнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1968). З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Навук. працы па тэарэт. праблемах музыкі 20 ст., у т. л. «Выканальніцкая інтэрпрэтацыя музычнага твора» (1992), «Гукавышынная аснова музычнай кампазіцыі XX ст.» (1998) і інш.
Тв.:
Новыя аспекты гукавышыннай арганізацыі ў беларускай музыцы 60-х гг. // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. 1993. № 12;
Беларускі музычны авангард на рубяжы апошніх дзесяцігоддзяў XX ст.: гукавышынная арганізацыя і сучасныя віды кампазіцыйнай тэхнікі // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997;
Кампазітары Беларусі. Мн., 1997 (разам з Т.Г.Мдзівані);
Тембр музыкального звука: новые измерения // Музыкальное искусство на рубеже столетий. Мн., 2000;
Высота и звуковой мир современной музыки // Теоретические проблемы музыки XX в. Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калма́тка ’расліна жабнік, Filago arveusis’ (БРС, ТСБМ). Адпаведнікаў у гаворках як быццам няма; беларускі наватвор ад калматы(yju). Адносна семантыкі параўн. бел.брэсц.касмотка ’тс’, магчыма гродз.барадач, укр.оповст полевий. Семантыка утварэння празрыстая: розныя часткі расліны пакрыты тоненькімі валаскамі. Разам з тым звяртае увагу, што ў шэрагу сінонімаў у большай меры падкрэсліваюцца лекавыя уласцівасці расліны (бел.гарлянка, укр.горлянка) і іншыя яе асаблівасці, так што, магчыма, назва з падобнай семантыкай можа быць істотнай пры ўстанаўленні сепаратных сувязей бел. і іншаславянскай лексікі. На жаль, у канкрэтным выпадку гэта зрабіць не вельмі лёгка, паколькі назвы з падобнай матывацыяй для блізкіх раслін сустракаюцца даволі шырока, параўн. бел.віц.пух для Лпіеппагіа, чэш.мар.myśl uško для Gnaphalium і да т. и.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»
(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.