Склон 1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.
Склон 2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скры́дла ‘крыло’ (Байк. і Некр.; воран., Шатал.), скры́длы мн. л. ‘тс’ (Сцяшк., Інстр. 2), скры́дла, скры́дло, скры́длы, скры́для ‘крыло’, ‘рагач у калаўроце’ (паст., смарг., гродз., шальч., Сл. ПЗБ), скрыдэ́лка памянш. (лаг., КЭС), скры́далкі ‘плаўнікі’ (рас., Шатал.), сюды ж скра́дла ‘крылле’: пявун як замахае сваім скрадлам (Мат. Гом.). З польск. skrzydło ‘крыло’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 83). Ст.-бел. скридло, скрыдло кан. XVI — пач. XVII ст., з ст.-польск. (Булыка, Лекс. запазыч., 204). Гл. крыло.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сле́сар ‘рабочы-металіст’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Пятк. 1), слёсар ‘тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сло́сар ‘тс’ (Сцяшк.), сляса́р ‘тс’ (Ласт.). Ст.-бел. слесаръ, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 89), праз ст.-польск. ślosarz з ням. Schlosser ‘тс’; паводле Новавейскага (Zapożyczenia, 11), польск. ślusarz з с.-в.-ням. sloʒʒer ‘тс’. Параўн. яшчэ ст.-бел. слосар ‘тс’ (Вярхоў, Наз., 17). Варыянтнасць у народнай і літаратурнай мове сведчыць аб розных крыніцах запазычання і розных ступенях адаптацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сме́лы ‘які не паддаецца страху; храбры, адважны’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), сме́ліць ‘рабіць смелым’ (Нас., Ласт.). Укр. смі́лий, рус. сме́лый, польск. śmiały, чэш. smělý, славац. smelý, серб.-харв. сме̏о, славен. smẹ̑l (з серб.-харв.), балг. смел. Прасл. *sъmělъ, першапачаткова дзеепрыметнік прошлага часу на ‑l‑ ад дзеяслова *sъměti (гл. смець); Бернекер, 2, 47; Праабражэнскі, 2, 341–342; Фасмер, 3, 684; Сной₁, 584–585; Махэк₂, 560; Рэйзак, 585; Борысь, 617.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спражэ́нне ‘змяненне дзеяслова па асобах, ліках і часах’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Калька лац. coniugatio ‘тс’. У якасці адпаведнай формы для калькавання дзеяслова магло паслужыць ст.-бел. спрягнути ‘злучыць, змацаваць’ (Ст.-бел. лексікон), што мае аналагічную семантыку, гл. спрагаць. Мяркуецца, што ўзорам паслужыла польск. sprężenie ‘coniugatio’ (1542), суадноснае з sprzężenie ‘запрэжка’, чэш. spřeženie ‘тс’, гл. Каранчэўскі, Polska term. gram., 10; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 336. У якасці лінгвістычных аналагічныя тэрміны замацаваліся, акрамя ўсходнеславянскіх, у балгарскай мове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стрэ́льба ‘ручная агнястрэльная зброя з доўгім ствалом’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС), ‘паляўнічая зброя’ (Пятк. 1), стрэ́лбла ‘тс’ (рэч., Яшк. Мясц.), стральба́ ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр.). Параўн. укр. стре́льба ‘тс’, польск. strzelba ‘тс’, якое, па сведчанні Брукнера (522), першапачаткова значыла ‘страляніна’, а ‘гатунак зброі’ пачало абазначаць з XVII ст. Рэгіянальная інавацыя, магчыма, узнікшая на базе польскай мовы, параўн. польск. strzelba ‘страляніна, кананада’, балг. стрелба́ ‘стральба’, макед. стрелба ‘тс’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суддзя́ ’службовая асоба ў судзе, якая выносіць прыгавор’, ’чалавек, які выказвае суджэнне, думку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шымк. Собр.), судзья́, судзя́ ’суддзя; хто знеслаўляе, ганьбіць’ (Сл. ПЗБ), судзья́ ’суддзя’ (ТС), ст.-бел. судья ’тс’ (XIV ст., КГС). Укр. суддя́, рус. судья́, стараж.-рус. судіꙗ, суди, судии, ст.-польск. sędziá, чэш. sudí, серб.-харв. су́дија, славен. sọdij, балг. съдия́, макед. судија, ст.-слав. сѫди, сждии. Прасл. *sǫdьji — назва выканаўцы дзеяння ад *sǫditi, гл. судзіць (Борысь, 542).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сулды́га ’частка нагі ад калена да пяткі’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ’вялікая костка’, перан. ’нага’ (Юрч.), сулды́жжа зборн. (мсцісл., З нар. сл.), сулды́жка ’частка рукі ад пляча да локця’, ’ніжняя частка галёнкі’ (Мат. Маг.), ’костка, масол’ (Бяльк.), ’вялікая костка’ (Юрч. Вытв.). Укр. дыял. сулды́га ’шчыкалатка’. З *sǫ‑lъdyga (гл. ладыга) (Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285; ЕСУМ, 5), роднаснае *lydъka (гл. лытка), адлюстроўвае карнявы вакалізм у ступені рэдукцыі (Слаўскі, 5, 391; Бязлай, 2, 145).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суса́к ’вадзяная ці балотная расліна, Butomus L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’банцушнік парасонавы, Butomus umbellatus L.’ (Некр. і Байк.). Цюркізм, але дакладная крыніца не вызначаны Мяркулава (Очерки, 55–56) параўноўвае з баш. сǝскə ’кветка’, чув. çеçке, тат. сǝсǝк ’тс’, таму што расліна цвіце прыгожымі ружовымі кветкамі; як вадзяная расліна звязваецца з тур. susak ’вядро, коўш’, кірг. сууса ’хацець піць’, тат. сусау ’тс’ (Дзмітрыеў, Строй, 544). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 482. Беларускае, відаць, з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сці́біць ’падхапіць, украсці’ (Варл., Кал.), сцы́біць, зьдзі́біць ’тс’ (Некр. і Байк.), сці́брыць ’тс’ (Касп., Бяльк., Растарг.), сці́брыты ’тс’ (Сл. Брэс.), сцы́брыць ’тс’ (Мат. Гом.), сці́бчыць ’тс’ (Жд. 3), сюды ж, відаць, сці́біцца ’ўшчамляцца, лезці’ (трак., Сл. ПЗБ); паводле аўтараў слоўніка, з літ. stiẽbtis ’выцягвацца’ (Сл. ПЗБ, 5, 39), што няпэўна. Параўн. рус. сти́брить ’тс’ і ’з’есці’. Няясна (Фасмер, 3, 759); паводле Горбача (Арго, 31), аргат. зци́брить ’украсці’ з цыган. тэ стырдэс ’тс’. Гл. цібрыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)