сістэма мер царскага ўрада, накіраваных на ліквідацыю феад. залежнасці дзярж. сялян у Еўрап. Расіі. У рас. губернях, на Левабярэжнай і Паўд. Украіне праводзілася паводле закону ад 24.11.1866, у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве адпаведна закону ад 16.5.1867. Землеўладкаванне дзярж. сялян было арганізавана на тых жа пачатках, што і б. панскіх сялян у Беларусі, Правабярэжнай Украіне і Літве. Яны былі пераведзены на абавязковы выкуп і прылічаны да разраду «сялян-уласнікаў». За сялянамі замацоўвалі надзелы, што знаходзіліся ў іх пастаянным карыстанні. Сума штогадовых выкупных плацяжоў вызначалася велічынёй штогадовага аброчнага падатку, павялічанага на 10%. Тэрмін пагашэння выкупнога доўгу складаў 46 гадоў. Пазыкі ад казны б.дзярж. сяляне не атрымлівалі. Да зацвярджэння люстрацыйных актаў яны абавязаны былі па-ранейшаму плаціць аброчны падатак, а зямельныя надзелы заставаліся толькі ў іх карыстанні. У выніку рэформы надзельнае землеўладанне б.дзярж. сялян павялічылася ў 5 зах. губернях на 613 656 дзес. і перавышала надзелы былога прыватнаўласніцкага сялянства ў разліку на рэвізскую душу ў сярэднім на 24,5%, на двор — на 20,8%. Выкупныя плацяжы б.дзярж. сялян адпавядалі мясц. рыначным цэнам на зямлю і былі прыкметна ніжэйшыя, чым у б. панскіх сялян.
В.П.Панюціч.
Да арт.Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР. Сцэна са спектакля «Глыбокія карэнні» Дж.Гоу і А.Д’Юса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМНО́,
гаспадарчая пабудова для сушкі і захоўвання снапоў, саломы, сена і апрацоўкі збажыны. Здаўна вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, Прыбалтыцы і інш. На Палессі гумно наз. клуняй, на Віцебшчыне і Пн Магілёўшчыны — токам, у зах. раёнах Беларусі — стадолай. Будавалі пераважна з бярвён, у плане былі прамавугольныя (найб. пашыраныя), квадратныя, шматвугольныя, са скразным праездам. Бярвёны не падганялі шчыльна адно да аднаго для натуральнай цыркуляцыі паветра. Асн. часткі гумна: ток (выбітая глінай пляцоўка, дзе малацілі) і адсекі па баках (для захоўвання снапоў, саломы, сена). Знадворку рабілі прыбудовы для мякіны. Былі 2 тыпаў: з сушнямі (асець ці еўня) і без іх. Пазней да гумна прыбудоўвалі манеж — конную малатарню. Стрэхі гумна былі высокія, 2-схільныя, вальмавыя, пірамідальныя каркаснай канструкцыі на сохах ці на кроквах, накрывалі іх саломай, чаротам, драніцамі, гонтай. Сял. гумны былі даўж. 7—23 м, шыр. 5,5—18,5 м, з 1 або 2 варотамі, у фальварках значна большыя, з 4—6 варотамі, 2—3 такамі. У гумне кантрастна спалучаліся нізкія сцены і высокі дах. У Зах. Палессі іх будавалі і зусім без сцен (высокая страха, пастаўленая на зямлю).
С.А.Сергачоў.
Гумно ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.Гумно ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.Т.Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн.м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,
кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31′, 7; L=29°02′, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай
, дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад.дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж.геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцыяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. прызначэння.
А.А.Саламонаў.
Група вучоных — вызначальнікаў геаграфічнага цэнтра Беларусі.Фрагмент карты маштабу 1:200 000 з пазначэннем геаграфічнага цэнтра Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬЦЫН (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.2.1931, с. Бутка Таліцкага р-на Свярдлоўскай вобл., Расія),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (Свярдлоўск, 1955). З 1955 працаваў у буд. арг-цыях, з 1963 гал. інжынер, дырэктар Свярдлоўскага домабуд. камбіната. У 1968—88 на парт. рабоце: з 1976 1-ы сакратар Свярдлоўскага абкома, з 1985 сакратар ЦККПСС, 1-ы сакратар Маскоўскага гаркома КПСС, з 1986 канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС. З 1987 1-ы нам. старшыні Дзяржбуда СССР — міністр СССР. З 1989 нар. дэпутат СССР. У 1990 выйшаў з КПСС. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета РСФСР. З чэрв. 1991 першы Прэзідэнт Рас. Федэрацыі (выбраны 12.6.1991; 3.7.1996 выбраны на другі тэрмін). У снеж. 1991 разам з кіраўнікамі Беларусі і Украіны падпісаў Белавежскія пагадненні, быў адным са стваральнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ініцыятар пачатай у студз. 1992 радыкальнай эканам. рэформы. У адпаведнасці з яго ўказам «Аб паэтапнай канстытуцыйнай рэформе ў Рас. Федэрацыі» (вер. 1993) ліквідавана сістэма Саветаў. У снеж. 1993 прынята новая Канстытуцыя Рас. Федэрацыі і выбраны парламент — Федэральны Сход Рас. Федэрацыі. 2.4.1996 Е. і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падпісалі Дагавор аб Супольніцтве Беларусі і Расіі, 2.4.1997 — Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі.
Тв.:
Записки президента. М., 1994;
Бел.пер. — Споведзь на зададзеную тэму. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЖКА ((Žizka) Ян) (каля 1360, Троцнаў, Чэхія — 11.10.1424),
чэшскі нац. герой, палкаводзец перыяду гусіцкіх войнаў. З дробнай шляхты. У 1406—09 удзельнічаў у паўстанцкай вайне супраць паноў у Паўд. Чэхіі. З 1409 на службе ў польск. караля Ягайлы; прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410. У 1414 пры двары Вацлава IV. Адзін з кіраўнікоў паўстання жыхароў Новага Месца ў Празе 30.7.1419. Першыя перамогі атрымаў у пач. 1420 каля Некаміржа і Судамержа. Вызначыўся 14.7.1420 пры абароне Віткавай гары каля Прагі. Саснеж. 1420 першы гетман табарытаў. На Часлаўскім сейме 1.6.1421 выбраны ў ліку 20 правіцеляў Чэшскай зямлі. Выразнік інтарэсаў дробнай шляхты і мяшчан-гусітаў, падтрымліваў «Чатыры пражскія артыкулы». У ліп. 1421 пры аблозе замка Рабі Ж. страціў зрок. У час 3-га крыжовага паходу супраць гусіцкай Чэхіі ў 1422 разбіў ням. войска каля Кутна-Горы і Нямецкі-Броду. У пач. 1423 парваў з радыкальнымі табарытамі і заснаваў ва Усх. Чэхіі Малы Табар. 7.6.1424 разбіў войска пражан і паноў каля Малешава. Памёр ад чумы ў час аблогі г. Пршыбіслаў.
Літ.:
Ревзин Г.И. Ян Жижка. [М.], 1952;
Мацек Й. Табор в гуситском революционном движении: Пер. с чеш. Т. 2. М., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМБЕ́ЗІ (Zambezi),
рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл.бас. 1330 тыс.км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс.км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі саснеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс.м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),
рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.
Тв.:
Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг.Т. 1—2. М., 1992;
Путь к очевидности. М., 1993;
Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т [ад лац. immunitas (immunitatis) вызваленне ад чаго-н.) у жывёл і чалавека, сукупнасць ахоўна-адаптацыйных рэакцый, накіраваных на ахову арганізма ад шкоднага дзеяння паразітаў, іншародных рэчываў і клетак антыгеннай прыроды.
Паняцце «І.» вядома са старажытнасці. У 1798 англ. ўрач Э.Джэнер даказаў магчымасць прышчэпак супраць воспы для выпрацоўкі І. Уласцівасць клетак крыві і розных тканак арганізма паглынаць мікробы і іншародныя целы адкрыў рус. мікрабіёлаг І.І.Мечнікаў (гл.Фагацытоз). Гумаральныя фактары І. (бактэрыцыдныя ўласцівасці сывараткі крыві) адкрылі ням. эпідэміёлагі Э.Берынг, Г.Бухнер, П.Эрліх і франц. эпідэміёлаг Э.Ру. Адрозніваюць І. прыроджаны і набыты. Прыроджаны неспецыфічны І. — відавая ўласцівасць, якая перадаецца ў спадчыну. Забяспечваецца імуннымі (фагацыты і інш.) і неімуннымі (бар’ерныя і процімікробныя ўласцівасці скуры і слізістых абалонак, нармальная мікрафлора і інш.) фактарамі. Набыты — індывід. ўласцівасць; выпрацоўваецца на працягу жыцця, характарызуецца інтэграваннем фактараў прыроджанага І. і набыццём дадатковых ахоўных фактараў (антыцел — імунных глабулінаў, антывірусных клетачных злучэнняў). Узнікае пасля інфекц. хвароб, вакцынацыі (актыўны І.), пасля ўвядзення імунных сываратак, пры перадачы спецыфічных антыцел плоду ад маці (пасіўны І.). Паводле механізма перадачы адрозніваюць І. клетачны і гумаральны, па распаўсюджанасці — агульны і мясц., па сувязі з узбуджальнікамі хваробы — постінфекц. і інфекц., па накіраванасці — антытаксічны, антыбактэрыяльны, антывірусны, антыгрыбковы, антыпаразітарны, трансплантацыйны. проціпухлінны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС УЗРО́ЎНЮ ЖЫЦЦЯ́,
паказчык, што адлюстроўвае якасныя адносныя змены матэрыяльнага дабрабыту, сац. і культ. кошту ўмоў жыцця насельніцтва ў сувязі са зменамі цэн на тавары і паслугі. Вызначаецца даходамі насельніцтва, якія падзяляюцца на сукупныя, намінальныя, распараджальныя, канчатковыя, рэальныя. Абагульняльным паказчыкам узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго матэрыяльных і духоўных патрабаванняў з’яўляюцца рэальныя даходы насельніцтва, што характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт, якія набыты на гэтыя даходы і выкарыстоўваюцца ў выніку атрымання платных і бясплатных паслуг. Іх узровень залежыць ад памераў канчатковых даходаў насельніцтва, што атрымліваюцца за пэўны прамежак часу (сукупных даходаў за вылікам з іх падаткаў, розных грашовых збораў, узносаў і інш. абавязковых плацяжоў) і цэн на прадметы спажывання і паслугі. Пры росце даходаў і нязменным узроўні цэн рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца, а пры нязменным памеры даходаў і росце цэн зніжаюцца. Змяненне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва вымяраецца індэксам рэальных даходаў насельніцтва, які вызначаецца суадносінамі памераў гадавых рэальных даходаў насельніцтва ў цэнах базіснага перыяду. У выпадках, калі грашовыя расходы насельніцтва на пакупку тавараў, аплату паслуг павялічваюцца больш хуткімі тэмпамі, чым рэальныя даходы, мае месца рост цэн і, як вынік, зніжэнне І.у.ж. Павелічэнне расходаў на падтрыманне фіксаванага ўзроўню жыцця выклікае неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер, што выяўляецца ў індэксацыі даходаў. Гл. таксама Індэкс кошту жыцця.