ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел.нар.муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛІ́ЧНІК,
часціна мовы, якая аб’ядноўвае словы, што выражаюць пачуцці і пабуджэнні, але не называюць іх. Вызначаецца нязменнай формай, не мае самаст. лексічнага і граматычнага значэння, марфалагічна непадзельны, сінтаксічна не звязаны з членамі сказа, а адносіцца да зместу ўсяго сказа, напр.: «О, колькі песень з сэрца рвецца!» (Я.Купала).
У бел. мове сярод выклічнікаў выдзяляюцца: паводле структуры — простыя («а!», «ой!», «ух!», «эй!», «ого!»), састаўныя («вось яно што!», «да пабачэння!», «вось табе і на!»); паводле паходжання — невытворныя («э!», «ай!», «ох!», «но!», «гм!»), вытворныя («бацюхны!», «дудкі!», «айда!»); паводле значэння — эмацыянальныя («о!», «у!», «ах!», «эх!», «эге!»), імператыўныя («ша!», «ну!», «гэй!», «цыц!»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Георгій Мікалаевіч) (19.2.1865, с. Мікітаўка Сумскай вобл., Украіна — 6.4.1940),
савецкі глебазнавец, лесавод і геабатанік; адзін з заснавальнікаў навук. стэпавага лесаразвядзення і лесамеліярацыі; заснавальнік лясной доследнай справы на Беларусі. Акад. УАСГНІЛ (1934) і АН УССР (1939). Скончыў Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1890). У 1923—25 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі; у 1924—26 заг. Мінскай (з 1926 Цэнтральнай) лясной доследнай станцыі. На Беларусі праводзіў метэаралагічныя і гідралагічныя даследаванні, паклаў пачатак навук. тыпалагічнай класіфікацыі лясоў, даў геабат. характарыстыку расліннасці на Пд рэспублікі. Навук. працы па ахоўным лесаразвядзенні, глебавай гідралогіі, ландшафтазнаўстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРО́ЎКІН (Міхаіл Лаўрэнцьевіч) (1825—20.2.1896),
бел. вучоны-архівіст, археограф. У 1839—47 вучыўся ў Полацкай духоўнай семінарыі. У 1847—53 выкладаў у духоўным вучылішчы ў Віцебску, працаваў у Полацкай духоўнай кансісторыі, віцебскіх губ. праўленні, губ. стат. к-це. З 1888 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. Адзін са складальнікаў і рэдактараў (в. 17—26) «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў». У каментарыях да дакументаў падкрэсліваў ролю правасл. царквы ў гісторыі Беларусі 16—17 ст. Публікацыю інвентароў суправаджаў уласнымі падлікамі агульнага даходу маёнткаў, колькасці сялян, велічыні іх надзелаў і павіннасцей і інш. Аўтар вершаў і баек (друк. ў газ. «Витебские губернские ведомости»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́БАР ((Gábor) Андар) (24.1.1884, в. Уйнеп, Венгрыя — 20.1.1953),
венгерскі пісьменнік. Скончыў Будапешцкі ун-т. У 1920—50 у эміграцыі, у 1933—45 у СССР. Літ. дзейнасць пачаў у 1900. Аўтар зб-каў вершаў «Арговань» (1920), «Таму што ганьба жыць і не заклікаць» (1923), рамана «Доктар Ніхто» (т. 1—2, 1946), сатыр. п’есак і фельетонаў («Пешцкія рыданні. Кніга пра вялікі горад», 1912) і інш. Пераклаў на венг. мову бел.нар. песні «Маё жаданне», «З-за лесу сонца ўсходзіць...», вершы Я.Купалы «Абвілася краіна...», «А хто там ідзе?», «Выйдзі...», «Выпраўляла маці сына», «Хвалююцца морскія хвалі...», «Гэй наперад!» і інш. Аўтар арт. «Янка Купала, беларускі паэт» (1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́ЛІС (Алена Андрэеўна) (н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл.драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.К.Талстога і П.Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШУ́Н (Іван Васілевіч) (н. 29.9.1946, в. Пятровічы Бабруйскага р-на),
бел. матэматык. Акад.АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1989), д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1984 заг. лабараторыі, з 1985 намеснік дырэктара, з 1992 дырэктар гэтага ін-та. Навук. працы па дыферэнц. ураўненнях, працэсах кіравання і метадах матэм. мадэлявання. Распрацаваў агульныя прынцыпы даследавання ўстойлівасцей дынамічных сістэм, тэорыю ўраўненняў у поўных вытворных, метады даследавання сістэм кіравання ў функцыян. прасторах.
Тв.:
Вполне разрешимые многомерные дифференциальные уравнения. Мн., 1983;
Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;
Многопараметрические системы управления. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАЧО́Ў (Павел Якаўлевіч) (15.12.1917, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1972),
двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945), ген.-маёр авіяцыі (1957). Скончыў Адэскую ваен.авіяц. Школу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1951), Акадэмію Генштаба (1959). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Сталінградскім, 4-м Укр., 3-м і 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, эскадрыллі знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Адэсы, Сталінградскай бітвы, вызвалення Данбаса, Крыма, Беларусі, Усх-Прускай і Берлінскай аперацый. Зрабіў 457 баявых вылетаў, правёў 125 паветр. баёў, збіў 43 самалёты праціўніка. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. У Гомелі і Буда-Кашалёве помнікі Галавачову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧАНКА (Надзея Іванаўна) (30.9 1905, г. Керч, Украіна — 5.7.1990),
бел. графік. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931) і Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1948). Выкладала ў Мінскім маст. вучылішчы (1950—60). Працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі. Аўтар твораў, якія вылучаюцца актыўным, дасканалым малюнкам, гарманічным колерам, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў: аўтапартрэт (1944), партрэты «Лётчык», «Герой Савецкага Саюза» (абодва 1946), «Брыгадзір Макаранка» (1953), Я.Маўра (1956), І.Мележа (1957), П.Глебкі, М.Міхалапа (абодва 1958) і інш. Сярод інш. работ: «Ліст ад унука», шэраг пейзажаў.
Літ.:
Н.І.Галоўчанка / Аўтар тэксту Т.Ф.Ляўкова. Мн., 1983.