птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від. Жыве ў старых лісцевых і мяшаных лясах, якія чаргуюцца з адкрытымі мясцінамі. Занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Вял. арол, даўж. цела 72—84 см, размах крылаў каля 2 м, маса 2,5—3 кг. Самкі большыя за самцоў. Дарослыя птушкі цёмна-бурай афарбоўкі, галава вохрыстая або белаватая, на плячах белыя плямы. Дзюба масіўная, моцная. Гнёзды з тоўстых галін на верхавінах высокіх дрэў. Нясе 2 (радзей 3) белыя яйцы. Корміцца пераважна дробнымі млекакормячымі, птушкамі, мярцвячынай. Карысны для сельскай і лясной гаспадаркі (знішчае шкодных грызуноў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́ННІК, аройнік,
арум (Arum),
род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на ПдЕўрап.ч.б.СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр.бат. сада АН.
Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Маларыта, за 17 км на Паўднёвы Захад ад горада Маларыта. Плошча 4,6 км², даўжыня 5,2 км, найбольшая шырыня 2,1 км, найбольшая глыбіня 2,1 м. Плошча вадазбору 291 км².
Катлавіна плоская, сподкападобная, выцягнутая з Паўднёвага Захаду на Паўночны Усход. Берагі нізкія, забалочаныя, на Поўнач і Паўночны Захад сплавінныя. На Усходзе марэнныя ўзгоркі вышынёй 3—4 м. Прыбярэжныя ўчасткі дна высланы пяском, глыбей — сапрапелем. Моцна зарастае. Расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шырынёй 150—200 м, каля заходняга і паўночна-заходнягя берагоў развіваецца сплавіна. Каналамі злучана з ракой Маларыта і возерам Олтушскае. У выніку меліярацыі ўзровень возера знізіўся на 1,5 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАКО́ВЫЯ (Cyperaceae),
сямейства аднадольных раслін з парадку асакакветных. Каля 90 родаў, больш за 3,5 тыс. відаў. Касмапаліты, пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 15 родаў (найб. вядомыя асака, балотніца, чарот), 92 віды.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны, вельмі рэдкія (у тропіках) дрэвападобныя формы. Сцябло трохграннае або круглаватае. Лісце лінейнае, плоскае ці згорнутае, утварае замкнёную вакол сцябла похву. Кветкі дробныя, двух- або аднаполыя, адзінкавыя ці ў каласках, сабраных у рознага тыпу суквецці. Плод — арэшкападобны, трохгранны ці пляскаты. Асаковыя — асноўныя ўтваральнікі торфу, кармавыя, харч., лек., тэхн. і дэкар. расліны.
Літ.:
Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КЕРАМІ́КА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымленыя (т.зв. сінія), з 1930-х г. паліваныя рэчы. Акрамя сталовага, кухоннага, тарнага посуду выраблялі дэкар. дробную пластыку, цацкі. Своеасаблівасць маст. аблічча бабруйскай керамікі вызначалі мясц. сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхнал. ўзровень вытворчасці. Бабруйскую кераміку вылучаюць прапарцыянальны строй і прыёмы фармоўкі, спалучэнне бясколерных празрыстых глазураў з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне адводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак. У Бабруйску працуе цэх маст. керамікі, дзе акрамя ганчарнага спосабу фармоўкі існуе адліўка і прасаванне, наладжаны выпуск рэчаў з ангобнай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДА́Н (Bergenia),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Азіі. На Беларусі 1 інтрадукаваны від — бадан таўсталісты (Bergenia crassifolia). Радзіма Сібір, Алтай, Д.Усход. Выкарыстоўваецца як дэкар. расліна — для рабатак, камяністых участкаў і групавых пасадак.
Шматгадовая травяністая расліна з пакарочаным сцяблом выш. да 50 см і тоўстым наземным паўзучым карэнішчам. Лісце буйное, скурыстае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках, захоўваецца зімой. Кветкі чырвоныя або белыя, сабраныя па 20—40 у мяцёлчата-шчыткападобныя суквецці. Плод — сухая шматнасенная каробачка. Лек., харч. і тэхн. расліна. Мае дубільныя (6—30%) і фарбавальныя рэчывы; адна з крыніц атрымання таніну, гідрахінону, галавай к-ты, арбуціну. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю — т.зв. «мангольскі чай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш.Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс.га.
Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у т. л. кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫ́ЛІК (Цыпрыян) (1535?, г. Серадз, Польшча — пасля 1600),
паэт, перакладчык, кампазітар, кнігавыдавец. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Прыблізна з 1556 адзін з кіраўнікоў капэлы канцлера ВКЛ М.Радзівіла Чорнага. Складаў рэліг. песнапенні (выдадзены асобнымі кніжкамі ў Брэсце ў 1556, 1558, 1559). У 1560—70-я г. ўладальнік і кіраўнік Брэсцкай друкарні. У некаторыя кнігі ўключаў свае вершы. Аўтар паэмы «Надпіс на помніку П.Сецыгнеўскага» (1570). Пераклаў з лац. мовы на польск. і выдаў «Гісторыю жорсткіх ганенняў царквы Божай» (1567, з А.Воланам), творы М.Барлетці пра Г.Скандэрбега (1569), М.Олаха «Пра Атылу, караля угорскага» (Кракаў, 1574; рукапіс бел. перакладу каля 1580) і А.Маджэўскага Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Лоск, 1577).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАПЛА́ВЫ (Amphipoda),
разнаногія, атрад беспазваночных жывёл кл. ракападобных. У сусв. фауне каля 4500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах, некаторыя ў вільготнай глебе, падземных водах усяго свету. На Беларусі ў азёрах, рэках, крыніцах жывуць 5 відаў, з іх бакаплаў Паласа і понтапарэя занесены ў Чырв. кнігу.
Цела даўж. 0,3—28 см, сціснутае з бакоў, сегментаванае, бясколернае, жаўтаватае, зеленаватае, сіняе, чырвонае, стракатае. Ногі грудных сегментаў розныя (адсюль другая назва), ногі брушных сегментаў плавальныя і скакальныя. Раздзельнаполыя. Яйцы выношваюць у вывадковай камеры. Жывуць 1—6 гадоў. Усёедныя, ёсць драпежнікі. Корм для рыб, птушак, цюленяў, кітоў. Уваходзяць у склад крыля. Выкарыстоўваюцца ў аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каляв. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.