комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.
Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш.с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.
Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г.н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г.ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.
Літ.:
Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;
Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СА,
горад на Украіне, цэнтр Адэскай вобласці 1086,7 тыс.ж. (1993). Буйны міжнар. порт на Чорным моры. Чыг. вузел. Прамысловасць: машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны, цяжкія краны, вытв-сць халадзільнага, мед., гандл., паліграф. абсталявання), хім. (суперфасфат, лакі і фарбы), нафтаперапр., хім.-фармацэўтычная, харч. (цукрова-рафінадная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная і інш.), лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая і інш.).
На тэр.сучаснай Адэсы паселішча і гарадзішча існавалі да н.э. У час Кіеўскай Русі тут жылі ўсх.-слав. плямёны улічаў і ціверцаў. У 1239—40 паселішча захоплена мангола-татарамі. З пав. 15 ст. ў складзе ВКЛ. Пад назвай Хаджыбей упамінаецца ў 1415. У 1764 туркі пабудавалі тут крэпасць Ені-Дунья (Новы свет), якая паводле Яскага мірнага дагавора 1791 адышла да Расіі. У 1795 Хаджыбей перайменаваны ў Адэсу. З 1805 Адэса — адм. ц. Новарасійскага краю, з 1825 цэнтр павета Херсонскай губ. З 1932 цэнтр Адэскай вобл. У 1817 засн. ліцэй (гл.Адэскі універсітэт), у 1825 гіст.-археал. музей, у 1830 публічная б-ка. За гераізм у Вял.Айч. вайну (гл.Адэсы абарона 1841, Адэская аперацыя 1944) прысвоена званне горада-героя (1945).
У 1917 у Адэсе і Адэскай акр. знаходзілася больш за 100 тыс. беларусаў з мясц. насельніцтва, бежанцаў 1-й сусв. вайны і салдат Румынскага фронту. У 1917—20 тут дзейнічалі арг-цыі «Беларускі гай», Бел. вайсковая рада, Бел.нац. рада і абраны ёю Бел.нац. камісарыят, выходзіла газ. «Белорусы в Одессе». Сярод актыўных чл. гэтых арг-цый бел. дзеячы А.Ф.Адамовіч, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак, С.М.Некрашэвіч і інш.
У аснове рэгулярнага плана Адэсы 1794 (інж. Ф.Дэвалан) 3 восевыя магістралі, якія выходзяць да Прыморскага бульвара, забудаваныя ў стылі класіцызму. Цэнтр. ансамбль — паўкруглая плошча з помнікам А.Э.Рышэлье (1828, скульпт. І.Мартас); ад плошчы да мора вядзе манум. Пацёмкінская лесвіца (1841, арх. Ф.К.Бофа). У 1884—87 узведзены будынак тэатра оперы і балета (арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). У Адэсе працавалі арх. А.Мельнікаў, А.Бернардацы, Тама дэ Тамон і інш. Сярод арх. помнікаў: палацы Патоцкага (1805—10, цяпер Маст. музей), Гагарыных (1842, цяпер Літ. музей), Новая біржа (1894—99, цяпер філармонія), пасаж (1899—1903). Адэса забудоўваецца паводле ген. плана 1966. Пабудаваны марскі вакзал (1966), гасцініца «Чорнае мора» (1972), Палац спорту (1976), Тэатр муз. камедыі (1981) і інш. Музеі: Археал., Мастацкі, Літаратурны, Зах. і ўсх. мастацтваў; Адэскі універсітэт, мед., пед., політэхн., інжынераў марскога флоту ін-ты і інш. У Адэсе буйны турысцкі цэнтр, пункт марскіх круізаў (у т. л. замежных), турысцкі комплекс «Адэса» на курорце Аркадзія.
Марскі вакзал у Адэсе.Адэса. Тэатр оперы і балета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, якая распрацоўвае і вырабляе сродкі аўтаматызацыі матэм. вылічэнняў, апрацоўкі інфармацыі і кіравання (напр., электронныя вылічальныя машыны, вылічальныя сістэмы, комплексы, іх перыферыйнае абсталяванне) у розных галінах дзейнасці чалавека; навука аб прынцыпах пабудовы, дзеяння і праектавання гэтых сродкаў. Вылічальная тэхніка пашырана ў вылічальных цэнтрах, сістэмах сувязі, сістэмах навігацыі плавальных і лятальных апаратаў, касм. аб’ектаў і інш., сістэмах аўтам. кіравання для збору, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі, інфарм. пошукавых сістэмах і інш. Сістэмы кіравання з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі бываюць вялікімі сістэмамі, што ахопліваюць усю краіну, раён, галіну прам-сці цалкам або групу прадпрыемстваў, і лакальнымі, якія дзейнічаюць у межах аднаго з-да або цэха. Кірункі сучаснай вылічальнай тэхнікі: фіз.-тэхн. асновы элементнай базы вылічальнай тэхнікі; архітэктура ЭВМ; матэматычнае забеспячэнневыліч. сістэм і комплексаў; выкарыстанне сродкаў вылічальнай тэхнікі (гл.Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызаваная сістэма кіравання).
Першыя прыстасаванні для механізацыі вылічэнняў (абак, кітайскі суанпан, лічыльнікі і інш.) вядомыя з глыбокай старажытнасці, вылічальныя прыстасаванні (шкала Непера, лагарыфмічная лінейка, арыфм. машына франц. вучонага Б.Паскаля і інш.) — з 17 ст. У 19 ст.англ. вучоны Ч.Бэбідж прапанаваў праект «аналітычнай машыны» (гл.Вылічальная машына). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіццё вылічальнай тэхнікі звязана з пабудовай аналагавых вылічальных машын. У 1944 у ЗША пабудавана першая лічбавая электронная вылічальная машына «МАРК-1» на эл.-магн. рэле, а першая хуткадзейная ЭВМ «ЭНІАК» — у 1946 (першая ў кантынентальнай Еўропе малая ЭВМ «МЭСМ» распрацавана ў 1950 у АН Украіны).
На Беларусі вылічальная тэхніка ў сваім развіцці прайшла шлях ад першай лямпавай ЭВМ да стварэння выліч. сістэм і аўтаматызаваных сістэм рознага прызначэння. Навук. даследаванні вядуцца ў БДУ, НДІЭВМ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, ін-тах матэматыкі, тэхн. кібернетыкі АН, Ваеннай акадэміі і інш. Першая ЭВМ «Прамень» распрацавана ў Ін-це фізікі і матэматыкі АН у канцы 1950-х г.Выліч. машыны М-3М асвоены Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе ў 1959; з 1960 пачаўся выпуск вылічальных машын «Мінск» 1-га і 2-га пакаленняў; з 1973 — машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ; у 1980-я г. распрацаваны высокапрадукцыйныя выліч. сістэмы ЕСЭВМ, а таксама комплексы на трансп. сродках; у 1990-я г. — новае пакаленне ЭВМ — сям’я «Мінск-9000» (ЕС-1230). За распрацоўку і асваенне сродкаў вылічальнай тэхнікі спец. прызначэння спецыялістам Мінскага з-да ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1985. За ўкараненне вылічальнай тэхнікі ў вытв. тэхналогію работнікам Брэсцкага эл.-мех. з-да прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1981. Стваральнікі ЕСЭВМ адзначаны Ленінскай прэміяй 1983, Дзярж. прэміямі СССР 1978, 1983.
Літ.:
Заморин А.П. Мячев А.А., Селиванов Ю.П. Вычислительные машины, системы, комплексы: Справ. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБА́РНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца па вырабе натуральных цвёрдых і мяккіх скураных тавараў і штучных скур. Забяспечвае скуртаварамі абутковую прамысловасць, футравую прамысловасць, часткова швейную і інш. галіны. Асн. сыравінай для гарбарнай прамысловасці служаць скуры жывёл. Гарбарная сыравіна падзяляецца на: дробную (скуры цялят, жарабят, авечак, коз, цюленяў, нерпаў), што ідзе на выраб скур для верху абутку, адзення і галантарэйных вырабаў, буйную (скуры буйн. раг. жывёлы, коней, аслоў, вярблюдаў, аленяў, маржоў, кітоў) і свіную (са свойскіх свіней і дзікоў), якія служаць для вырабу хромавых і юхтовых скур на верх абутку, для рамізніцкіх і тэхн. вырабаў. Выкарыстоўваюць таксама скуры рэптылій (кракадзілы, яшчаркі, змеі), некат. рыб і інш.
Апрацоўка скур і выкарыстанне іх на абутак і адзенне вядома з глыбокай старажытнасці. Са скур выраблялі таксама пергамін, вупраж, шчыты і інш. Скуры дубілі пры дапамозе раслінных дубільнікаў. У 2-й пал. 19 ст. частка падрыхтоўчых і апрацоўчых аперацый механізавана, з 1880-х г. пачалі выкарыстоўваць паскораны метад вырабу скур солямі хрому. Рамесніцкае гарбарства ператварылася ў гарбарную прамысловасць. У 20 ст. развіццю гарбарнай прамысловасці спрыяла стварэнне галін машынабудавання, якія выпускалі машыны для апрацоўкі скур, пашыву абутку, адзення і інш. вырабаў, а таксама расшырэнне сыравіннай базы, развіццё вытв-сці штучных скур і заменнікаў скуры, сінт. каўчуку і дубільнікаў, дубільных экстрактаў.
Асартымент прадукцыі сучаснай гарбарнай прамысловасці акрамя шырока вядомых абутковых цвёрдых і мяккіх (хромавага дублення і юхту), адзежна-галантарэйных, рамізніцкіх і тэхн. скур уключае такія новыя вырабы, як спілак для абутку, велюры, асветленыя скуры для нізу абутку, лакавыя з поліурэтанавым пакрыццём, хромавыя павышанай эластычнасці, тэрмаўстойлівую юхту і інш. Развітую гарбарную прамысловасць маюць ЗША, Расія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ФРГ, Аргенціна, Аўстралія, Манголія і інш. краіны.
Гарбарная прамысловасць — адна са старадаўніх на Беларусі. Скураны абутак 12—13 ст. вядомы з раскопак у Брэсце, Гродне, Мінску, Полацку і інш. У 2-й пал. 19 ст. скуры, вырабленыя на Беларусі, карысталіся попытам на рас. і замежным рынках. Цэнтрамі гарбарнай прамысловасці былі Смаргонь (22 прадпрыемствы), Ашмяны, Мінск (буйны з-д Сальмана), Магілёў, Скідзель, Талачын і інш. Вырабляліся лайка, хром, шчыгрын (гамбургскі тавар), падэшвы. Пабудаваны гарбарныя з-ды ў 1927 «Бальшавік» у Мінску, у 1930 — у Магілёве. У 1996 у краіне дзейнічаюць Мінскае гарбарнае вытворчае аб’яднанне, Магілёўскі гарбарны завод, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне, Бабруйскі гарбарны камбінат, Пінскі завод штучных скур, шэраг меншых прадпрыемстваў. У 1996 выпушчана 426,9 млн. дм² верхніх скуртавараў (найбольш у 1991 — 992,4 млн. дм²), з іх 381,1 млн. дм² хрому, 45,8 млн. дм² юхту і 16 млн. дм² цвёрдых скуртавараў.
В.М.Логвінка.
Да арт.Гарбарная прамысловасць. У скурсыравінным цэху гарбарнага завода ў пас. Гатава Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ ГРАМА́ДСТВА,
этапы, ступені і ўзроўні грамадскага развіцця, якія характарызуюцца пэўнай цэласнасцю, якаснай пэўнасцю грамадскіх парадкаў, наяўнасцю ў іх агульных і спецыфічных рыс. Служаць канкрэтным выяўленнем аб’ектыўнай разнастайнасці формаў і праяўленняў гістарычнага працэсу і адначасова атаясамліваюць яго адзінства. Як катэгорыі навукі гістарычныя тыпы грамадства фармулююцца на аснове крытэрыяў, абумоўленых найперш разуменнем сутнасці і спецыфікі чалавечага грамадства. Існуе пэўны плюралізм падыходаў да ўстанаўлення гістарычных тыпаў грамадства. У гістарычным матэрыялізме яны вызначаюцца на базе тэорыі фармацыі грамадска-эканамічнай з пункту гледжання законаў узнікнення, існавання, развіцця, смерці дадзенага сац. арганізма і яго змены іншым, больш прагрэсіўным. Паводле К.Маркса і Ф.Энгельса, гіст. працэс адзіны, незваротны і развіваецца па ўзыходнай лініі, таму ўсе наступныя гістарычныя тыпы грамадства ўяўляюць сабой больш высокія этапы, узроўні або ступені ў параўнанні з папярэднімі. Яны вылучалі 5 гістарычных тыпаў грамадства: першабытнаабшчыннае, рабаўладальніцкае, феадальнае, капіталістычнае, камуністычнае. Такі падыход прапануецца марксістамі ў якасці аб’ектыўнай асновы перыядызацыі гіст. працэсу і яго падзелу на гіст. эпохі. Маркс, аднак, падкрэсліваў, што гіст. працэс супярэчлівы, а тыпы і тэмпы яго развіцця розныя; першапачаткова з-за нізкага ўзроўню развіцця вытворчасці, а ў далейшым з-за прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, што робіць развіццё грамадства ў цэлым антаганістычным, нераўнамерным, зігзагападобным. У.І.Ленін таксама даводзіў, што «гісторыя ідзе зігзагамі і навакольнымі шляхамі». Аднак гэтыя рэгрэсныя з’явы не перарываюць працэс развіцця ў межах больш агульнай сістэмы.
Альтэрнатыўныя марксізму канструкцыі гістарычных тыпаў грамадства выкарыстоўваюць суб’ектыўныя крытэрыі (тэорыя «ідэальных тыпаў» М.Вебера) або колькасныя паказчыкі развіцця матэрыяльнай вытв-сці (тэорыя «стадый эканамічнага росту» У.Ростаў). У сучаснайзах., у прыватнасці амер., сацыялогіі пераважна ў адпаведнасці з тэхнал. і эканам. крытэрыямі (з некаторымі мадыфікацыямі) адрозніваюць такія гістарычныя тыпы грамадства, як традыцыйнае (ахоплівае даіндустрыяльны этап развіцця вытв-сці і грамадства), індустрыяльнае і постіндустрыяльнае (тэхнатроннае), або інфарм. грамадства. Прызнаецца і ўсеагульны лінейны паступальны кірунак гіст. працэсу, дзе на змену адным грамадствам прыходзяць іншыя, з больш высокім узроўнем тэхнал. і эканам. развіцця. Але акцэнты робяцца на лакальныя рысы і асаблівасці, што праяўляюцца ў пэўныя гіст. перыяды ў развіцці асобных краін і рэгіёнаў свету, на «цывілізацыйны» крытэрый, на ключавую для дадзенага грамадства прыкмету (светапогляд, рэлігію, навуку і мастацтва, навук.-тэхн. прагрэс і да т.п.).
Літ.:
Маркс К. Да крытыкі палітычнай эканоміі. Мн., 1952;
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мн., 1970;
Гэлбрейт Дж.К. Новое индустриальное общество: Пер. с англ.М., 1969;
Монсон П. Современная западная социология: Теории, традиции, перспективы: Пер. со швед. СПб., 1992;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУ́РГІЯ (ад грэч. metallurgeō здабываю руду, апрацоўваю металы),
галіна навукі, тэхнікі і прам-сці, якая ахоплівае працэсы атрымання металаў з руд і інш. матэрыялаў, змены хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў, надання металу пэўнай формы. Працэсы М.: падрыхтоўка руд (здрабненне, абагачэнне карысных выкапняў, абпал або сушка, агламерацыя, брыкетаванне і інш.); вылучэнне металаў з руд і інш. матэрыялаў, ачыстка іх ад непажаданых дамешкаў (рафінаванне металаў); вытв-сць металаў і сплаваў; тэрмічная апрацоўка, хіміка-тэрмічная апрацоўка, тэрмамеханічная апрацоўка, ліццё і апрацоўка металаў ціскам, зварка і паянне; нанясенне ахоўных і дэкаратыўных пакрыццяў з інш. металаў і неметалаў на паверхні метал. вырабаў (металізацыя). М. падзяляецца на чорную металургію (атрыманне чыгуну, сталі, ферасплаваў, пракату і некат. вырабаў з чыгуну і сталі) і каляровую металургію (вытв-сць і апрацоўка каляровых металаў і сплаваў). У залежнасці ад метадаў атрымання металаў і сплаваў адрозніваюць вакуумную металургію, гідраметалургію, парашковую металургію, піраметалургію, плазменную металургію, электраметалургію. Важнай галіной М. з’яўляецца металазнаўства.
М. ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Паводле археал. даных, медзь атрымлівалі ўжо ў 7—6-м тыс. да н.э., з 4—3-га тыс. да н.э. выкарыстоўвалі яе сплаў з волавам — бронзу. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. пачалі выплаўляць жалеза (гл.Сырадутны працэс), з сярэдзіны 14 ст. — чыгун (гл.Доменны працэс), з 18 ст. — сталь, выкарыстоўваючы тыгельную плаўку, а потым бесемераўскі працэс, мартэнаўскі працэс, тамасаўскі працэс, кіслародна-канвертарны працэс. Найб. актыўна як галіна прам-сці і навукі М. развіваецца з 19 ст. дзякуючы вынаходствам і распрацоўкам Г.Бесемера і С.Дж.Томаса (Англія), А.Мартэнса (Германія), П.Э.Мартэна (Францыя), П.П.Аносава і Дз.К.Чарнова (Расія) і інш. М. — адна з найважнейшых галін сучаснай прам-сці; маштабы вытв-сці металаў (у першую чаргу сталі) характарызуюць тэхніка-эканам. ўзровень развіцця краіны.
На Беларусі вытв-сць некаторых бронзавых рэчаў з прывазной сыравіны пачалася з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., чорная М. з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў печах-домніцах (сырадутных горнах), пераплаўлялі ці награвалі для апрацоўкі ў тыгельных, крычных і кавальскіх горнах (гл.Горан). Як навука М. на Беларусі развіваецца ў Фізіка-тэхнічным і інш. ін-тах Нац.АН, у БПА, галіновых НДІ, некаторых ВНУ. Асн. вытворца чорнага пракату для прам-сці краіны — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, значная ч. прадукцыі якога ідзе на экспарт. Вытв-сць сталі і чыгунных вырабаў ёсць на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ, станкабудаўнічым імя Кірава (Мінск), «Праммашрамонт» (Полацк), Мінскім механічным імя Вавілава і інш.Гл. таксама Металургічная прамысловасць.
Літ.:
Основы металлургии. Т. 1—7. М., 1961—75;
Воскобойников В.Г., Кудрин В.А., Якушев А.М. Общая металлургия. 4 изд. М., 1985;
Венецкий С.И. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ФАНТАСТЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
фільм фантаст. кірунку, які грунтуецца на навук. гіпотэзах. Ад фільмаў групы «фэнтэзі» (ад англ. fantasy фантастыка) адрозніваецца тым, што аснову іх складаюць міфы і казкі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Гал. тэмы Н.-ф.ф. — падарожжы ў часе і касм. прасторы, кантакты з іншапланетнымі цывілізацыямі, альтэрнатыўная гісторыя чалавецтва, грамадства ва ўмовах будучыні. Развіццё такіх фільмаў звязана з навук. дасягненнямі і сац. зменамі ў грамадстве. Першы Н.-ф.ф. — «Заваяванне паветра» (1901, рэж. Ф.Зека, Францыя). Як жанр склаўся ў фільмах рэж. Ж.Мельеса, які прыдумаў першыя спецэфекты для здымак фантаст. кіно («Падарожжа на Месяц», 1902, ЗША; «20 000 лье пад вадою», 1907; «На заваяванне полюса», 1912, абодва Францыя, і інш.). У 1920-я г. з’явіліся фільмы з сац.-філас. кірункам і арыгінальнай стылістыкай («Аэліта», 1924, рэж. Я.Пратазанаў, СССР; «Метраполіс», 1926; «Жанчына на Месяцы», 1929; абодва рэж. Ф.Ланг, Германія, і інш.). З 1930-х г. пашырыліся фільмы пра звар’яцелых вучоных («Забойства на вуліцы Морг», 1932, рэж. Р.Флорэ; «Чалавек-невідзімка», 1933; «Франкенштэйн», 1931; «Нявеста Франкенштэйна», 1935; усе рэж. Дж.Уэйл, ЗША), фантаст. цывілізацыі («Страчаны гарызонт», 1937, рэж. Ф.Капра, ЗША). У 1950—80-я г. пераважалі фільмы пра касм. падарожжы, прыбыццё іншапланецян на Зямлю, перспектывы развіцця навукі і тэхнікі і інш., у якіх цэнтр увагі часта пераносіўся на маральныя, філас., сац., экалагічныя праблемы: «Напрамак — Месяц» (1950, рэж. І.Пайчэл), «Гэта прыйшло з іншай прасторы» (1953, рэж. Дж.Арналд), «Заваяванне космасу» (1955, рэж. Б.Хаскін), «На апошнім беразе» (1959, рэж. С.Крамер), «Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1963; усе ЗША), «Касмічная Адысея 2001» (1968, Англія—ЗША), «Завадны апельсін» (1971, Англія; усе рэж. С.Кубрык), «Зорныя войны» (1977, рэж. Дж.Лукас), «Іншапланецянін» (1982, рэж. С.Спілберг), «Чужыя» (рэж. Дж.Кэмеран), «Муха» (рэж. Д.Кроненберг, абодва 1986; усе ЗША) і інш. Пашырыліся фантаст. кінасерыялы («Зорны шлях», з 1979, рэж. Р.Уайз, І.Кершнер і інш.). У 1990-я г. з’явіліся фільмы сінтэтычнага кірунку, якія спалучаюць рысы «фэнтэзі» і Н.-ф.ф., для маст. вырашэння актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі і камп’ютэрныя спецэфекты («Парк Юрскага перыяду», 1995, рэж. Спілберг, ЗША, і інш.). З 1960-х г. развіваўся сав. Н.-ф. ф.; «Чалавек-амфібія» (1962, рэж. Г.Казанскі, У.Чабатароў), «Салярыс» (1972, рэж. А.Таркоўскі), «Маўчанне доктара Івенса» (рэж. Б.Мятальнікаў), «Масква—Касіяпея» (абодва 1974), «Падлеткі ў сусвеце» (1975), «Праз церні да зорак» (1981, усе рэж. Р.Віктараў), «Атэль «Каля загінуўшага альпініста» (1979, рэж. Р.Краманаў), «Завяшчанне прафесара Доўэля» (1984, рэж. Л.Менакер), «Кін-дза-дза» (1986, рэж. Г.Данелія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава на ПнЗсучаснай Расіі з цэнтрам у г.Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г.рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛКазіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл.Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл.Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),
навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.
У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус.анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст.засн. першая рус.анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.
На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснайанат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук.т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.
Літ.:
Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;
Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.