даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат ​1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат ​2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БУРКІНА́-ФАСО́ (Bourkina Faso),

дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс. км². Нас. 10 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).

Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва. Асн. ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.

Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс. н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц. Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.​Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.​Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.​Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр. дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн. т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, ​2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр. ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн. прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3 т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн. гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн. чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).

Літ.:

Авдюнина Л.А. Буркина-Фасо: Справ. М., 1992.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Буркіна-Фасо.
Да арт. Буркіна-Фасо. Вёска на паўднёвым захадзе краіны.

т. 3, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКЛАСІЦЫ́ЗМ (ад неа... + класіцызм),

у шырокім сэнсе — прадаўжэнне эстэт. прынцыпаў класіцызму ў новых умовах развіцця маст. культуры; у больш вузкім сэнсе — стылістычны прыём, заснаваны на выкарыстанні ў л-ры, музыцы, архітэктуры, тэатр. і выяўл. мастацтве міфалагічных вобразаў і матываў, ант. тэм і сюжэтаў.

У літаратуры тэндэнцыі і плыні Н. ўзніклі ў Расіі і Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. (ант. міфалагічная вобразнасць у паэзіі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкіна, А.​Майкава, К.​Бацюшкава, франц. «парнасцаў» Т.​Гацье, Ш.​М.​Леконта дэ Ліля), а ў больш апасродкаваных і пераўтвораных формах — у канцы 19 — пач. 20 ст. (творчасць І.​Аненскага, К.​Бальмонта, В.​Брусава, В.​Іванава, М.​Цвятаевай і інш.). Паэзія Н. шырока выкарыстоўвае маст. традыцыі антычнасці, Адраджэння і класіцызму, прасякнута жыццялюбствам, культам розуму і прыгажосці, у ідэйна-эстэт. плане звычайна проціпастаўлена натуралізму, сац.-паліт. ці быт. утылітарызму, маст. прымітывізму. У сваіх крайніх формах гэтыя тэндэнцыі пад уплывам літ. канцэпцый перамяжоўваюцца з тэорыямі «чыстай красы», «мастацтва дзеля мастацтва» (франц. і рус. сімвалізм, маст. акадэмізм, асобныя тэндэнцыі ў імпрэсіянізме і інш.). Н. звычайна засяроджвае ўвагу на т.зв. «вечных» праблемах жыцця, сцвярджае абсалютнасць маральных і эстэт. крытэрыяў, у процілегласць дэкадэнцтву і мадэрнізму арыентуецца на стылявую і сюжэтна-кампазіцыйную выразнасць, моўную пластычнасць. У бел. л-ры стылістычныя прыёмы Н. творча выкарыстоўваў М.​Багдановіч, які распрацаваў класічныя формы верша, чым узбагаціў нац. л-ру здабыткамі сусв. паэтыкі. У 1930 — пач. 1950-х г. пад уплывам вульгарнага сацыялагізму тэндэнцыі Н. набылі форму одапісальніцтва і параднасці ў л-ры. У сучаснай бел. паэзіі асобныя элементы Н. выкарыстоўваюцца як стылістычны прыём.

У музыцы Н. узнік як супрацьпастаўленне рамант. суб’ектыўнасці імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і верызму, спроба вярнуць муз. мастацтву дысцыпліну думкі і яснасць мовы, уласцівыя старым стылям. Для Н. ўласцівы зварот пераважна да маст. прынцыпаў і стылістыкі барока і Венскай класічнай школы (поліфанія кампазітараў Нідэрландскай школы, Дж.​Палестрыны, І.​С.​Баха, клавірнае мастацтва Ф.​Куперэна, Д.​Скарлаці, італьян. опера 17—18 ст., інстр. канцэрты А.​Вівальдзі, санаты М.​Равеля, Ф.​Пуленка, Д.​Міё, А.​Анегера, Ж.​Франсэ, опера Ж.​Б.​Люлі, сімфанізм І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта). Падобныя да Н. тэндэнцыі характэрны творчасці асобных кампазітараў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​Брамс, М.​Рэгер, С.​Франк, К.​Сен-Санс, М.​Метнер, С.​Танееў і інш.). У рознай ступені Н. адбіўся ў музыцы многіх кампазітараў 20 ст., найб. акрэслены ў І.​Стравінскага, які аб’яднаў у сваёй творчасці амаль усе яго разнавіднасці, П.​Хіндэміта, А.​Казелы, Э.​Тамберга і інш. У неакласіцысцкіх муз. творах раздзелы, стылістычна звязаныя з сучасным увасабленнем муз. мовы і форм мінулых эпох, часта супастаўляюцца з муз. фрагментамі, якія маюць мала агульнага са старадаўнімі прататыпамі. Сутнасць эстэтыкі Н. — супастаўленне маст. стыляў, пры якім зварот да мінулага — хоць і важнейшая, але толькі адна са стылявых фарбаў твора (напр., Э.​Віла-Лобас сумясціў у адным творы браз. мадынню і фугу, Хіндэміт — ваен. марш і пасакаллю, Стравінскі стварыў асаблівы стыль Н., дзе разнастайныя старыя прататыпы супастаўляюцца з муз. жанрамі 20 ст. ці іх асобнымі элементамі). Уласцівае Н. свабоднае выкарыстанне старадаўніх стыляў і жанраў — адна з істотных прыкмет музыкі 2-й пал. 20 ст. У бел. музыцы рысы Н. сустракаюцца ў творчасці Л.​Абеліёвіча, П.​Альхімовіча, С.​Бельцюкова, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, У.​Дамарацкага, У.​Дарохіна, Дз.​Камінскага, В.​Капыцько, В.​Кузняцова, А.​Літвіноўскага, А.​Мдывані, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса, Л.​Шлег і інш.

У архітэктуры 1910—20-х г. класічныя формы і лаканізм проціпастаўляліся багатаму фармальнаму дэкору ў пабудовах эклектыкі і мадэрна. У некат. краінах Зах. Еўропы Н. выкарыстоўваў канстр. прыёмы стылю мадэрн і адначасова вызначаўся рацыяналістычнымі тэндэнцыямі (А.​Перэ ў Францыі, П.​Берэнс у Германіі, О.​Вагнер у Аўстрыі і інш.). У ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі Н. развіваўся пераважна ў афіц. архітэктуры і вылучаўся параднай прадстаўнічасцю і падкрэсленай манументальнасцю. У рас. архітэктуры 1910-х г. Н. сцвярджаў асн. прынцыпы арх. класікі (І.​Жалтоўскі, І.​Машкоў, І.​Фамін, У.​Шчуко і інш.); у той жа час прадстаўнікі рас. мадэрна звярталіся да стылізацыі класічных матываў (Ф.​Лідваль, Ф.​Шэхтэль і інш.).

У бел. архітэктуры Н. вядомы з 1910-х г. Будынкі вызначаліся імпазантнасцю аблічча, высокім прафес. майстэрствам буд. работ. Значны ўплыў на развіццё Н. зрабіла творчасць мінскіх архітэктараў С.​Гейдукевіча і Г.​Гая, паводле іх праектаў пастаўлены найб. значныя будынкі ў Мінску і г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Прынцыпы Н., у якіх творча выкарыстаны кампазіцыйныя прыёмы архітэктуры класіцызму, выявіліся ў культавых (Моладаўская капліца) і мемар. (Мілавідская мемарыяльная капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца) збудаваннях. У канцы 1920-х г. Н. ўласцівы строгія класічныя формы ў спалучэнні са сродкамі кампазіцыі арх. спадчыны (будынкі банкаў у Брэсце, Баранавічах, арх. С.​Філасевіч).

У 1930-я г. сродкі Н. ў іх гіпертрафіраваных манум. формах пашыраны ў архітэктуры Італіі (М.​П’ячэнціні і інш.) і Германіі (П.​Л.​Трост і інш.). Прынцыпы Н. паўплывалі і на развіццё сав. архітэктуры 2-й пал. 1930-х г. Заснавальнікам т.зв. пралетарскага класіцызму быў Фамін. На Беларусі Н. выявіўся ў творчасці І.​Лангбарда (гал. корпус Нац. АН Беларусі, Дом афіцэраў), А.​П.​Воінава (гасцініца «Свіслач»), Г.​Якушкі (сярэдняя школа № 4 на рагу вуліц Кірава і Чырвонаармейскай; усе ў Мінску). У канцы 1940-х—50-я г. Н. набыў новую рэдакцыю — т.зв. сталінскі класіцызм: арх. Жалтоўскі (дом па вул. Махавой у Маскве), М.​Паруснікаў (забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны ў Мінску), Г.​Заборскі (будынак б. аблвыканкома ў г. Полацк Віцебскай вобл., карпусы пед. ун-та), У.​Кароль і А.​Духан (будынак паштамта), В.​Гусеў (штаб Бел. ваен. акругі; усе ў Мінску) і інш.

Літ.:

Смирнов В. Возникновение неоклассицизма и неоклассицизм И.​Стравинского // Кризис буржуазной культуры и музыка. М., 1973. Вып. 2;

Варунц В. Музыкальный неоклассицизм: Ист. очерки. М., 1988.

У.​М.​Конан (літаратура), В.​М.​Чарнатаў (архітэктура).

Да арт. Неакласіцызм. Будынак ламбарда ў Маскве. Арх. І.​Машкоў. 1912.
Да арт. Неакласіцызм. Мемарыяльная капліца каля вёскі Салтанаўка Магілёўскага раёна. Арх. К.​Міхайлаў, скульпт. П.​Яцына. 1912.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ззяць, ззяю, ззяеш, ззяе; незак.

1. Вылучаць ззянне; ярка свяціць. Зоркі — бліскучыя, ззяюць, пераліваюцца. □ Высока ззяла ў небе сонца, прыветліва шумела пад ветрам маладая бярозка. Гамолка. // чым і без дап. Быць ярка асветленым, залітым святлом. Справа, у лесе, высокія санаторныя будынкі ззяюць агнямі і тушаць над сабою зоры. С. Александровіч. Золатам ззяе ўсход. Танк. // перан. Быць, паяўляцца ва ўсёй велічы, славе, бляску. У выдатным сузор’і вялікіх сыноў рускага народа ярка ззяе слаўнае імя.. Суворава — фельдмаршала і генералісімуса рускай арміі. «Беларусь». // чым і без дап. Вылучацца яркім колерам, чысцінёй, навізной. Ззяе фарбаю новай Кабінетны раяль. Бачыла. Два ордэны ззяюць яго баявыя, Яны за Бярозу, за Мінск і за Кіеў. Хведаровіч.

2. Блішчаць, зіхацець, адбіваючы святло, прамяні. Як хораша пад месяца святлом Прайсціся полем ціхім, Звонкім гаем Ці паўз раку, што ззяе серабром. Астрэйка. Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць. Колас. // перан.; чым. Вылучацца якімі‑н. заслугамі, вартасцямі. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

3. Блішчаць ад радасці, шчасця (пра вочы); свяціцца ад радасці, шчасця (пра твар). Упершыню паглядзеў ён на бацьку вачамі, якія ззялі ад шчасця і захаплення. Мележ. Твары.. [людзей] ззялі радасцю. Кавалёў. // перан.; чым. Паказваць сваім выглядам пачуццё радасці, шчасця (пра чалавека). Мала таго, што гаварыла .. [Вераніка] выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас, і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством... Навуменка. // перан. Ярка праяўляцца ў чым‑н. (пра пачуцці). Радасць ззяла ў вачах людзей. □ Юнакоў, дзяўчат усмешкі Ззяюць водбліскам зарніц. Жычка.

4. Быць адкрытым, паказваць глыбіню, правал (пра яму, рану і пад.). Ля падножжа гары ззяў уваход у пячору. Шыцік. Яшчэ здалёк хлопцы ўбачылі, што частка даху дэпо знесена і ў адной з сцен ззяе велізарная прабоіна. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валі́ць, валю́, ва́ліш, ва́ліць; незак.

1. каго-што. Прымушаць упасці; абарочваць, перакульваць. Бура валіць лес. □ Лявон хапае Ганецкага за плечы і валіць на зямлю. Козел. // што. Сячы, пілаваць (лес, дрэвы). Прыйшлі туды лесарубы і пачалі без разбору валіць дуб, граб, ясень і іншыя каштоўныя пароды дрэў. Гурскі. // перан.; каго. Разм. Губіць у мностве (пра хваробы).

2. што. Кідаць, скідаць што‑н. у вялікай колькасці; складаць без разбору. Валіць зямлю. □ Самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод. Асіпенка.

3. што на каго. Разм. Перакладаць (работу, адказнасць, віну і пад.) на каго‑н. Валіць віну на другіх. □ [Міхась:] — Ты ж сама такую гамонку павяла. А цяпер на мяне валіш. Б. Стральцоў.

4. Разм. Імкліва ісці, рухацца натоўпам, патокам. Сёння нават у царкву мала хто ішоў, валілі да Канцавога. Карпюк. Фурманкі баляць. Пыл-завея Курыць, бы ўзрушыўся віхор. Колас. // Паднімацца, падаць у вялікай колькасці. З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк. Снег валіць такі, што фарамі правіць нельга. Кулакоўскі.

5. заг. валі́(це). Разм. Ужываецца ў сэнсе: ідзі(це). Стараста.. зашпіліў пад расхрыстаным кажухом камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна да акна... — Мацвей, вечарам, на сход валі! Чорны.

6. што. Качаючы, размінаючы, рабіць шэрсць, сукно больш шчыльным, цвёрдым. З суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

•••

Валам валіць — ісці, рухацца натоўпам, суцэльнай плынню. Валам валіў народ да нас [у тэатр]. Вярцінскі.

Валіць з хворай галавы на здаровую — сваю віну перакладваць на таго, хто не мае ніякіх адносін да яе. [Моцкін:] Таварыш Гарошка, не валіце з хворай галавы на здаровую. Такі нумар не пройдзе. Макаёнак.

Валіць (усё) у адну кучу — змешваць неаднолькавыя рэчы, з’явы, не бачыць розніцы паміж імі.

Валіць цераз пень калоду — рабіць што‑н. абы-як, як папала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак. і зак.

1. незак., што. Правяраць стан або якасць чаго‑н. Спрабаваць голас. □ А вунь хлопец спрабуе па пляцы Свой гармонік — які ў яго лад? Прыходзька. Буслы збіраліся ў вялікі гурт і спрабавалі свае крыл[ы]. Чорны. Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі.., а спрабавалі свае сілы і здольнасці. С. Александровіч. // Мацаць, кратаць, правяраючы што‑н. Глядзіць мінуту і другую. Ды для касы гэтага мала: Спрабуе кіпцем яе джала І спробу робіць над абухам, Тады паверка йдзе ўжо вухам, Ці добра звоніць коска гэта. Колас. // каго. Рабіць выпрабаванне каму‑н., выпрабоўваць, правяраць каго‑н. Першае, што раблю, — спрабую спевакоў. Ёсць сёе-тое, ды не вельмі. Спрабую музыкантаў — граюць! Ракітны. Праўда, Язэп не спрабаваў Стракача ў плузе ці ў баране, але, відаць, ён і ў плузе пайшоў бы не горш, чым у возе. Якімовіч.

2. незак., што. Каштаваць што‑н. [Васіль і Света] стаялі пад вялізнымі чорнымі махінамі капроў, трымалі ў руках чырвона-белыя кавалкі свежага — толькі з зямлі — сільвініту, спрабавалі на смак — яны былі гаркава-салёныя. Кудравец. Сівы млынар — сярпом вусы — На зуб спрабуе зерне. Камейша. // Піць або есці што‑н. — Трохі жэрдачак насячом, а трохі і бярозавага кваску пап’ём, — казаў .. [дзед]. — Ты ў горадзе нават і не спрабаваў бярозавіка. Даніленка.

3. незак. і (радзей) зак., з інф. Рабіць (зрабіць) намаганне выканаць якія‑н. дзеянні, здзейсніць што‑н. Другое медзведзяня адышло ад маткі крокаў на дзесяць і спрабавала ўзлезці на дрэва. В. Вольскі. Драздовіч прайшоў у спальню, лез і спрабаваў заснуць, але сон не браў. Гурскі. Спрабуй, бяскрылы, ўніз зірні! .. Зямля ляціць насустрач шпарка... Як страшна падаць з вышыні! Кляўко. Ермакоў пачырванеў: ён сапраўды спрабаваў пісаць вершы. Даніленка.

4. незак. і (радзей) зак., што. Зведваць (зведаць) што‑н. Не раз спрабаваў турму, а перад вайной саслалі .. [Юрку] надоўга, за забойства... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увабра́ць, убяру, убярэш, убярэ; убяром, убераце; пр. увабраў, ‑брала; зак., каго-што (пераважна ў пр. часе).

1. Паступова паглынуць (ваду, паветра і пад.); уцягнуць унутр; усмактаць. «Тут скрозь балоты, — пісаў нам Сяргей .. — Прыпяць не наспявае ўвабраць усю ваду». Хомчанка. [Алесь] уздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал. Броўка. [Камета] ўвабрала вельмі мала святла з навакольнае прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасці яе можна заўважыць простым вокам. Шыцік. // Падабраць, заправіць унутр чаго‑н. [Васіль] зашпіліў верхні гузік касавароткі і нават увабраў пад кепку непакорны віхорчык валасоў. Кулакоўскі. Доўгую белую кашулю [мужчына] увабраў у штаны і па штанах туга падперазаўся саматканым паяском. Галавач. // Уцягнуць, утуліць (шыю, галаву і пад.). Стаіць Рыгор Варанец у варотах .. Галаву ў каўнер увабраў. Крапіва. Волак увабраў шыю, адразу паменшаў і баязліва паглядзеў у вочы Блажэвічу. Няхай. Люся ўвабрала ў плечы галаву, сціснулася. Шашкоў. // Умясціць куды‑н. У клецях — тканіны ядвабныя, Футры, сувоіны кужалю... Усё, што пакоі прывабныя Сквапна ўвабраць не падужалі. Дзяргай. // перан. Успрыняць, засвоіць. Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,.. На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я Тваіх кастроў і боек дым гаркавы. Гілевіч. Лабановіч увабраў у сябе погляды, думкі, настроі працоўнай сялянскай масы, з якой ён выйшаў. Казека. Музыка-сын спяваў на дзіва. У сваю душу ён увабраў І лісця подых палахлівы, І ціхі шэпт пушчанскіх траў. Кляўко.

2. Разм. З’есці ўсё без разбору, без астатку. [Зайцаў:] — Варэнікаў .. украінскіх з вішнямі я зараз бы цэлае вядро ўвабраў... Даніленка.

3. (са словамі «у сябе»). Уключыць у свой склад, аб’яднаць. Лясная брыгада ўвабрала ў сябе ўсіх людзей. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку. Ермаловіч.

4. што і за што. Разм. Моцна ўхапіць, схапіць што‑н. Увабраць кол. Увабраць за чуб.

5. Разм. Схапіць, захапіць. [Шабанок:] Дык от мы, утраіх, згаварыліся ўвабраць аднаго фашыста. Кучар. [Салдат:] — Нам, разведчыкам, і то рэдка ўвабраць удаецца такога важнецкага языка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАБО́Н (Gabon),

Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.​Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.​Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Габона.
Да арт. Габон. Прыморская частка сталіцы г. Лібрэвіль.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)