ГРУШЭ́ЦКІ (Казімір Міхайлавіч) (н. 25.3.1936, в. Ахімкавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1959). З 1961 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі малекул і іх спектраў (інфрачырвоных і камбінацыйнага рассеяння), а таксама па канфармацыйных ператварэннях палімераў.
Тв.:
Расчет производных высшего порядка в методах ССП МО ЛКАО (разам з А.А.Ахрэмам, Ю.А.Сакаловым) // Докл.АНСССР. 1977. Т. 236, № 4;
Теория интенсивности инфракрасных спектров многоатомных молекул в приближении МО ЛКАО // Там жа. 1984. Т. 279, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́БАРАЎ (Валянцін Аляксеевіч) (н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф.ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл.гл.таксама ў арт.Гратэск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТУ́ЗА ((Guttuso) Рэната) (2.1.1912, г. Багерыя, Італія — 18.1.1987),
італьянскі жывапісец і графік. Акадэмік АМ у Рыме (1960), ганаровы чл.АМСССР (1962). Удзельнік італьян. Руху Супраціўлення (1943—45). Аўтар шэрагу антыфаш. твораў («Расстрэл», 1938; «Распяцце», 1940—41; серыя малюнкаў «З намі Бог!», 1944—45). У работах канца 1940—60-х г. стварыў шматгранную карціну жыцця пасляваен. Італіі. Значнае месца ў яго творчасці займала сац.-паліт. тэма (карціны «Пляж», «Чалавек, які есць спагеці», «Дыскусія», «Натоўп», «Навіны» і інш.). Для ўзмацнення эмацыянальнага ўздзеяння сваіх работ часта выкарыстоўваў рэзка кантрастнае гучанне колераў, востра дынамічны малюнак. Пісаў таксама партрэты, пейзажы, нацюрморты, вулічныя сцэнкі, буйнамаштабныя палотны на алегарычныя сюжэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІ́К (Lycoperdon),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў парадку дажджавіковых. Каля 50 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі найб. вядомыя Д. жамчужны, або шыпаваты, ці сапраўдны (L. perlatum), Д. грушападобны (L. pyriforme), таксама адзначаны Д. маленькі (L. pusillum), Д. імшысты (L. muscorum), Д. вожыкападобна-калючы (L. echinatum). Ядомыя ў маладым узросце.
Пладовыя целы шара-, груша-, галоўчатападобныя, сядзячыя або з несапраўднай ножкай, з белымі ніткамі міцэлію каля асновы, дыям. 1—20 см. Абалонка (перыдый) 2-слаёвая. Вонкавы слой шыпаваты, ігольчасты, дробнабародаўчаты, лёгка ападае, унутраны — буры, падобны на паперу. Глеба (мякаць) белая, мяккая, пры выспяванні бледна-аліўкавая, парашкаватая. Споры шарападобныя, гладкія або бародаўчатыя, часам з доўгімі прыдаткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАПІ́КАЛА ((Dallapiccola) Луіджы) (3.2.1904, г. Пазін, Славенія — 17.2.1975),
італьян. кампазітар, піяніст, педагог. Чл.Міжнароднага музычнага савета. Скончыў кансерваторыю ў Фларэнцыі (клас фп., 1924; кампазіцыі, 1931), у 1934—67 выкладаў у ёй (прафесар), а таксама ў ЗША (1951—57), на летніх курсах Моцартэума ў Зальцбургу (1963—64). З 1930 канцэртаваў. У пач. творчасці схіляўся да італьян. неакласіцызму, потым выкарыстоўваў дадэкафонію, серыйную тэхніку, не адмаўляючыся ад дыятонікі і напеўнай мелодыкі. У многіх творах выяўляў свабодалюбныя памкненні асобы, пратэст супраць насілля (оперы «Начны палёт», 1940, «Вязень», 1948, «Уліс», 1968; кантата «Песні вязняў», 1941). З інш. твораў: балет «Марсій» (паст. 1948), містэрыя «Іоў» (1950), кантаты, хары, інстр. канцэрты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Міхаіл Хрысанфавіч) (21.5.1908, в. Крутое Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1978),
бел. жывапісец. Брат Г.Х.Даўгялы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Выкладаў у Мінскім пед. тэхнікуме (1930—35). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «У Заходняй Беларусі» (1932), «Стары Мінск» (1945), «Батанічны сад у Мінску» (1949), «Лагойскія далі» (1950), «Збор ураджаю» (1956), «Ля вогнішча на Беразіне» (1970), «Восень. Залаты клён» (1976) і інш. Пісаў таксама нацюрморты, партрэты («Партрэт дачкі з кветкамі», 1957). Творы вызначаюцца шчырасцю пачуцця, завершанасцю жывапіснага вобраза.
Літ.:
Буйвал В. Пясняр роднай прыроды // Кола дзён: Бел.літ.-маст. каляндар, 88. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,
змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл.Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮФІ́ ((Dufy) Рауль) (3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),
французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ШКО́ЛА, юрыдычная школа,
адзін з гал. кірункаў у рас. гістарыяграфіі ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Пачала складвацца ў 1840-я г.Асн. ідэі распрацаваны К.Дз.Кавеліным, С.М.Салаўёвым, Б.М.Чычэрыным, развіты В.І.Сергеевічам, П.М.Мілюковым, А.С.Лапа-Данілеўскім. М.М.Багаслоўскім, А.А.Кізеветэрам, С.Ф.Платонавым, М.А.Дзяканавым і інш., а таксама ў ранніх працах Ю.У.Гацье, С.У.Бахрушына, Б.Дз.Грэкава. Прадстаўнікі школы лічылі дзяржаву і яе дзейнасць асн. рухаючай сілай гіст. працэсу (адсюль назва), аддавалі значную ўвагу гісторыі рас. права, асабліва прыгоннага (адсюль другая назва), проціпастаўлялі гісторыю Расіі гісторыі краін Зах. Еўропы.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. [2 изд.]. М., 1993. С. 419—433, 564—602.