КІБЕРНЕ́ТЫКА (ад грэч. kybernētikē майстэрства кіравання),

навука пра агульныя заканамернасці працэсаў кіравання ў складаных дынамічных сістэмах, спосабы атрымання, захоўвання, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі. Асн. аб’екты даследаванняў — кібернетычныя сістэмы (напр., аўтам. рэгулятары ў тэхніцы, ЭВМ, мозг чалавека, біял. папуляцыі), якія разглядаюцца абстрактна (незалежна ад іх прыроды). Асн. задача — стварэнне адзінай тэорыі і эфектыўных метадаў кіравання.

Як самаст. навука ўзнікла на аснове прац Н.Вінера, дзе тэрмін «К.» прапанаваны для абазначэння навукі аб кіраванні і сувязі ў машынах і жывых арганізмах, і звязана са стварэннем ЭВМ, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Далейшае развіццё атрымала ў працах сав. вучоных АІ.​Берга, В.​М.​Глушкова, А.​А.​Ляпунова, амер. вучонага К.​Э.​Шэнана і інш. Падзяляецца на кібернетыку біялагічную, кібернетыку тэхнічную, матэм. К., медыцынскую, эканам. і інш. Грунтуецца на тэорыі імавернасцей, матэм. логіцы, тэорыі сістэм аўтам. кіравання, тэорыі графаў, а таксама тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сістэм, распазнавання вобразаў і інш. Кібернетычнае (машыннае) мадэляванне і ўвядзенне ў н.-д. практыку ЭВМ дазваляюць вывучаць складаныя сістэмы без пабудавання іх рэальных фіз. мадэлей.

На Беларусі даследаванні ў галіне К. праводзяцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ ЭВМ і інш.

Літ.:

Винер Н. Кибернетика или управление и связь в животном и машине: Пер. с англ. 2 изд. М., 1968;

Ляпунов А.А. Проблемы теоретической и прикладной кибернетики. М., 1980;

Глушков В.М. Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

В.​С.​Танаеў.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЛІНГ ((Kipling) Джозеф Рэдзьярд) (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),

англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Маўр, В.​Хомчанка, С.​Міхальчук, М.​Багун.

Тв.:

Бел. пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;

Казкі. Мн., 1939;

Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;

Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1996.

Літ.:

Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;

Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Кіплінг.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),

царкоўны дзеяч ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял. кн. ВКЛ Альгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял. кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял. кн. Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.

Літ.:

Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

т. 8, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«И́СКРА»,

першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.

Літ.:

Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;

Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;

Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;

Лейпциг, 1984;

Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.

С.​В.​Говін.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЗА́Р,

украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.​Кабзар, Д.​Бандурка, В.​Варчанка, П.​Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.​Шут, І.​Краўчанка-Крукоўскі, А.​Верасай, Ф.​Халодны, М.​Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.​Кучугура-Кучарэнка, Ф.​Кушнерык, П.​Носач, Я.​Моўчан, П.​Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр. маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел. нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.

Літ.:

Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́РЫН (сапр. Зільбер) Веніямін Аляксандравіч

(19.4.1902, г. Пскоў, Расія — 2.5.1989),

рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т усходніх моў (1923) і Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1922. У пач. 1920-х г. уваходзіў у літ. групу «Серапіёнавы браты». Пісаў фантаст. апавяданні, дэтэктыўныя аповесці, аповесці аб рабоце вучоных. Складаныя і напружаныя сюжэты, маральна-псіхал. праблемы ў раманах «Спаўненне жаданняў» (кн. 1—2, 1934—36), «Два капітаны» (кн. 1—2, 1938—44, Дзярж. прэмія СССР 1946), трылогіі «Адкрытая кніга» (ч. 1—3, 1949—56). Аповесць «Сем пар нячыстых» (1962) пра вязняў аднаго з паўночных лагераў ГУЛАГа, пазбаўленых у першыя дні Вял. Айч. вайны права абараняць Радзіму. Аўтар кн. артыкулаў і мемуараў «Дзень добры, брат. Пісаць вельмі цяжка» (1965), кн. пра В.​І.​Сянкоўскага «Барон Брамбеус» (1929, 2-я рэд. 1966), аповесцей «Падвойны партрэт» (1966), «Школьны спектакль» (1968), «Малюнак» (1980), «Верлівока» (1982), «Загадка» (1984), раманаў «Перад люстэркам» (1971), «Двухгадзінная прагулка» (1978), «Навука расставання» (1983), кн. ўспамінаў «У старым доме» (1971), трылогіі «Асветленыя вокны» (1974—76). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі У.​Краўчанка, І.​Сакалоўскі, Л.​Салавей і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1963—66;

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1980—83;

Бел. пер. — Аблога палацу. Мн., 1930;

Наперадзе ўсіх. Мн., 1930;

Школа мужнасці: Алавяданні. Мн., 1952;

У кн.: Клятва юных. Мн., 1947;

Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў Мн., 1951;

Рускае савецкае апавяданне. Мн., 1988. Т. 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́ЙЦАВА (Таццяна Міхайлаўна) (2.8.1914, С.-Пецярбург — 28.3.1994),

бел. дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1936). У 1937—39 дырыжор-асістэнт Дзярж. сімф. аркестра СССР. У 1944—46 і 1952—93 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1946—52 — сімф. аркестра Бел. філармоніі. Творчасць К.-дырыжора адметная высокім прафесіяналізмам, тэмпераментам і артыстызмам, спалучэннем яснай закончанай формы з найтанчэйшай нюансіроўкай, глыбока прадуманай канцэпцыяй з эмацыянальнай раскаванасцю. Муз. кіраўнік пастановак опер і балетаў бел. кампазітараў: «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова, «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958), «Алеся» Я Цікоцкага (1967), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) і «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава; класічных і сучасных твораў рус. і замежных аўтараў — «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1944), «Арлекінада» Р.​Дрыга (1945), «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера (1955), «Пікавая дама» (1960, 1972), «Шчаўкунок» (1956) і «Лебядзінае возера» (1967) П.​Чайкоўскага, «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (1962), «Заручыны ў манастыры» (1962) і «Папялушка» (1965) С.​Пракоф’ева, «Арэстэя» С.​Танеева (першая паст. на сав. сцэне) і «Рафаэль* А.​Арэнскага (абедзве 1963), «Трубадур» Дж.​Вердзі (1964), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Дж.​Пучыні (1968), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1973), «Лаэнгрын» Р.​Вагнера (1977), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1983) і інш.

Літ.:

Нісневіч І. Таццяна Каламійцава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Глушакоў І. Бачыць музыку // Мастацтва Беларусі. 1984. № 8.

Г.​Р.​Куляшова.

Т.М.Каламійцава.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),

міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс. чл., у т. л. 3500 тыс. чл. ВЛКСМ). Бел. камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.

Літ.:

Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.

Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.

На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).

Літ.:

Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;

Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.

В.​В.​Калнін, І.​Л.​Чэбан.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),

старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік канфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л. найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.

Літ.:

Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;

Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;

Зороастр. Будда. Конфуций. Магомет. Киев, 1991;

Будда Шакьямуни. Конфуций. Мухаммед. Франциск Ассизский: Биогр. повествования. Челябинск, 1995.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)