археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту (у асн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр.паўд. Францыі і паўн.ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НКІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-ваяўніцы, якія жылі ў Малой Азіі ці ў перадгор’ях Каўказа. У пэўную пару года Амазонкі ўступалі ў блізкія адносіны з мужчынамі з мэтай захавання роду. Народжаных хлопчыкаў аддавалі на выхаванне бацькам ці забівалі, дзяўчынак пакідалі сабе і рыхтавалі іх да вайны. Амазонкі ўзбройваліся лукамі, баявымі сякерамі, лёгкімі шчытамі, самі выраблялі адзенне, шлемы і інш. вайсковы рыштунак.
Бітва грэкаў з амазонкамі. Фрагмент размалёўкі кратэра. Каля 460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНСАЛІ́ЗМ (ад а... + лац. mensa стол, трапеза),
форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.
мікрабіёлаг. Акад.АНСССР (1923). Скончыў Пецярб.ун-т (1890). Вучань С.М.Вінаградскага. З 1893 у Ін-це эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы аб ролі мікраарганізмаў у кругавароце рэчываў (азоту і вугляроду), яе комплексным даследаванні марфал. і фізіял. метадамі. У 1904 вылучыў культуру бактэрый, якія выклікаюць метанавае і вадароднае браджэнне цэлюлозы. Першы адзначыў, што мікраарганізмы можна выкарыстоўваць як хім. індыкатары. Аўтар першага ў Расіі падручніка «Асновы мікрабіялогіі» (1909).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКІЛАСТАМО́З,
гельмінтозная хвароба чалавека і жывёл, пры якой пашкоджваецца тонкі кішэчнік. Узбуджальнік — нематоды з роду анкіластом (Ancylostoma). Сустракаецца пераважна ў раёнах з цёплым і вільготным кліматам, на Беларусі адзначаецца ўсюды. Прыкметы: ірвота, паносы з прымешкамі крыві ў фекаліях, схудненне. Яйцы паразіта з калам інвазіраваных чалавека і жывёл трапляюць у вонкавае асяроддзе, з іх развіваюцца рухомыя лічынкі, якія праз рот ці скуру пранікаюць у арганізм гаспадара і ператвараюцца ў кішэчніку ў палаваспелых анкіластом. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ФА́КТАРЫ,
рухальныя сілы, якія ўплываюць на прыродныя працэсы і паходжаннем звязаны з існаваннем і дзейнасцю чалавека. Сукупны ўплыў антрапагенных фактараў фарміруе антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што адбываецца ў комплексе з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі і характарызуецца цеснай сувяззю і ўзаемазалежнасцю паміж імі. Адмоўнае і станоўчае значэнне антрапагенных фактараў для існавання жывых арганізмаў і чалавека выяўляецца на ўзроўні асобных экасістэм (найб. яскрава) і біясферы ў цэлым, улічваецца пры планаванні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСФЕ́Н (Antisthenēs; каля 444 — каля 365 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік школы кінікаў. Вучань сафіста Горгія, потым Сакрата, пасля смерці якога адкрыў уласную школу. Лічыў паняцці абстракцыямі рэчаў, якія адзіныя рэальна існуюць. Вышэйшым крытэрыем ісціннасці і мэтай жыцця лічыў дабрачыннасць. Аддаваў увагу праблемам этыкі, прапагандаваў вяртанне да «натуральнага стану», адмову ад багацця, раскошы, пачуццёвай асалоды, вёў аскетычны лад жыцця. У сферы палітыкі адмаўляў дзяржаву, паліт. дзейнасць, сац. роўнасць і інш.сац. «ўмоўнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТУРЛІ́Н (Васіль Васілевіч) (?—1656),
рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМ-ФІ́ЛЬТР,
прылада для фільтравання, дзеянне якой заснавана на стварэнні вакуумнай помпай рознасці ціскаў па абодва бакі фільтравальнага матэрыялу. Бываюць перыядычнага і безупыннага дзеяння. Выкарыстоўваюцца для раздзялення суспензій, якія маюць цвёрдыя часціцы ва ўзважаным стане, прапампоўваннем іх праз тканіну, сетку, керамічныя пліткі. Пашыраны ў хім. прам-сці, металургіі (пры абагачэнні карысных выкапняў) і інш.