ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі зБССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед.навук. т-вы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.
польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам.гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАГА КАНА́ЛА АБАРО́НА 1944,
абарона Дняпроўска-Бугскага канала фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партыз. злучэнняў у Вял.Айч. вайну ў лют.—сак. 1944.
Гітлераўскае камандаванне групы армій «Цэнтр» вырашыла ачысціць раён паміж р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам ад партызан, каб прадухіліць іх злучэнне з часцямі Чырв. Арміі. Для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партыз. сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс.чал. Больш за месяц (з 21.2.1944 па 31.3.1944) партызаны вялі баі звял. групоўкай праціўніка, гэтым істотна дапамаглі Чырв. Арміі, якая вяла тут наступленне. У в. Зарэчка Драгічынскага р-на ў гонар бел. партызан пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЖКІ,
вясельныя чыны з бліжэйшай світы маладой (незамужняя сястра, дачка хросных бацькоў, блізкія сяброўкі) або маладога (нежанаты брат, блізкія сваякі, сябры). Д. нявесты (баяркі, бальшанкі, паднявесціны, шаферкі) суправаджалі яе на працягу вяселля ў яе хаце да ад’езду ў дом маладога. Галоўнай была старшая Д., якая разам з маладой хадзіла на запросіны, удзельнічала ў выпяканні каравая, віла вянок на суборную суботу, расплятала і заплятала касу на пасадзе і г.д. Старшы Д. з боку жаніха разам з ім хадзіў запрашаць на вяселле радню, ехаў за маладой, садзіў маладога на пасад, трымаў вянок над яго галавой у час вянчання. Звычайна колькасць Д. была няцотнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫБО́ЎСКІ (Уладзіслаў Іванавіч) (18.4.1838, маёнтак Адамарын Вілейскага пав., цяпер Маладзечанскі р-н — 27.7.1910),
бел. заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фалькларыст. Д-р мінералогіі (1878). Брат Б.І.Дыбоўскага. Скончыў Тартускі ун-т (1862). За ўдзел у паўстанні 1863—64 прыгавораны да турэмнага зняволення. З 1871 працаваў у Тартускім ун-це. З 1878 жыў у маёнтку Нянькава на Навагрудчыне. Аўтар прац па выкапнёвых рэштках Усх. Прыбалтыкі, Сібіры (матэрыялы дасылаў брат); даследаваў флору і фауну Навагрудчыны і інш. Збіраў бел. фальклор. У час. «Zbiór wiadomości do antropologii krajowej» («Збор звестак па айчыннай антрапалогіі») апублікаваў арт. «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (1881), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (1886).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРДА́Н ((Jourdan) Жан Батыст) (29.4.1762, г. Лімож, Францыя — 23.11.1833),
французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804). Граф (1816). У 1779—83 удзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У Франц. рэвалюцыю 1789—99 камандаваў батальёнам валанцёраў (з 1791), корпусам, арміяй (з 1793); перамог аўстр. войскі пры Флёрусе (1794). Ініцыятар закону аб канскрыпцыі (воінскай павіннасці). У час перавароту Васемнаццатага брумера 1799 выступіў супраць Напалеона Банапарта, пасля падтрымаў яго. У 1804—05 камандуючы Італьян. арміяй, у 1806—09 і 1812—13 ваен. саветнік і нач. штаба ісп. караля Жазефа Банапарта. З 1814 на службе ў Бурбонаў, камандаваў ваен. акругай. З 1819 чл. палаты пэраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХВО́РВАННЕ,
медыка-статыстычны паказчык здароўя насельніцтва, які характарызуе распаўсюджанасць, структуру і дынаміку хвароб у цэлым, зарэгістраваных за год, а таксама ў асобных узроставых, палавых, сац., прафес., тэр. яго групах. Вылічваецца колькасцю хвароб на 100, 1000, 10 000, 100 000 насельніцтва. Адрозніваюць першасныя З. — сукупнасць хвароб, упершыню зарэгістраваных на працягу года, і хваравітасць (распаўсюджанасць) — сукупнасць усіх хвароб сярод насельніцтва і частата паталогіі, выяўленая пры мед. аглядзе (вызначаецца частата новых хвароб і распаўсюджанасць усіх хвароб, што працякалі доўгі час). Сістэма аховы здароўя ажыццяўляе спец. ўлік інфекц. (эпідэміял.), неэпідэміял. і прафес.З., улічвае і вывучае З. з часовай стратай працаздольнасці ці часовай непрацаздольнасцю.
частка горнай сістэмы Карпат на З Румыніі. Абмежаваны на З Сярэднедунайскай раўнінай, на Пн — далінай р. Самеш, на У — Трансільванскім плато, на Пд — далінай р. Мурэш. Вылучаюць цэнтр. платопадобны горны масіў Біхар (выш. да 1848 м), вапняковыя горы Траскэў (да 1370 м) і Металіч (да 1438 м), на З хрыбты Кодру (1112 м), Зэранд і Пэдура-Краюлуй (ніжэй за 1000 м), на Пн — хрыбты Месеш, Плапіш і Фэджэт. Складзены з гранітаў, крышт. сланцаў, вапнякоў і вулканічных парод. Радовішчы каляровых металаў (золата, серабро, поліметалы, ртуць), здабыча мармуру. андэзіту, вапняку. Букавыя, дубовыя і хваёвыя лясы, лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГУЛЯ́РЫ (cagoulards ад франц. cagoule манаскі клабук),
члены тайнай прафаш. арг-цыі ў Францыі ў 1932—40. Кіруючы цэнтр арг-цыі («Сакрэтны к-трэв. дзеяння») на чале з марскім інж. Э.Дэлонклем (склаўся ў 1936), рыхтаваў змовы супраць урадаў Нар. фронту, праводзіў акцыі тэрору супраць паліт. апанентаў, кантактаваў зісп. франкістамі. Праграма К. прадугледжвала стварэнне ў Францыі фаш. дзяржавы на ўзор Італіі. Атрымлівалі грашовыя і інш. сродкі з фондаў арміі, ад манаполій і з-за мяжы (найперш ад італьян. фашыстаў). Гал.сац. база — кансерватыўныя ваенныя. Пасля акупацыі б.ч. Францыі ў пач. 2-й сусв. вайны (1940) большасць К. падтрымала ўрад «Вішы».