Лес, ліс ’лес’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’дрэвастой’ (ТС), ’вільготны лісцевы лес’ (Маш.), ’лесаматэрыял’ (ТС, Зянк.), ’будаўнічы матэрыял з драўніны’, лесам ’без догляду’ (Сл. паўн.-зах.), лясьсё ’нелюдзімае, дзікае месца’ (міёр., Нар. сл.). Укр. ліс, рус. лес, польск. las, палаб. lʼos, луж. lěs, чэш., славац. les, славен. lẹ̑s, серб.-харв. ле̑с, lȉjęs, балг. лес, ст.-слав. лѣсъ. Семантыка гэтай лексемы размяркоўваецца наступным чынам: паўсюдна lěsъ абазначае ’будаўнічы матэрыял’, а на поўначы і ’лес — сукупнасць дрэў’, першае з іх лічыцца першасным для прасл. lěsъ, якое тады можна генетычна суаднесці з лац. lignum драўніна, матэрыял’, якое з *likʼ‑no‑m (Мартынаў, Лекс. Палесся, 33; Брукнер, 290). Агляд іншых малаімаверных або малапераканаўчых версій гл. яшчэ Слаўскі, 4, 56; Скок, 2, 298; Фасмер, 2, 485.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́шчаткі, лэшчаткі ’хірургічныя шыны’ (брэсц., Нар. лекс.; драг., Сл. паўн.-зах.), ’расшчэпленая палка’ (Сцяшк. Сл.), (к)ляшчоткі ’прыстасаванне для пакладання жывёл’, ’дошчачкі, якія ўдараюцца адна аб адну для атрымання гуку’, лешчотка ’драўляныя ціскі’ (ТС). Укр. лещата, лёшчати ’шчамлёткі’, ’шыны’, ’ляшчоткі для пакладання коней’, рус. лещотка ’тс’, лещадь ’распілаваная палка, жэрдка для здымання фруктаў з дрэва’, польск. leszczota, leszczoty, leszczotki ’шыны’, ст.-польск. leszczotka ’расшчэпленае паленца, якое ўжывалася для пакладання’, магчыма, чэш. мар. lesta ’дошчачка, на якую вешаюць карціны’. Паўн.-прасл. lešce‑etь, leščetka, leščedъ, роднасныя да leskati, leščati, — паводле Бернекера (1, 702). Больш падрабязна гл. Куркіна (Этимология–1974, 47–49), Фасмер (2, 491), Слаўскі (4, 174–176). Сюды ж з семантычным пераносам (паводле падабенства) лексема лешчаткі ’сцёгны’ (свісл., Шатал.). Гл. таксама ляшчоткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясе́лле, вясе́лля, весі͡еле, высі́льле, вясе́лё ’вясельная дружына’; ’вяселле’ (БРС, Нас., Булг., Мядзв., Гарэц., Шат., Мал., Грыг., Бяс., віл., З нар. сл., Сцяшк., ДАБМ, к. 338), укр. весі́лля ’тс’, рус. паўдн., смал., пск., валаг., арханг., урал. веселье ’вяселле’, свярдл., арханг. ’вечарынка’, ст.-рус. веселье ’радасць, забава, пацеха’; ’вяселле’, польск. wesele ’весялосць, радасць, забава’; ’бяседа’; ’банкет’; ’вяселле’; ’шлюб у касцёле’; ’хрэсьбіны’, н.-луж. wjasele ’радасць, весялосць’, в.-луж. wjeselo ’радасць, пацеха, асалода, забава’, чэш. veselí ’вясёлы, радасны настрой, весялосць’; ’вясёлая забава’; ’вяселле’, славац. veselie ’вяселле’, уст. ’весялосць, забава, добры настрой’, славен. vesélje ’радасць, пацеха, забава, асалода’, серб.-харв. весе́ље ’бяседа, забава, весялосць’, макед. веселие ’весялосць, банкет, бяседа’; ’урачыстасць, свята’, балг. веселие ’весялосць, свята’. Да прасл. veselьje, якое ўтворана ад вясёлы (гл.) і абстрактнага суф. ‑ьje.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́шка1 ’галушка’ (БРС, Касп., Нас., Сцяшк. МГ), таксама ’шарык, галачка’ (Касп.). Рус. галу́шка, укр. галу́шка, польск. gałuszka (hałuszka; гэты апошні варыянт запазычаны з укр.; гл. Брукнер, 133). Адносіны паміж асобнымі словамі ў слав. мовах даволі складаныя. Рус. слова лічыцца запазычаннем з укр. (гл. Шанскі, 1, Г, 20). Укр. галушка, паводле Шанскага (там жа), хутчэй за ўсё ўзята з польск. мовы (gałuszka < gała). Штосьці пэўнае адносна бел. слова сказаць цяжка, бо няма дастатковых даных адносна гісторыі гэтай лексемы. Аб слове галу́шка ў бел. дыялектах гл. падрабязна Сцяц. Нар., 36–37, які адзначае, што як назва стравы слова галушкі малаўжывальнае і часцей яно сустракаецца ў форме галушка (адз. л.) са значэннем мучнога шарыка ў зацірцы.

Галу́шка2 ’звязка апрацаванага лёну’. Гл. галу́шка1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нале́цце ’будучы год’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др., Юрч., Сл. ПЗБ), нале́цьця ’тс’ (Бяльк.; бялын., Янк. Мат.; чавус., Нар. сл.; Яўс.; віл., Жыв. сл.), нале́цце ’лета (наступнае)’ (Мат. Гом.). Сюды ж нале́та ’ў будучым годзе’ (Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), на‑ле́то ’на будучы год’ (Мядзв.), якія тлумачаць паходжанне слова. Цікавую паралель уяўляюць в.-луж. nalěćo, н.-луж. nalěto ’вясна’, якія Шустар-Шэўц (13, 985) выводзіць *na lěto, *na letьje ’час, калі паварочвае на лета’. Ва ўсіх гэтых выпадках пад летам разумеецца ’спрыяльная пара для палявых работ’, пра што сведчыць наступны тэкст у слоўніку Насовіча: Загадаю загадку; закину за грядку; нехай моя загадка лежыць до налецця, г. зн. сяўба жыта на зіму. Слова вядома таксама паўднёварускім гаворкам: нале́тье, нале́тие ’будучы год; будучае лета’ (СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́а ’не (адмова)’: неа, ні пайду (мсцісл., З нар. сл.), ’тс’ (Грыг., Гарэц.; бялын., Янк. Мат.; ТС), не́‑а ’тс’ (Янк. 1), не́ка ’тс’ (Цых.). З не́ е(сць) (< *ne jestь) у выніку выпадзення j у інтэрвакальным становішчы і змены э > а ў занаціскным складзе, як у зна́а < знае, сыро́а < сырое (гл. Карскі, 1, 270), параўн. чэш. дыял. neʼe славен. дыял. naʼa, апошняе можа выступаць і ў форме naka, параўн. таксама і балг. радоп. на́ка ’не’, што адпавядаюць чэш. дыял. neʼ (nek) з прыдыханнем (гл. ESSJ SG, 2, 437, 441); адпаведна з гэтым гродз. не́ка ўзнікла ў выніку устаўкі ‑к‑. Іншыя версіі: неа < не́ка, дзе ‑ка, як у нема́ека, ту́така, та́мака, ёсцека і пад., або з неќаць ’гаварыць не’, здаюцца менш верагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ніж ’чым, як’ (слонім., Нар. словатв., ТС), нэж ’тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. нижъ, нижь ’тс’, укр. ніж ’тс’, польск. niż ’тс’, чэш., славац. než, н.-луж., niž ’тс’, в.-луж. njež ’тс’. Скарочаны варыянт *neže (ne + že), параўн. ст.-слав. неже (Махэк₂, 398; ESSJ SG, 2, 459), адносна бел. і ўкр. форм з ‑і‑ выказваецца меркаванне пра запазычанне з польскай мовы (ESSJ SG, 2, 456; Карскі, 1, 198), аднак тут магчыма адмоўе ні, якое, паводле Карскага (1, 187), «у беларускай змешваецца з не», што дазваляе рэканструяваць зыходнае *niže (ni + že), параўн. ESSJ SG, 2, 456. Ст.-бел. нижли, нижьли, нижели (XVI ст.), сучаснае ніжлі ’чым, як’ (Нас.) (*ne‑že‑li або *ni‑že‑li), разглядаецца як паланізм (Карскі, 1, 187, 198).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́каць ’хавацца ў кутках, схіляць галаву’ (Нас.), ’шукаючы, заглядваць усюды’ (круп., Нар. сл.; Касп.), ’выглядваць; хадзіць сюды-туды’ (Мат. Гом., Ян.), ’прыглядацца’ (Сл. ПЗБ), ’сланяцца па кутках, хадзіць без мэты’ (Шатал.), ’заглядаць, куды не просяць’ (Янк. 3.), ’сноўдацца без справы’ (Пал.), сюды ж нік ’зірк’ (Янк. 3.), укр. ника́ти ’хадзіць, бадзяцца, сноўдацца, усюды заглядваючы’, рус. ни́кать ’даваць нырца; хадзіць без справы, без мэты’, славен. nikati ’адмаўляць; нахіляцца’. Прасл. *nikati з першапачатковым значэннем ’схіляць галаву да зямлі, нахіляцца’ (Махэк₂, 399), роднаснае літ. nỹkti ’слабець, панікаць’, прус. neikaut ’бадзяцца, сноўдацца’ і інш. Мяркуецца, што трэба адрозніваць разгледжанае *nikati1 ад nikati2, прадстаўленага ў дзеясловах тыпу ўнікаць, рус. проникать і пад., роднаснага літ. įnikti ’горача ўзяцца за што-небудзь’ (Фасмер, 3, 74; Махэк₂, 399; Бязлай, 2, 223).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)