штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-асв. кірунку. Выдавалася з 27.1(9.2) да 8(21).10.1908 у Мінску на рус. мове (з 6(19).6 да 22.8(4.9).1908 не выходзіла). Працягвала дэмакр. традыцыі газ.«Минский листок» і «Северо-Западный край», арыентавалася на мясц.прагрэс. інтэлігенцыю. Крытыкавала грамадска-паліт. лад Рас. імперыі, выкрывала рэакц. палітыку правых партый і груповак, выступала ў падтрымку студэнцкага і рабочага руху, у абарону паліт. вязняў. Асвятляла літ., тэатр. і муз. жыццё Расіі і Мінскай губ., прапагандавала рэаліст. і дэмакр. традыцыі рус. л-ры. У шэрагу артыкулаў У.Самойлы, М.Караліцкага, Н.Чарноцкага аб’ектыўна ацаніла сімвалізм, рэалізм, авангардысцкія плыні ў л-ры (Л.Андрэеў, З.Гіпіус, М.Арцыбашаў), драматургіі і тэатры (У.Меерхольд, М.Метэрлінк, Г.Ібсен, М.Горкі). Апублікавала артыкулы супрацоўнікаў рэдакцыі Самойлы «Нататкі» і Чарноцкага «Да пытання пра беларускую народную школу» ў абарону бел. мовы ў школе. Упершыню надрукавала ў рус. перакладзе Самойлы верш Я.Купалы «Беларусу» і арт. Самойлы «Вялікае свята», у якім аўтар вітаў выхад зб. паэзіі Я.Купалы «Жалейка» і апублікаваў яго верш «Да мужыка». Выйшла 148 нумароў. Выданне спынена ў выніку суд. праследаванняў і адм. спагнанняў.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць устойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕН, Плеўна,
горад на Пн Балгарыі. Каля 400 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Трансп. вузел. Цэнтр с.-г. раёна Дунайскай раўніны. Прам-сць: харчовая і харчасмакавая (мяса-малочная, плодакансервавая, вінаробчая, тытунёвая), маш.-буд. (кавальска-прэсавае і энергет. абсталяванне, прыладабудаванне), нафтаперапр., гумавая, цэм., тэкст., шкляная. НДІ вінаградарства і вінаробства, кармавых культур. Маўзалей рус. і рум. воінаў, якія загінулі ў рус.-тур. вайне 1877—78; парк-музей рас. генерала М.Дз.Скобелева. Гіст. музей. Маст. комплекс — панарама «Плевенская эпапея 1877». Турызм.
На тэр. сучаснага П. першае паселішча ўзнікла ў 4—3 ст. да н.э. У 1—2 ст.н.э.рым. крэпасць пад наз. Старгозія. З 3 ст. горад. У 11—12 ст.балг. гандлёвы цэнтр. Як П. упершыню згадваецца ў 1266. У 14 ст. пасля захопу туркамі заняпаў. У час рус.-тур. вайны 1806—12 рас. войскі ў 1810 разбурылі гар. крапасныя ўмацаванні. У 1877 у П. і вакол яго туркі стварылі буйны ўмацаваны лагер. У час рус.-тур. вайны 1877—78 каля П. адбываліся працяглыя і ўпартыя баі саюзных (рус. і рум.) армій і балг.нар. апалчэння супраць групоўкі тур. войск, якая была вымушана капітуляваць. У 1919—21 і 1922—23 П. — камуна. У 2-ю сусв. вайну вызвалены Сав. Арміяй у 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІЯ, Дэла Робія (Della Robbia),
сям’я італьянскіх скульптараў эпохі Адраджэння. Жылі і працавалі ў г. Фларэнцыя (Італія). Упершыню выкарысталі тэхніку каляровай маёлікі ў рэльефе і круглай пластыцы. Лука дэла Р. (1399 або 1400—23.2.1482). Вучыўся ў ювелірнай майстэрні. Зазнаў уплыў Л.Гіберці. Напачатку працаваў у бронзе і мармуры: рэльефы пеўчай трыбуны ў саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1431—38) і кампанілы сабора ў Фларэнцыі (1437—39). З 1440-х г. вырабляў маёлікавыя рэльефы для аздаблення будынкаў і алтароў, кампазіцыі з выявай Мадонны. Творы вызначаюцца лірычнай адухоўленасцю, ураўнаважанасцю кампазіцыі, мяккасцю трактоўкі абагульненых форм, чыстатой тонаў. Сярод работ: 13 медальёнаў у капэле Пацы царквы Санта-Крочэ, люнета Палацца дэі Капітані дзі Партэ Гуэльфа, гербы 3 цэхаў на фасадзе Арсанмікеле (каля 1455—65), рэльефы бронз. дзвярэй Новай сакрысціі сабора ў Фларэнцыі (1464—69). Андрэа дэла Р. (1435—1525), пляменнік, прыёмны сын і вучань Лукі; пасля яго смерці ўзначаліў майстэрню. Пашырыў сферу выкарыстання маёлікі і яе тонавыя градацыі. Сярод твораў: медальёны з выявамі спавітых немаўлят на фасадзе Аспедале дэльі Іначэнці (1463—66), група «Сустрэча Марыі з Лізаветай» для царквы Санта-Джавані Фуарчывітас у Пістоі (1491) і інш.Джавані дэла Р. (1469 — пасля 1529), сын і вучань Лукі. Аўтар маёлікавых рэльефаў, якія вызначаюцца багаццем паліхроміі і нагадваюць жывапісныя алтарныя вобразы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́ЛАЎ,
вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 166 км ад Гомеля. 808 ж., 338 двароў (2001). Участак камунальнага унітарнага прадпрыемства «Камунальнік Палесся». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Капліца (1906), царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі курганныя могільнікі (10—13 ст.).
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1497 у ВКЛ у сувязі з нападам татараў і забойствам у вёсцы кіеўскага мітрапаліта Макарыя. У 16 ст. каралеўскі маёнтак, потым прыватнае ўладанне. З 1782 мястэчка ў Мазырскім пав. З 1793 у Рас. імперыі. З 1861 цэнтр воласці. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у С. 495 ж., 57 двароў, школа. царква, яўр. малітоўны дом, крама, у 1909 — лесапільны з-д, урачэбны пункт. З канца 1930-х г. — вёска. З 20.8.1924 да 14.10.1926 і з 3.7.1939 цэнтр сельсавета ў Мазырскім р-не, з 15.10.1926 у Слабодскім, з 4.8.1927 у Петрыкаўскім р-нах. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С. 53 чал., 40 чал. вывезены на катаржныя работы ў Германію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРА́СЦІ ХРЫСТО́ВЫ»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай літаратуры канца 15 ст., легендарна-апакрыфічная аповесць пра Ісуса Хрыста. Змешчаны ў рукапісным зборніку разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Жыціем Аляксея, чалавека божага». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем польскіх і чэш. крыніц, напісана дробным паўуставам. Пераклад зроблены католікам, вызначаецца высокай дакладнасцю і маст. дасканаласцю. Мова аповесці без царкоўнаславянізмаў, поўна адлюстроўвае жывую бел. мову таго часу. Асн.літ. крыніца помніка — апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма.
У цэнтры твора яркае, драматычна напружанае апісанне апошніх дзён жыцця, пакутніцкай смерці і ўваскрэсення гал. героя, Смерць Ісуса Хрыста пададзена з пункту гледжання царк.-рэліг. ідэйна-маст. канцэпцый хрысціянства як гераічны подзвіг і высакародная ахвяра ў імя лепшай будучыні ўсіх людзей. У аповесці створаны таксама вобраз Багародзіцы. Душэўныя перажыванні Божай маці, глыбокі боль за сына раскрыты ў псіхалагічна праўдзівых маналогах-плачах. Упершыню выдадзены М.М.Тупікавым у 1901. Зборнік зберагаецца ў Расійскай Нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
Публ.:
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.
Літ.:
Карский Е.Ф. Западнорусский сборник XV в Императорской Публичной библиотеки в С.-Петербурге Q.I. № 391 // Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам М., 1962;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАЎ Гаўрыіл Андрыянавіч (1.5.1875, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 25.1.1960),
савецкі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі. Чл.-кар.АНСССР (1927). Акад.АН Казахстана (1946). Ганаровы акад.Нац.АН Беларусі (1959). Засл. дз. нав. Казахстана (1946). Скончыў Маскоўскі (1897) і Парыжскі (1901) ун-ты. Пабудаваў хатнюю абсерваторыю ў Смалявічах (1894). У 1906—41 у Пулкаўскай абсерваторыі. Адначасова ў 1919—31 у Ленінградскім ун-це, у 1919—49 у Прыродазнаўча-навук. ін-це. З 1941 у Алма-Аце, з 1947 заг. сектара астрабатанікі АН Казахстана. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, атм. оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у кароткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ц. — Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна. мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго імем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.
Тв.:
Основные труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1954—60;
Шестьдесят лет. у телескопа. М., 1959.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира: Рекоменд. указ. М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́РЫХ (Zürich),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц.аднайм. кантона. 343 тыс.ж. (1992), з прыгарадамі 835 тыс. Порт на Цюрыхскім возеры і р. Лімат. Буйны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гал.прамысл. і гандл.-фінансавы цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., паліграф., харчовая. Ун-т. Музеі: швейцарскі, Кунстхаўз (мастацтва 14—20 ст.), маст. рамёстваў. Арх. помнікі: раманска-гатычныя саборы Гросмюнстэр (12—15 ст.), Фраўмюнстэр (13—14 ст.), ратуша (17 ст.), барочныя дамы рамесных гільдый (17—18 ст.).
Узнік у 6 ст. на месцы кельцка-герм. паселішча Турыкум. Як горад упершыню ўпамінаецца ў 929; у 1218 атрымаў статус імперскага горада. У выніку паўстання 1336 рамеснікі Ц. дамагліся прадстаўніцтва ў гар. кіраванні. У 1351 далучыўся да Швейц. канфедэрацыі, стаў гал. горадам аднайм. кантона. У 16 ст. Ц. — адзін з цэнтраў Рэфармацыі ў Швейцарыі, якой кіраваў У.Цвінглі. Секулярызацыя манастырскіх зямель і інш. дзеянні выклікалі ў 1529 і 1531 канфлікт з каталіцкімі кантонамі. У 1799 каля Ц. адбылася бітва паміж рас. і франц. войскамі ў час вайны 2-й кааліцыі супраць Францыі, якая скончылася паражэннем рас. армій. У 2-й пал. 19 ст. Ц. — буйны банкаўскі, прамысл. і культ.цэнтр. У 19 — пач. 20 ст. адзін з цэнтраў рэв. эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧКА́ЛАЎ Валерый Паўлавіч (2.2.1904, с. Васілёва, цяпер г. Чкалаўск Ніжагародскай вобл., Расія — 15.12.1938),
лётчык-выпрабавальнік, камбрыг (1938). Герой Сав. Саюза (1936). Вучыўся ў тэхн. вучылішчы ў г. Чарапавец (1915—18). Скончыў ваен.-авіяц. школы ў Барысаглебску (1923), Маскве і Серпухаве (абедзве ў 1924). З 1924 ваен. лётчык-знішчальнік, з 1928 лётчык-інструктар Ленінградскага авіяклуба, у 1930—38 (з перапынкамі) лётчык-выпрабавальнік Навук.-выпрабавальнага ін-та ВПС і шэрагу авіязаводаў. Майстар вышэйшага пілатажу, у якім распрацаваў і ўкараніў новыя фігуры — узыходзячы штопар і запаволеная «бочка». На самалёце АНТ-25 экіпаж у складзе Ч. (камандзір), Г.П.Байдукова (2-і пілот) і А.В.Белякова (штурман) упершыню ў свеце здзейсніў звышдалёкія беспасадачныя пералёты Масква—Петрапаўлаўск-Камчацкі—в-аў Уд (цяпер в-аў Чкалаў) у Ахоцкім м. (22—23.7.1936, 9374 км за 56 гадз 20 мін) і Масква—Паўн. Полюс—Ванкувер у ЗША (18—20.6.1937, 8504 км за 63 гадз 16 мін). Карыстаўся папулярнасцю ў СССР і свеце. Загінуў пры выпрабаванні новага самалёта-знішчальніка. Яго імем названы населеныя пункты, вуліцы, школы, у т. л. на Беларусі; у гады Вял.Айч. вайны імя Ч. насілі 2 брыгады і больш за 20 атрадаў бел. партызан.