ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),

удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,

металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.

В.​І.​Шагун.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУРЫ́ЗМ у мастацтве,

плынь у франц. жывапісе 1910—20-х г. Заснавальнікі і гал. прадстаўнікі — А.​Азанфан і Ле Карбюзье. У сваім маніфесце «Пасля кубізму» (1918) яны адвяргалі дэкаратывісцкія тэндэнцыі кубізму 1910-х г. і прынятую ім адвольную дэфармацыю натуры, дэкларавалі стварэнне мастацтва дэкаратыўнага паводле сваёй мэты і крайне строгага па форме, ачышчанага ад дэталей і ўскладненняў. У творах, якія вызначаліся падкрэсленай плоскаснасцю, плаўнай рытмікай паўпразрыстых сілуэтаў і контурных абрысаў наўмысна аднатыпных прадметаў, пурысты імкнуліся да рацыяналістычна дакладнай перадачы ўстойлівых прадметных форм, выяўлення першасных элементаў, на ўспрыняцце якіх затрачваўся б мінімум энергіі. У эстэтыцы П. склаліся прынцыпы функцыяналізму.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВЫ́ ТОК,

ток, які спажываецца з эл. сеткі электрарухавіком у момант пуску. Можа ў шмат разоў пераўзыходзіць намінальны ток рухавіка, таму патрабуе абмежавання.

У асінхронных рухавікоў з фазным ротарам для абмежавання сілы П.т. ў ланцуг ротара паслядоўна ўключаюць пераменны токаабмежавальны рэзістар (пускавы рэастат). Сілу П.т. магутных сінхронных і асінхронных рухавікоў часам абмяжоўваюць рэактарамі электрычнымі (у выглядзе шпуль індуктыўнасці). Абмежаванне П.т. неабходна і для змяншэння пускавога моманту паводле ўмоў мех. трываласці валоў і інш. частак механізмаў або для дасягнення больш плаўнага пуску рухавіка ва ўмовах вытв. працэсу. Для розных мэт і ўмоў існуе разнастайная пускарэгулявальная апаратура.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ ФІЗІЯЛАГІ́ЧНЫЯ,

група водных раствораў солей, якія паводле асматычнага ціску, саставу, актыўнай рэакцыі асяроддзя і буферных уласцівасцей блізкія да плазмы крыві і пазаклетачнай вадкасці чалавека і жывёл. Першы Р.ф. (раствор Рынгера) прапанаваны ў 1883 для правядзення фізіял. эксперыментаў над халаднакроўнымі жывёламі, у 1901 — Р.ф. Рынгера—Лока для цеплакроўных жывёл, варыянты якога адрозніваюцца суадносінамі асн. інгрэдыентаў. У саставе Р.ф. хларыды натрыю, калію, кальцыю, гідракарбанат натрыю, таксама хларыд магнію, глюкоза, фасфаты. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне (пры абязводжванні арганізма, страце крыві, парушэнні водна-салявага балансу, атручэннях і інш.), у мед.-біял. эксперыментах і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСХО́Д ВАДЫ́,

аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.

2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАНАЎ (Генадзь Мікалаевіч) (н. 12.1.1945, с. Грачоўка Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Куйбышаўскі політэхн. ін-т (1968). З 1968 у БДУ. З 1973 у Магілёўскім тэхнал. ін-це (у 1973—77 і з 2000 заг. кафедры, у 1977—79 прарэктар). Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы арган. злучэнняў, у т. л. эксперым. даследаванні раўнавагі ў рэакцыях ізамерызацыі, разліку тэрмадынамічных функцый злучэнняў паводле малекулярных і спектральных даных.

Тв.:

Термодинамика и равновесия изомеров. Мн., 1986 (разам з Г.​Я.​Каба, М.​Л.​Фрэнкелем);

Термодинамические характеристики реакций изомеризации. Мн., 1988 (з імі ж).

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маца — старажытная мера сыпучых цел, роўная 0,325 вядра, а паводле М. Гарбачэўскага (Словарь древ. акт. яз., 203), = 1 варшаўскаму гарцу, або 3,76 літра; ст.-бел. маца ’мера збожжа’ (1509 г.) запазычана са ст.-польск. maca, якое з с.-в.-ням. mëtze, суч. ням. Metze ’гарнец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 153).

Ма́ца ’набітая конскім воласам скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання набору фарбай’ (ТСБМ). З рус. ма́ца ’валік для фарбы’, якое з італ. mazzo ’дубінка, дручок’ (Мацэнаўэр, Cizí sl., 247; Фасмер, 2, 585).

Маца́ ’тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія (паводле яўрэйскага абраду) выпякаліся да вялікадня’ (ТСБМ, Нас.). З ідыш maze, якое са ст.-яўр. maṣṣā ’праснак’ (Вінер, ЖСт, 1895, 1, 64; Карскі, Труды, 173; Фасмер, 2, 585). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 153) і Кюнэ (74), запазычана з польск. maca ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Літоўка1 ’від касы’ (лід., Сцяшк.), зах.- і паўн.-рус. литовка ’розныя віды кос’. Названа (першапачаткова) паводле месца выпуску. Да літва́ (гл.). Іншыя матывацыі гл. Непакупны, Связи, 155–157. Параўн. таксама Слаўскі, 4, 300–301.

Літоўка2 ’доўгая сцірта сена’ (гродз., Сцяшк.). Рус. цвяр., наўг. литви́н ’сцірта аўса’, ’доўгая сцірта аўса’. Да літва́ (гл.). Аналагічна палес. ляшок ’укладка з 10 снапоў’ — лях ’паляк’ (паводле этноніма).

Літоўка3 ’літаванне, пайка’ (Нас.). Да літава́ць (гл.). Насовіч (269) памылкова адносіць да літ. laitus ’клей’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)