Валкава́ць 1 ’качаць бялізну’ (Шатал., Шн., Інстр. I). Да валкі ’качалкі для бялізны’ (гл.).
*Валкава́ць 2, валковати ’есці на поўны рот’ (КЭС). Клімчук (Бел.-рус. ізал., 51) параўноўвае з рус. валкий ’ласы, сквапны, зайздросны’ (СРНГ, 28). Літ. válgyti ’есці’, valgùs ’пражэрлівы, той, хто многа есць’ дазваляе меркаваць, што *валкаваць, *валкі з’яўляюцца балтызмамі.
Валкава́ць 3 ’зграбаць сена ў валкі’ (БРС, КСТ, КЭС). Укр. валкувати ’тс’. Да вал 4.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Варэ́йка ’гліняны гаршчок, гаршчок’ (Янк. Мат., Інстр. I, Бяльк., Шатал.). Параўн. палес. вары́йка ’гаршчок’ (Лысенка, ССП), укр. варі́йка ’маленькі гаршчок’. Утварэнне ад *variti ’варыць’ (гл.). Зыходнае: *varěja, *varějьka. Параўн. чэш. дыял. vařaja, vařeja, vařejka, славац. varajka, varejka ’мешалка, апалонік’. Фантастычна Махэк₂ (678), які выводзіць з *tvar‑ (ад кораня *tver‑ ’памешваць’). Пра магчымыя сувязі бел. слова на слав. глебе гл. Цыхун, БЛ, 5, 49–50.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Весяле́ц ’журавель’ (Мат. Гом., КСТ) разам з польск. wesełyk ’назва жураўля’ (Варш. сл.) і ўкр. весе́лик складаюць вузкі арэал, дзе гэта эўфемістычная назва, відавочна, даволі старая. Тое ж і ў Б. Грынчанкі: «Назва жураўля, якую трэба ўжываць замест журавель тады, калі гэтыя птушкі прылятаюць вясной, інакш будзеш журыцца цэлы год» (Грынч., 1, 141). Польск. wiesiołek ’асліннік, Oenothera’ і ’скрыпень, Epilobium’ не звязана з бел. весялец. Гл. васіле́ц.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ветраць ’прасушвацца, праветрывацца, знаходзіцца на ветры’ (КТС), вятрэ́ець (безасаб.) ’знаходзіцца, сушыцца на ветры’ (Нас.), рус. кастр. ве́трять ’сохнуць на ветры’; ’засыхаць, чарствець (аб хлебе)’; ’віцца на ветры’, чэш. větrati распадацца, выветрывацца (аб скале)’. Непераходны дзеяслоў стану, утвораны ад назоўніка větrь (гл. вецер) і суфікса ‑a‑ti, які пасля быў выцеснены прадуктыўным суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑tі), гл. ветрыць 1. Да яго семантычна блізка стаіць бел. пятрэ́ць ’сохнуць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́галаў ’аброць без повада’ (Бяльк.; Юрч., Нар. сін.). Рус. о́головь, оголо́вок, укр. (лемк.) огла́в, огла́вець, ц.-слав. оглавъ ’вуздэчка’, польск. ogłów, чэш. ohlav, ohlávka, балг. огла́вник, макед. оглав, оглавник, серб.-харв. о̏гла̄в ’тс’. Прасл. ogolvъ. З о‑ і галава. Паводле Брукнера, 376, запазычанне з ц.-слав., якое распаўсюдзілася ў слав. мовы, аднак гэтаму пярэчыць рус. форма. У бел., мяркуючы па тэрыторыі, не выключана запазычанне з рус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́скідзь ’вывернутае дрэва’ (Байк. і Некр., Куч.). Параўноўваецца з назвай населенага пункта на тэрыторыі в.-луж. гаворак Wuskidź у якасці спецыфічнай беларуска-лужыцкай ізалексы (Трубачоў, Слав. языкозн., 5, 189). Фанетыка бел. і в.-луж. слоў сведчыць, аднак, пра другасны характар гэтых форм, узнікшых у выніку лабіялізацыі, паколькі формы з вы‑ вядомы на больш шырокай тэрыторыі (рус. выскидь, чэш. výskyď і г. д.). Гл. выскадзь, выскідзь ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́падак 1 (БРС, Шат.), выпа́дак (Нас., Гарэц., КЭС, лаг.). Рус. вы́падок ’ападкі’, укр. ви́падок ’выпадак’, польск. wypadek, в.-луж. wupadk ’тс’. У бел. запазычанне з польск., дзе, відавочна, калька ням. Ausfall (параўн. Брукнер, 390). Змяненне націску ў форме вы́падак пад уплывам іншых дэрыватаў з прыст. вы‑.
*Вы́падак 2, вы́пыдык ’хвароба ў коней, выпадзенне поўсці’ (Бяльк.). Рус. дыял. выпадок ’хвароба’. Да выпада́ць з суф. ‑ак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Азгле́ць ’азябнуць, адубець’ (БРС). Няясна. Магчыма, па паходжанню з польск. oschły ’чэрствы, халодны’. Параўн. бел. паланізм осхлы (гл.). Тады осхлы > *асхлець > азглець. Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Значэнне ’халодны’ ў польскім слове толькі пераноснае, асноўнае значэнне звязана не з паняццем ’холад’, а ’сухмень’. Параўн., аднак, тлумачэнне польск. oschły як oziębły і наадварот. Іншая версія: аззлець < азалець (гл.) ’змерзнуць, акалець’ (Трубачоў, вусн. паведамл.). Магчыма, таксама да асклець (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арфагра́фія. Пад рускім уплывам гэта форма замацавана ў 1933 (Шакун, Гісторыя, 292). Да гэтага ў практыцы выкарыстоўваўся тэрмін у польскім афармленні: ортографія (Красней, Лекс. і грам., 19). У канцы XVI — пачатку XVII ст. ст.-бел. орѳографія (Зізаній). Недакладна КЭСРЯ, 302, аб французскім паходжанні рус. орфография ў XVIII ст. Фасмер (3, 154 без даты) указвае на грэчаскую крыніцу (ὀρθογραφία ’правільнае пісьмо’) пры ўздзеянні лацінскага націску.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́рхі- ўзмацняльны прэфікс, першапачаткова ў грэчаскіх словах са значэннем ’старшы, галоўны’; параўн. яшчэ ст.-рус., пазней ст.-бел. архидиаконъ, архиепископъ, архимандритъ, архистратигъ, архисинагогъ (Гіст. лекс., 121; Гіст. мовы, 1, 307; Працы IM, 7, 144, 147, 224, дзе даюцца і вытворныя), частка з якіх пазней выпала (Шакун, Гісторыя, 277). На беларускай глебе ўтвораны гібрыдныя словы тыпу архідурны, архіразумны, архімільянер. Гіст. мовы, 1, 134, 229; Фасмер, 1, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)