штогадовае выданне Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Польшчы. Выдаецца з 1957 у Беластоку на бел. мове (у 1993 друкаваўся ў Гродне, у 1994 і 1995 у Мінску). Змяшчае матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам Беларусі і Польшчы, дзейнасці БГКТ, бел.-польскім грамадскім, культ. і эканам. сувязям, даведкі пра найб. значныя падзеі і славутых дзеячаў свету, даследаванні па гісторыі, культуры і краязнаўстве Беласточчыны. Друкуе бел. фальклор, рэпертуарныя старонкі для аматарскіх фалькл. і тэатр. калектываў, творы членаў літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», біяграфіі і творы бел. пісьменнікаў, старонкі гумару, юрыд. і гасп. парады, астр. звесткі, імяніны, царк.правасл. і каталіцкі календары паводле старога і новага стыляў і інш. Выданне ілюстраванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежная няўрадавая гуманіт.арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на БеларусіМіжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),
участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,
аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах.Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.Аўсянік, В.Багдановіч, С.Баран, У.Каліноўскі, М.Кахановіч, П.Мятла, А.Назарэўскі, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, Б.Тарашкевіч, А.Уласаў, С.Якавюк, Ф.Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ХІ (Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́ШЧЫК (Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (C. hederacea); блюшчык валасісты (C. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцёбламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫЦА,
возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб.шыр. 1,02 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².
Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх.глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛСУН (Аляксандр Іванавіч) (н. 4.11.1935, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1967). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1959). У 1962—67 у Ін-це фізікі АНБеларусі, у 1967—71 і з 1993 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя», адначасова з 1995 праф.Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Аўтар першага на бел. мове «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (з Я.Н.Рапановічам, 1979), «Кароткага слоўніка фізічных тэрмінаў» (1979, 2-е выд. 1986), вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.
Тв.:
Методы математической физики. Мн., 1988 (разам з В.К.Гронскім, А.А.Бейдам);