ДЗЮБУА́ ((Dubois) Станіслаў) (7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам. гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДКО́Ў (Дзяніс Аляксандравіч) (23.6.1904, г.п. Круглае Магілёўскай вобл. — 23.3.1948),
бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1935). Скончыў БДУ. З 1931 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Ін-це гісторыі АН БССР, БДУ, Мінскім пед. ін-це. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Аўтар прац па гісторыі Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Даследаваў развіццё капіталізму, рабочы і сял. рух і інш.
Тв.:
Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Мн., 1931;
Аб развіцці капіталізма ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст. Мн., 1932.
Літ.:
Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАЧ (Тэадор Часлававіч) (9.2.1883, г.п. Чупахаўка Сумскай вобл., Украіна — 12.5.1943),
дзеяч рабочага руху, юрыст. Скончыў Харкаўскі ун-т. Працаваў у судах на Украіне. З 1919 адвакат у Польшчы, абараняў дзеячаў рэв. і нац.-вызв. руху на судовых працэсах, у т. л. на працэсе Т.Домбаля (1922), працэсе 56-і (1928), кобрынскім (1933), луцкім (1934) і інш. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. арг-цыі дапамогі рэвалюцыянерам у Польшчы. У 1933—37 нам. старшыні Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Польскай рабочай партыі і чл. яе ЦК з 1942. У 1943 арыштаваны гестапа і ў час следства закатаваны.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),
узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.Малоец, нач. Гал. штаба М.Спыхальскі (1942) і Ф.Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),
дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН ((Grahn) Люсіль) (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),
дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера.
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́АЛЬ ((Kaal) Ану) (н. 4.11.1940, Талін),
эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арг. СССР (1981). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1968). З 1963 артыстка хору, з 1967 салістка т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). Сярод партый: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.Тамберга), Канстанца, Царліна, Царыца Ночы («Выкраданне з сераля», «Дон Жуан», «Чароўная флейта» В.А.Моцарта); партыі сапрана ў буйных вак.-сімф. творах — «Страсці па Іаану» І.С.Баха, «Поры года» І.Гайдна, «Stabat mater» Дж.Б.Пергалезі, «Азарэнні» Б.Брытэна і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1968). Прэмія Г.Отса 1979.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАБАРАЦЫЯНІ́СТЫ (ад франц. collaboration супрацоўніцтва),
асобы, партыі, грамадскія рухі і арг-цыі, якія ў 2-ю сусв. вайну супрацоўнічалі з ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраваных тэрыторыях сваіх краін. Да ліку К. належалі А.Ф.Петэн, П.Лавіт (Францыя), В.Квіслінг (Нарвегія), Р.Астроўскі (Беларусь) і інш. Бел. К. ставілі за мэту стварэнне бел. войска (гл. Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона) і бел. нац. дзяржавы пад пратэктаратам Германіі (гл. Беларуская народная самапомач, Беларуская рада даверу). Становішча на франтах, разгортванне антыфаш. барацьбы на акупіраваных тэрыторыях вымушалі акупантаў пашыраць сац. базу калабарацыі. У снеж. 1943 створана Беларуская цэнтральная рада, якая фактычна спыніла дзейнасць у чэрв. 1944.
А.М.Літвік.
т. 7, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Дз.М.Жураўлёў.
т. 9, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РГА КАБАЛЬЕ́РА ((Largo Caballero) Франсіска) (15.10.1869, Мадрыд — 25.3.1946),
іспанскі прафс., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1894 чл. Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (ІСРП). У 1917—18 зняволены за ўдзел у арганізацыі ўсеагульнай забастоўкі. З 1918 дэп. картэсаў. У 1925—37 ген. сакратар Усеагульнага саюза працоўных. У час Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 міністр працы (1931—33), старшыня ІСРП (1932—35, лідэр яе левага крыла). За ўдзел у паўстанні супраць урада правых рэспубліканцаў у 1934 зняволены (амнісціраваны ў лют. 1936), прэм’ер-міністр і ваен. міністр урада Нар. фронту (вер. 1936 — май 1937). З 1939 у эміграцыі ў Францыі. У 1942—45 зняволены ў ням.-фаш. канцлагеры.
т. 9, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)