МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл. Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,

часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.​Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,

мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.

Г.​А.​Маслыка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),

1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).

2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.

3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́ДАК у матэматыцы,

лікавая характарыстыка матэм. аб’ектаў.

П. алгебраічнай крывойнайб. ступень членаў мнагаскладу, які апісвае дадзеную крывую. Напр., эліпс x2/a2 + y2/b2 = 1 — крывая 2-га парадку. П. бясконца малой велічыні a адносна бясконца малой велічыні b — лік n, пры якім існуе канечны ліміт Lim(a/bn), адрозны ад 0. Аналагічна вызначаецца П. бясконца вялікіх велічынь. П. вытворнай — лік дыферэнцаванняў функцыі для атрымання зададзенай вытворнай (гл. Дыферэнцыяльнае злічэнне). Аналагічна вызначаецца П. дыферэнцыяла. П. дыферэнцыяльнага ўраўнення — найвышэйшы П. вытворнай, якая ўваходзіць у дадзенае ўраўненне. П. набліжэння — П. хібнасці набліжэння пераменнай велічыні адносна інш. пераменнай, паводзіны якой лічацца вядомымі.

Калі пры вылічэннях (даследаваннях) у матэм. выразах адкідваюцца ўсе ступені якой-н. велічыні, пачынаючы з n + 1, то г. зн., што вылічэнні (даследаванні) вядуцца з дакладнасцю да велічынь n-га П. Напр., пры даследаваннях ваганняў струны адкідваюць велічыні, якія маюць 2 і больш высокія ступені выгіну (лінеарызацыя задачы). Пры запісе вынікаў вымярэння фіз. велічынь лічаць, што велічыня мае П. 10​n, калі яе значэнне змяшчаецца ў межах ад 0,5∙10​n да 5∙10​n.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шэ́раг

(польск. szereg, ад венг. sereg)

1) сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адзін за другім, у адну лінію;

2) сукупнасць чаго-н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку;

3) пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго-н.;

4) сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі-н. адносінамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Btter f - ма́сла (напр., каровіна);

~ aufs Brot schmeren [strichen*] нама́зваць ма́сла на хлеб;

lles in (bster) ~ разм. усё ў по́ўным пара́дку, усё ідзе́ як па ма́сле

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

призва́ть сов.

1. (позвать) пазва́ць, паклі́каць;

призва́ть на по́мощь пазва́ць (паклі́каць) на дапамо́гу;

2. (на военную службу) прызва́ць;

3. (к чему) заклі́каць (на што і да чаго);

призва́ть к защи́те Ро́дины заклі́каць на абаро́ну (да абаро́ны) Радзі́мы;

призва́ть к поря́дку заклі́каць да пара́дку.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

хранало́гія

(лац. chronologia, ад гр. chronos = час + logos = вучэнне)

1) дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і інш.;

2) пералік падзей у парадку іх паслядоўнасці ў часе;

3) паслядоўнасць з’яўлення чаго-н. у часе (напр. х. выданняў Скарыны).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

shape1 [ʃeɪp] n.

1. фо́рма, абры́с; від;

round in shape кру́глы па фо́рме

2. стан;

be in good shape быць у до́брай фо́рме

get (oneself) into shape увахо́дзіць у фо́рму;

get/knock/lick smth./smb. into shape прыво́дзіць што-н./каго́-н. да пара́дку;

give shape to smth. выка́зваць я́сна (думкі);

take shape вырысо́ўвацца, набыва́ць фо́рму

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)