ГАЛУБО́К (Эдуард Уладзіслававіч) (псеўд. Э.​Горскі; 1906, Мінск — 1943),

бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.​Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).

Тв.:

Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;

Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РАЎ (Аркадзь Яфімавіч) (н. 1.5.1956, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, клас Дз.Смольскага). У 1980—89 канцэртмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. У творчасці пераважае інтэлектуальны пачатак. Працуе найб. у галіне камернай музыкі. Сярод твораў: кантата «Тры сцежкі» на вершы Я.​Купалы (1979), 2 камерныя кантаты на вершы Р.​М.​Рыльке (1981, 1985), сімфонія для камернага арк. (1978), саната для флейты і фп., інвенцыя «Ямбы» для цымбалаў і мандаліны, вак. цыклы «Апраўданне Афеліі», «12 зонгаў з лірыкі Брэхта», «Вяртанне», «Тры песні Джэймса Кліфарда, або Парадак рэчаў», на вершы У.​Ліўшыца (1985), 2 сюіты для камерна-інстр. ансамбля (1987), «Сем храматычных мадрыгалаў пра Невядомую Айчыну» для мяшанага хору а капэла (1989); музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. З 1991 жыве ў Іерусаліме.

Р.​М.​Аладава.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧ (Энгельс Канстанцінавіч) (н. 26.10.1931, Мінск),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1984). Праф. (1992). Скончыў БДУ (1953). З 1958 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе гісторыю эстэт. думкі, культуры, філасофіі, педагогікі Беларусі, міжнац. адносіны. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ па культуралогіі, этнасацыялогіі, этнапедагогіцы. Дзярж. прэмія БССР 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі, апубл. ў 1973—80.

Тв.:

Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967;

Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972 (разам з У.​М.​Конанам), Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986 (у сааўт.).

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНКА,

вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).

Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.​В.​Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.​А.​Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.

Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ (Эдуард Мікалаевіч) (н. 19.10.1936, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), працаваў у Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (да 1961), Магілёўскім абл. драм. т-ры (1963—64). З 1965 у Рускім акад. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Яго мастацтву ўласцівыя дакладная распрацоўка малюнка ролі, стрыманасць і адначасова эмацыянальнасць, знешняя характарнасць, дасканалае валоданне сцэн. тэхнікай. Сярод лепшых роляў: Лявон («Знак бяды» паводле В.​Быкава), Ігнат Крывіч («Соль» А.​Петрашкевіча), Фірс («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Конь, Васіль Дасцігаеў, Кастылёў («Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.​Горкага), Іван Афанасьеў («Хрыстос і Антыхрыст» паводле Дз.​Меражкоўскага), Хрыстафор Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Рос, Гарацыо («Макбет», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Энгстран («Здані» Г.​Ібсена).

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́ВА (Святлана Рыгораўна) (н. 9.7.1954, Мінск),

бел. скульптар. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры. Творы Гарбуновай вызначаюцца лаканічным вобразным строем, узнёсласцю і паэтычнасцю. Сярод манум. работ: помнік С.​Буднаму ў Нясвіжы (1982, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984), мемар. комплекс на месцы спаленай в. Літавец Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. (рэльеф 1987), мемар. дошка Ф.​Скарыны для Гомельскага ун-та (1990), надмагільны помнік К.​Крапіве (1994); станковыя — «Мелодыя» (1975), «Рабфак» (1978); партрэты С.​Цітовіч (1985), І.​Чыгрынава (1995); памятныя медалі да 100-годдзя Цёткі (А.​Пашкевіч, 1976), П.​Броўкі (1982), У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча (1983), Ф.​Скарыны (1985), Ефрасінні Полацкай (1994) і інш.

Г.​Б.​Сачанка.

С.Гарбунова. Мемарыяльны комплекс на месцы спаленай вёскі Літавец Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. 1987.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ (ад гастра... + энтэра... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.

Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.​П.​Боткін, А.​А.​Астравумаў, Р.​А.​Захар’ін, І.​П.​Паўлаў, А.​М.​Угалёў, У.​Х.​Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.​І.​Ганчарыка, І.​Н.​Бранаўца, М.​Я.​Фёдарава, Ю.​Х.​Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.

М.​Ф.​Сарока.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КАВА (Грэк) Надзея Рыгораўна

(н. 17.9.1910, Мінск),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыла Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1941). З 1927 на швейнай ф-цы «Кастрычнік» у Мінску. З 1933 старшыня ЦК саюза рабочых швейнай прам-сці. У 1937—40 нам. і заг. прамысл.-трансп. аддзела ЦК, 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1938 — 47 Старшыня Вярх. Савета БССР. З 1941 сакратар Казанскага гаркома ВКП(б). З 1943 нам. старшыні СНК БССР. З 1947 міністр харч. прам-сці БССР, у 1949—52 нам. міністра харч. прам-сці РСФСР. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—40. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1939—52. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, СССР у 1946—50, РСФСР у 1951—55.

Я.​С.​Фалей.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́ВІЧ (дзявочае Пілеман) Эльза Робертаўна

(1895, Мінск — 1983),

бел. кампазітар, музыказнавец, педагог. Праф. музыкі і спеваў. Скончыла Берлінскую кансерваторыю (клас П.​Юона). У 1930-я г. выкладала ў Бел. кансерваторыі, заг. кафедры. З 1944 у Германіі і ЗША. Працавала пераважна ў галіне вак. музыкі. Сярод твораў: зб. рамансаў «Асенняе падае лісце» на словы І.​Сабуравай, «Край мой васільковы» на словы бел. паэтаў; «Дзіцячы музычны альбом» і «Першыя радасці» для фп., фантазія «Бульба», прэлюдыі для фп., вак. творы на словы Г.​Ахматавай, А.​Блока, А.​Гаруна, Н.​Арсенневай; апрацоўкі бел. нар. песень («Кума мая, кумачка», «Сваток» і інш.). Музыцы З. уласціва арган. спалучэнне класіка-рамант. традыцый з тонкім адчуваннем прыроды бел. меласу.

Літ.:

Сачанка С. Эльза Зубковіч // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАНО́К (Анатоль Георгіевіч) (н. 18.6.1938, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1984), д-р мед. н. (1977), праф. (1983). Засл. дз. н. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1963 у Ін-це мікрабіялогіі (з 1975 дырэктар), з 1997 акад.-сакратар Аддзялення біял. н. Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біягенезе і біятэхналогіі мікробных ферментаў, фізіялогіі і біяхіміі мікробнага антаганізму. дэградацыі ксенабіётыкаў.

Тв.:

Микробный синтез на основе целлюлозы. Мн., 1988 (разам з В.​Р.​Бабіцкай, Ж.​М.​Багданоўскай);

Utilization of halogenated benzenes, phenols and benzoates by Rhodococcus opacus GM-14 (у сааўт.) // Applied and environmental microbiology. 1995. Vol. 61, № 12;

Screening of glucose isomerascproducing microorganisms (у сааўт.) // World joumal of microbiology and biotechnology. 1998. Vol. 14, № 2.

А.Г.Лабанок.

т. 9, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)