РТУЦЬ (лац. Hydrargyrum),
меркур, Hg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 80, ат. м. 200,59. Прыродная Р. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 196, 198—202, 204. У зямной кары 7∙10−6% па масе; трапляецца самародная Р., найважн. рудны мінерал — кінавар. Вядомая са стараж. часоў; лац. назва ад гідра... і грэч. argyros — серабро; сярэдневяковая лац. mercurius — назва Р. ў алхімікаў.
Серабрыстая вадкасць (адзіны валкі метал tпл -38,87 °C), шчыльн. 13545,7 кг/м³ (цяжэйшая за ўсе вядомыя вадкасці), tкіп 356,58 °C. Пара Р. бясколерная, пры высокай т-ры і эл. разрадзе выпрамяняе бачнае блакітнавата-зялёнае і ультрафіялетавае святло. Хімічна ўстойлівая. У сухім паветры не акісляецца; акісляецца азонам і пры t > 300 °C кіслародам (утвараецца аксід HgO). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з азотам. фосфарам, вугляродам, крэмніем. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, царскай гарэлцы. Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі (гл. Ртуці хларыды) і халькагенамі (гл. Ртуці сульфід). З металамі ўтварае амальгамы. Пашыраны ртуцьарганічныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна акісляльным абпалам кінавары. Выкарыстоўваюць для вырабу катодаў пры электрахім. атрыманні едкіх шчолачаў і хлору, а таксама для палярографаў, у вытв-сці ртутных вентыляў, люмінесцэнтных і ртутных лямпаў (гл. Газаразрадныя крыніцы святла), дыфузійных вакуумных помпаў, кантрольна-вымяральных прылад (тэрмометраў, барометраў, манометраў) і інш. Р. высокатаксічная для ўсяго жывога, пара і злучэнні Р. вельмі атрутныя, назапашваюцца ў арганізме і парушаюць абмен рэчываў, пашкоджваюць нервовую сістэму. ГДК у атм. паветры 0,0003 мг/м³, у вадзе 0,0005 мг/л.
Літ.:
Трахтенберг И.М., Коршун М.Н. Ртуть и ее соединения в окружающей среде. Киев, 1990.
т. 13, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
нефелі́н
(фр. nepheline, ад гр. nephele = воблака)
мінерал падкласа каркасных сілікатаў, бясколерны, шаравата-белы ці шэры, зрэдку чырвоны, зеленаваты; выкарыстоўваецца як сыравіна для здабычы алюмінію, у хімічнай і шкляной прамысловасці.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
садалі́т
(ад сода + -літ)
мінерал класа сілікатаў, карбанат натрыю з прымессю кальцыю, хлору і іншых хімічных элементаў сіняга, шэрага або зеленаватага колеру; выкарыстоўваецца ў электроніцы, тэлебачанні і як дэкаратыўны камень.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сільві́н
(н.-лац. sylvin, ад Sylvius = прозвішча гал. урача і хіміка 17 ст.)
мінерал класа хларыдаў, празрысты, бясколерны, падобны да каменнай солі; выкарыстоўваецца для вырабу калійных угнаенняў, розных калійных прэпаратаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
браўні́т
(ад ням. M. Braun = прозвішча ням. вучонага 19 ст.)
мінерал з групы складаных вокіслаў, які крышталізуецца ў квадратнай сістэме; сустракаецца ў выглядзе суцэльных зярністых агрэгатаў чорнага колеру з матавым бляскам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
гіпс
(гр. gypsos = мел, гліна)
1) мінерал класа сульфатаў, вапністае рэчыва белага колеру, якое выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, лепцы і медыцыне;
2) скульптурны злепак з гэтага рэчыва;
3) хірургічная павязка з гэтага рэчыва.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
даламі́т
[фр. dolomite, ад D. Dolomieu = прозвішча фр. мінералога (1750—1801)]
мінерал класа карбанатаў шаравата-белага колеру, які складаецца з вуглякіслых солей кальцыю і магнію; выкарыстоўваецца ў металургіі, шкляной прамысловасці і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
азбе́ст
(гр. asbestos = незнішчальны)
мінерал класа водных сілікатаў магнію, жалеза і інш. з груп серпенціну і амфіболаў, здольны расшчапляцца на тонкія, трывалыя валокны; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы як вогнетрывалы матэрыял; горны лён.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алма́з
(тат. almas < ар. älmās, ад гр. adamas = адамант)
1) мінерал, крыштальная кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду; каштоўны празрысты камень незвычайнай цвёрдасці;
2) тонкі асколак такога каменя ў аправе для рэзання шкла.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
брашанты́т
(ад фр. A. Brochant = прозвішча фр. мінералога 19 ст.)
мінерал класа сульфатаў, які трапляецца ў выглядзе крышталічных скарыначак з украпленнямі украпінамі дробных ігольчатых крышталікаў цёмна-зялёнага колеру і ў выглядзе парашковых мас.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)