Вядомы ў пач. 20 ст. ў г. Докшыцы (Віцебская вобл.) і ў наваколлі тып нар. прафесійнага лялечнага т-рабатлейка. Канструкцыя батлейкі Патупчыка была зроблена па прынцыпе пашыранага на Віцебшчыне жлоба. Уяўляла сабой 2-ярусную скрыню, знешне ўпрыгожаную, з пераменнымі празрыстымі (іх ставілі перад запаленымі свечкамі) дэкарацыямі, якія размяшчаліся на ўстаўных планках па баках скрыні. Выкарыстоўваліся звычайныя ў батлейцы шпянёвыя лялькі, часам пальчаткавыя. З лялькамі працавалі жонка і сын, сам Патупчык ажыццяўляў усю размоўную частку паказу і суправаджаў яго ігрой на скрыпцы. Паказы адбываліся на Каляды, у час інш. свят, фэстаў, на кірмашах, вяселлях і вечарынках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАМА́РА,
паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка паміж 2 лапаткамі, якое адпавядае форме ўнутр. скляпення (звычайна паўцыркульнага).
Найб. характэрны для візант. крыжова-купальнай сістэмы, у 10—13 ст. шырока выкарыстоўваліся ў стараж.-рус. (сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе і інш.), рус. архітэктуры 14—17 ст. (Успенскі сабор Маскоўскага Крамля).
На Беларусі З. вядомы ў 11—12 ст. у Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіннеўскай царкве ў Полацку, Барысаглебскай у Гродне, а таксама ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў храмах псеўдарус. стылю (цэрквы Аляксандра Неўскага ў Мінску, Сімяона ў Брэсце, у Камянцы, Бешанковічах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЭ́ПІН (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 10.3.1926, г. Новасібірск, Расія),
расійскі кампазітар. Скончыў Алма-ацінскую кансерваторыю (1956, клас Я.Брусілоўскага). Вядомы пераважна як аўтар музыкі да кінафільмаў (больш за 80), у т. л. «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская нявольніца» (1967), «Чырвоная палатка» і «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» і «Зямля Саннікава» (1973), «Жанчына, якая спявае» (1978), «За запалкамі» (1980), «Самазабойца» (1983, ФРГ). Сярод інш. твораў: балет «Стары Хатабыч» (1962), аперэта «Залатыя ключы» (1974), мюзікл «Дзве жанчыны і зайздрасць» (1975), камерна-інстр. і арк. творы, песні (больш за 200).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБРАГІ́МАЎ (Мірза Аждар аглы) (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),
азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял.Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.Анісковіч, П.Ізох, П.Кавалёў, А.Макаёнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́НЦЫЯ (ад лац. inventio знаходка, вынаходніцтва),
невялікая 2—3-галосая музычная п’еса, звычайна імітацыйнага складу. Упершыню тэрмін «І.» выкарыстаў франц. кампазітар К.Жанекен (16 ст.). І. — твор, у якім выразна рэалізуецца пэўная кампазіцыйна-тэхн. ідэя. Найб.вядомы 15 двух- і 15 трохгалосых «сінфоній» І.С.Баха. Іх будова арыентавана на тагачасныя тыпы 2- і 3-часткавай формы з істотнымі прыкметамі фугі. У 20 ст. І. пісалі М.Бутынг, Б.Марціну, А.Берг. І. могуць уваходзіць і у цыкл («Поліфанічны сшытак» Р.Шчадрына) ці складаць яго «12 І.» (Б.Цішчанкі для аргана); маюць пед. ці канцэртнае прызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),
арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сцьсінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІЯ КУРАПА́ТКАВЫЯ КУ́РЫ,
парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.
Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.
Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),
тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗА́НКІ,
у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.