АДКРЫ́ТАЯ РАСПРАЦО́ЎКА РАДО́ВІШЧАЎ карысных выкапняў,

спосаб здабычы карысных выкапняў непасрэдна з паверхні зямлі. Ажыццяўляецца з вырабатак — кар’ераў. Складаецца з падрыхтоўкі паверхні, асушэння радовішчаў, горна-капітальных, раскрыўных і здабыўных работ. Падрыхтоўка паверхні звязана з ліквідацыяй перашкод, якія ўскладняюць адкрытыя распрацоўкі радовішчаў (планіроўка паверхні, выдаленне расліннасці і г.д.). Асушэнне радовішчаў — комплекс мерапрыемстваў для аховы радовішчаў ад прытоку вады, у т. л. шляхам адпампоўвання і водапаніжэння. Горна-капітальныя работы — пабудова капітальных траншэй для трансп. камунікацый кар’ера, разразных траншэй для першапачатковай работы і расстаноўкі абсталявання (экскаватараў, гідраманітораў і інш.), капітальнае раскрыццё першапачатковага агалення карыснага выкапня. Раскрыўныя работы — аддзяленне ад масіву і транспарціроўка ў адвалы покрыўных парод. Здабыўныя работы — працэс непасрэднага выбірання карыснага выкапня з горнага масіву. Адкрытая распрацоўка радовішчаў забяспечвае здабычу каля 75% цвёрдых карысных выкапняў, у т. л. да 100% прыродных буд. матэрыялаў, 75—80% бурага вугалю, 65—75% нярудных, 45—50% рудных выкапняў, большасць рассыпных карысных выкапняў. Прадукцыйнасць працы ў кар’ерах у 2—6 разоў вышэйшая, чым у шахтах, вытв. магутнасць у 3—5 разоў большая, буд-ва іх у 2—5 разоў хутчэйшае. На Беларусі адкрытая распрацоўка радовішчаў выкарыстоўваецца пры здабычы прыродных буд. матэрыялаў (буд. і абліцовачнага каменю, буд. пяску і пясчана-жвіровых матэрыялаў, сыравіны для керамічнай цэглы, лёгкіх запаўняльнікаў, шкла і цэменту, мелу і інш.). Дзейнічаюць буйнейшыя ў Еўропе кар’еры па здабычы даламітаў (радовішча Гралева ў Віцебскай вобл.) магутнасцю 6 млн. т у год, гранітаў (радовішча Мікашэвічы ў Брэсцкай вобл.) магутнасцю каля 5 млн. м³ у год і інш.

П.​З.​Хоміч.

Схема адкрытай распрацоўкі радовішча: 1 — кар’ер; 2 — капітальная траншэя; 3 — разразная траншэя; 4 — нахіленая выпрацоўка для транспарціроўкі карыснага выкапня; 5 — адвал пустых парод.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛКА (Picea),

род голанасенных раслін сям. хваёвых; адна з гал. лесаўтваральных парод. Каля 45 відаў. Пашырана пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Е. звычайная, або еўрапейская (P. abies), і 13 інтрадукаваных: Е. калючая (P. pungens), канадская, або белая (P. canadensis), сербская, або балканская (P. omorica), Энгельмана (P. engelmannii), сібірская (P. obovata), усходняя (P. orientalis) і інш. Е. звычайная распаўсюджана амаль па ўсёй тэр. Беларусі і мае паўд. мяжу арэала (адначасова гэта і паўд. мяжа Еўразіяцкай хвойна-лясной геабат. падвобласці). На Палессі трапляецца ў выглядзе ізаляваных астравоў. Вядома 31 астраўное насаджэнне, 5 з іх — ельнікі Гарбавіцкія, Добрушскія, Маларыцкія, Мяднянскія і Пажэжынскія — помнікі прыроды рэсп. значэння.

Даўгавечныя (жывуць да 300—500 і больш гадоў); аднадомныя, шматгадовазялёныя дрэвы з прамым ствалом і густой конусападобнай кронай. Е. звычайная мае мноства дэкар. форм: з пірамідальнай, ніцай, шарападобнай і інш. кронамі. Каранёвая сістэма часцей паверхневая. Кара тонкая, у маладых дрэў гладкая, потым пласціністая. Галінкі размешчаны даволі правільнымі кальчакамі. Лісце (ігліца) 4-граннае, радзей пляскатае, востраканцовае, спіральна або невыразна двухрадкова размешчанае, трымаецца на галінках 7—9 і больш гадоў. Стробілы (шышкі) паяўляюцца ўвесну на леташніх парастках: мікрастробілы (мужч. шышкі) — па некалькі ў пазухах лускападобнага лісця; мегастробілы (жан. шышкі) — адзіночныя, размешчаны бліжэй да верхавінак. Спелыя шышкі падоўжана-цыліндрычныя, верацёна- або яйцападобныя, звіслыя, ападаюць пасля выспявання насення. Насенне з лыжкападобнымі крыльцамі, выспявае восенню ў год апылення. Размнажаецца насеннем і зрэдку вегетатыўна (атожылкамі). Драўніна мяккая, выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы, муз. інструментаў; з яе атрымліваюць смалу, шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Кара — асн. сыравіна ў вытв-сці дубільнікаў (танідаў). Большасць відаў — дэкар. дрэвы, выкарыстоўваюцца ў садова-паркавым буд-ве і як ахоўныя насаджэнні ўздоўж дарог.

Г.​У.​Вынаеў.

Елка звычайная.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,

навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).

З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.

На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.

Э.​Р.​Самусенка.

У Мінскім заалагічным парку.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’ЕЗДЫ ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917,

2 франтавыя з’езды, што адбыліся ў 1917 у Мінску; прысутнічалі дэлегаты ад вайсковых к-таў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. 1-ы з’езд адбыўся 20—30 красавіка. Удзельнічала 1200 дэлегатаў (850 з рашаючым і 350 з дарадчым голасам), 100 супрацоўнікаў аргкамітэта, каля 100 гасцей, у т. л. лідэры Дзярж. думы і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць дэлегатаў складалі эсэры і меншавікі. Старшынёй з’езда выбраны старшыня выканкома Мінскага Савета Б.​П.​Позерн. Пытанні: аб вайне і міры, аб Часовым урадзе і дэмакр. арг-цыях, аб прававым і матэрыяльным становішчы воінаў і іх сем’яў, аб забеспячэнні фронту. Працавала 7 секцый, у т. л. па арганізац., сялянскім і рабочым пытаннях. З’езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і яго палітыкі, выпрацаваў Палажэнне аб салдацкіх арг-цыях (праект падрыхтаваны выканкомам Мінскага Савета), абраў пастаянны выканаўчы орган — франтавы к-т з 75 чалавек. 2-і з’езд адбыўся 3—8 снежня. Прысутнічала 714 дэлегатаў (633 з рашаючым і 81 з дарадчым голасам), прадстаўнікі ЦК РСДРП(б) і Петраградскага ВРК. Старшыня — А.​Ф.​Мяснікоў. Пытанні: аб рабоце франтавога к-та, аб бягучым моманце, аб міры, аб дэмакратызацыі арміі. З’езд вітаў Савет Нар. Камісараў і выказаў яму поўны давер і падтрымку. Прынятая на з’ездзе рэзалюцыя аб дэмакратызацыі арміі адобрана ВРК пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага і 30.11.1917 перададзена ва ўсе часці і злучэнні як «Палажэнне аб дэмакратызацыі арміі». Паводле яго ў арміі ўводзіўся выбарны пачатак, адмяняліся ўсе афіцэрскія і інш. знакі адрознення, ураўноўваліся ў правах службы ўсе часці і роды войск. З’езд выбраў франтавы к-т у складзе 100 чал.

М.​М.​Смальянінаў.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНА вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,

вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.​Вілар, Н.​Каціна, Л.​Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,

каталіцкая і ваен.-паліт. арг-цыя ням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст. Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля ​2/3 лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс. чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).

Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́СКІ (Mollusca),

мяккацелыя, тып беспазваночных жывёл. 2 падтыпы: боканервовыя (2 або 3 класы) і ракавінныя (5 кл.). Каля 130 тыс. сучасных і больш за 100 тыс. вымерлых відаў. Вядомы з ранняга палеазою (больш за 550 млн. гадоў назад). Важны сродак вызначэння ўзросту геал. адкладаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі больш за 60 відаў з кл. двухстворкавых малюскаў і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. У Чырв. кнізе Беларусі жамчужніца звычайная.

Даўж. ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна), на Беларусі да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некат. відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некат. відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хім. адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі ч. раслін; ёсць драпежнікі. Пераважна раздзельнаполыя. Ядомыя М. (вустрыцы, грабеньчыкі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны М выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкар.-прыкладным мастацтве. Гл. таксама Галаваногія малюскі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 2. 2 изд. М., 1988;

Фауна СССР. Моллюски. Т. 3, вып. 5. Л., 1980.

Т.​М.​Лаенка.

Малюскі: 1 — акантахітон; 2 — марское вушка; 3 — патэла чарнаморская; 4 — конус мармуровы; 5 — катушка-грэбень; 6 — фісурэла; 7 — японскі грабеньчык Фарэра; 8 — трыдакна гіганцкая; 9 — ракавіна татхерыі дзіўнай; 10 — ракавіна мурэкса пальма-розы.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНШАВІКІ́,

прадстаўнікі паліт. плыні (фракцыі) у Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП), з 1912 самаст. паліт. партыя (таксама наз. РСДРП). Паняцце «М.» ўзнікла на II з’ездзе РСДРП (1903), калі частка дэлегатаў засталася ў меншасці па пытаннях аб выбарах у кіруючыя органы партыі. Гал. лідэры-ідэолагі: Л.​Мартаў, П.​Б.​Аксельрод, А.​С.​Мартынаў (ураджэнец г. Пінск), Г.В.Пляханаў. Выступалі супраць строгага цэнтралізму ў рабоце партыі і надзялення ЦК вял. паўнамоцтвамі. Лічылі, што ў рэвалюцыю 1905—07 пралетарыят павінен дзейнічаць у саюзе з ліберальнай буржуазіяй супраць самадзяржаўя; адмаўлялі рэв. патэнцыял сялянства; аддавалі перавагу мірным метадам дзейнасці. У 1-ю сусв. вайну б.ч. М. стала на пазіцыі сацыял-патрыятызму. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 яны падтрымлівалі Часовы ўрад, у маі 1917 увайшлі ў яго і разам з ім падзялілі адказнасць за прамаруджванне з вырашэннем пытанняў аб міры, нац., агр., што прывяло да абвастрэння паліт. сітуацыі. У Беларусі і ў некаторых інш. месцах М. ў гэты перыяд разам з бальшавікамі ўваходзілі ў агульныя парт. арг-цыі (аб’яднанкі). Да восені 1917 яны разам з эсэрамі мелі большасць у Саветах. М. не прынялі Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, бо лічылі, што Расія не выспела для сацыялізму. У грамадз. вайну ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкіх урадах і ўзбр. выступленнях (у Беларусі сумесна з Бундам), аднак былі супраць інтэрвенцыі краін Антанты. 14.7.1918 ВЦВК выключыў М. са свайго складу і з мясц. Саветаў. У 1924 меншавізм як арганізаваная сіла спыніў існаванне на тэр. СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» былі абвінавачаны ў шпіянажы і шкодніцтве і асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.

Літ.:

Меньшевики в 1917 г. Т. 1—3. Мн., 1995—96.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)