арганізацыя расійскіх паліт. эмігрантаў-марксістаў у 1894—1903. Засн. ў канцы 1894 у г. Жэнева (Швейцарыя) па ініцыятыве групы «Вызваленне працы» на ўмове прызнання ўсімі яго членамі праграмы групы. Выдаваў л-ру для Расіі, працаваў пад кіраўніцтвам групы «Вызваленне працы», якая ўваходзіла ў яго склад і рэдагавала (да канца 1898) усе яго выданні. У 1896—99 меў друкарню, выдаваў неперыяд. зб-кі «Работнік» і «Лісток «Работніка», працы У.І.Леніна, Г.В.Пляханава і інш., з 1899 — час. «Рабочее дело». Першы з’езд РСДРП (Мінск, 1898) прызнаў саюз замежным прадстаўніком партыі. З канца 1898 у саюзе пераважалі прыхільнікі плыні «эканамізму», т. зв. маладыя. На 2-м з’ездзе арг-цыі (Жэнева, крас. 1900) адбыўся раскол: «Вызваленне працы» выйшла з саюза, які фактычна стаў арг-цыяй «эканамістаў». Распушчаны 2-м з’ездам РСДРП (1903).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІЯ́НА (італьян. siciliana літаральна — сіцылійская),
вакальная ці інстр.муз. п’еса, якая паходзіць, верагодна, ад сіцылійскага нар. танца або танц. песні. Муз. памер 6/8 ці 12/8, тэмп умераны. Мае пераважна светлы, ідылічны характар. З 17—18 ст. пашырана ў еўрап.прафес. музыцы. Развівалася пераважна ў 2 кірунках: сузіральным (пастаральным; гл.Пастараль у музыцы) і засмучана-элегічным, які ў прафес. музыцы ўяўляе сабой псіхал. насычэнне, характарызуецца мноствам няўстойлівых гукаў у мелодыі. Пашырана ў творчасці І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля, Л.Бетховена, уласціва творам Ф.Шапэна, Р.Шумана, С.Рахманінава, П.Хіндэміта, А.Анегера, І.Стравінскага, Г.Свірыдава, Дз.Шастаковіча, К.Караева, Ю.Шапорына. Рытмічная арганізацыя, блізкая да С., сустракаецца і ў бел. музыцы (напр., фінал 3-й «Сімфоніі ў стылі барока» і вак. цыкле А.Мдывані на вершы Г.Апалінэра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА (ад лац. structura будова, размяшчэнне),
сукупнасць устойлівых сувязей аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць пры знешніх і ўнутр. зменах. Уяўляе сабой спосаб узаемадзеяння элементаў сістэмнага ўтварэння, пры якім унутр. сувязі больш моцныя, чым знешнія, што абумоўлівае захоўванне якасных характарыстык сістэмы. У значнай ступені ўплывае на элементы сістэмы; часам адзін і той жа элементны састаў дзякуючы С. можа ўтвараць розныя сістэмы (напр., з’явы ізамерыі ў хіміі). Першапачаткова тэрмін «С.» ўжываўся ў навуцы для абазначэння формы. У 19 ст. ў сувязі з узнікненнем хімічнай будовы тэорыі, паняцце С. стала разглядацца як спосаб арганізацыі элементаў сістэмнага ўтварэння. З 20 ст. аналіз структурных адносін і сувязей займае значнае месца ў даследаваннях мовы, культуры, псіхалогіі, грамадства і інш. (гл.Гештальтпсіхалогія, Структуралізм, Структурна-функцыянальны аналіз). Паняцце С. цесна звязана з катэгорыямі агульнай тэорыі сістэм (сістэма, элемент, цэласнасць, арганізацыя) і кібернетыкі (функцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА ПСТО́РЫКАЎ-МАРКСІ́СТАЎ БССР,
грамадская навуковая арганізацыя ў 1927—33. Дзейнічала як аднайм. філіял Усесаюзнага т-ва і працавала пад яго кіраўніцтвам. Яго папярэднікам было Бел. марксісцкае т-ва, якое працавала з 1923. Парт. кіраўніцтва БССР паставіла перад т-вам задачы: выкрыццё «буржуазных нацыяналістычных канцэпцый», даследаванне праблем метадалогіі гісторыі, вывучэнне гісторыі Беларусі і асабліва рэв. руху, а таксама гісторыі Расіі, усеаг. гісторыі. Т-ва правяло шэраг дыскусій па канкрэтных праблемах гісторыі, абмеркавала пытанні перыядызацыі гісторыі Беларусі і праграму гэтага курса для ВНУ, паўстання 1863—64, генезісу капіталізму і развіцця рабочага руху на Беларусі, характару газ. «Наша ніва», крытычна разгледзела асн. працы С.Х.Агурскага, М.В.Доўнар-Запольскага, З.Х.Жылуновіча (Ц.Гартнага), У.М.Ігнатоўскага, М.М.Нікольскага, У.І.Пічэты і інш. Выпусціла «Марксісцкі зборнік» (№ 1—2, 1929—31). Перастала існаваць у пач. 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
камерцыйная арганізацыя, якая не надзелена правам уласнасці на замацаваную за ёй уласнікам маёмасць. Маёмасць У.п. непадзельная і не можа быць размеркаванай па ўкладах (долях, паях), у т. л. паміж работнікамі прадпрыемства. У.п. могуць быць дзярж. (рэспубліканскія ці камунальныя) або прыватныя. Іх маёмасць знаходзіцца ў дзярж. або прыватнай уласнасці фіз. ці юрыд. асобы. У фірменным найменні У.п. павінна быць указанне на ўласніка маёмасці. Кіраўніка У.п. назначае ўласнік маёмасці або ўпаўнаважаны ўласнікам і яму падсправаздачны орган. У.п. адказвае па сваіх абавязацельствах усёй маёмасцю, якая яму належыць, і не нясе адказнасці па абавязацельствах уласніка маёмасці, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам. Прававое становішча У.п. ў Рэспубліцы Беларусь рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам краіны. У.п. можа быць заснавана на праве гасп. вядзення або на праве аператыўнага кіравання (т.зв. «казённае прадпрыемства», па абавязацельствах якога, пры недастатковасці яго маёмасці, субсідыярную адказнасць нясе дзяржава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАТЫРНА́ЦЦАЦЬ ПУ́НКТАЎ»,
умовы міру (14 артыкулаў), выкладзеныя прэзідэнтам ЗША Т.В.Вільсанам у канцы 1-й сусв. вайны ў пасланні да кангрэса ад 8.1.1918. Прадугледжвалі: адкрытыя мірныя перагаворы; поўную свабоду суднаходства; скасаванне мытных бар’ераў; устанаўленне гарантый, што забяспечвалі б скарачэнне ўзбраенняў; урэгуляванне калан. пытанняў; вызваленне Германіяй усіх акупіраваных тэр. Расіі, у т. л. Беларусі, і магчымасць Расіі самой вызначыць сваё паліт. развіццё; вызваленне і развіццё Бельгіі; вяртанне Эльзаса і Латарынгіі Францыі; аднаўленне акупіраваных Германіяй раёнаў Францыі; выпраўленне межаў Італіі ў адпаведнасці з нац. прыкметай; магчымасці аўт. развіцця народаў Аўстра-Венгрыі; вызваленне Германіяй акупіраваных тэр. Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, уступка Сербіі выхаду да мора; магчымасці аўт. развіцця нетурэцкіх частак Асманскай імперыі, адкрыццё праліва Дарданелы для суднаў усіх краін; стварэнне польскай дзяржавы; арганізацыяЛігі Нацый. Пасля вайны шэраг палажэнняў «Ч.п.» Вільсана рэалізаваны ў Версальскім мірным дагаворы 1919 і інш. дагаворах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.