КАВАЛЁЎ (Рыгор Сямёнавіч) (8.5.1902, в. Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 18.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У 1928—32 працаваў у Азяранскім лясніцтве, у 1932—41 старшыня калгаса ў Рагачоўскім р-не. У Вял. Айч. вайну з 1943 партызан 8-й Рагачоўскай брыгады. З ліп. 1944 на 3-м Бел. фронце, стралок. Вызначыўся ў баі каля г. Шаўляй (Літва): каб стрымаць контратаку варожага пяхотнага батальёна, які падтрымлівалі 23 танкі і 9 бронетранспарцёраў, сяржант К. са звязкай гранат кінуўся пад танк. Байцы, натхнёныя яго подзвігам, адбілі контратаку.

Р.С.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Павел Канстанцінавіч) (2.10.1904, в. Забашавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1943). Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу (1931),

Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах. франтах. Вызначыўся 12—15.2.1943 у баях пад Харкавам: стралк. полк пад яго камандаваннем перакрыў шашу Харкаў — Палтава і адрэзаў ворагу шляхі адыходу, знішчыў больш за 200 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі. Загінуў у баі. На радзіме ўстаноўлены бюст К.

П.К.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́СНІКАЎ (Віталь Міхайлавіч) (15.8.1922, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.11.1964),

Герой Сав. Саюза (1944). Вучыўся ў Рагачоўскім настаўніцкім ін-це. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1961). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Камандзір стралк. ўзвода мал. лейтэнант К. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Брагінскім р-не: у час бою ўзначаліў роту, пад агнём праціўніка арганізаваў яе пераправу цераз раку. Да 1964 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.М.Калеснікаў.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛЕНКА (Уладзімір Ануфрыевіч) (22.4.1917, в. Скрэбні Віцебскага р-на — 22.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Скончыў Сухумскае ваен.-пях. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце са студз. 1942. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. Камандзір палка маёр К. вызначыўся ў 1943 пры вызваленні Чарнігаўшчыны і Палесся: полк пад камандаваннем К. першы фарсіраваў р. Сейм, авалодаў чыг. ст. Бахмач, фарсіраваў Дзясну, Дняпро, Прыпяць; 23.9.1943 адбіў 8 контратак, знішчыў шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. К. памёр ад ран у баі.

У.А.Канаваленка.

т. 7, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́НКЕЛЬ (Эрнст Тэадоравіч) (24.12.1903, г. Тарту, Эстонія — 8.12.1971),

савецкі палярнік. Д-р геагр. навук (1938). Герой Сав. Саюза (1938). З 1969 дырэктар НДІ гідраметэаралагічнага прыладабудавання. Радыст на палярных станцыях Матаччын Шар (1924—25, 1927—28), бухта Ціхая (1929—30), мыс Алавяны (1935—36), в-аў Дамашні (1936). Удзельнік арктычных экспедыцый на дырыжаблі «Граф Цэпелін» (1931), суднах «Сібіракоў» (1932), «Чэлюскін» 1933—34); радыст першай дрэйфуючай станцыі «Паўночны полюс» (1937—38). У 1927 здзейсніў радыёсувязь на кароткіх хвалях, устанавіў сусв. рэкорд далёкай радыёсувязі паміж Зямлёй Франца-Іосіфа і Антарктыдай.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Павел Аляксеевіч) (19.11.1900, в. Горнева Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 27.4.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген. арміі (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1940). 3 ліп. 1941 камандуючы 20-й арміяй у складзе Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі на тэр. Беларусі; удзельнічаў у Смаленскай бітве 1941, са жн. 1941 камандуючы 43-й арміяй, прадстаўнік Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання, камандуючы, нам. камандуючага Паўн.-Зах., 1-м Укр., 2-м Бел. франтамі. Да 1970 на адказных пасадах у Сав. Арміі.

П.А.Курачкін.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ (Аляксандр Сцяпанавіч) (25.3. 1910, с. Нячаеўка, Мардовія — 7.10. 1978),

таджыкскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Таджыкістана (1945). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937). У 1937—56 працаваў у Душанбе, у 1943—56 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Таджыкістана. У 1966—74 выкладаў у Маскоўскім ін-це культуры. Аўтар першага тадж. балета «Дзве ружы» (1941). Сярод інш. твораў: оперы «Тахір і Зухра» (1945), «Нявеста» (1946), «Хасіят» (1964); балет «Дыльбар» (1954); «Таджыкская сімфонія» (1937), «Таджыкскія сюіты для сімф. аркестра» (1938); хары a cappella; апрацоўкі тадж. нар. песень; рамансы, песні; музыка для т-ра і кіно.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКАЯ (Вольга Барысаўна) (18.8.1871, г. Перм, Расія — 2.10.1963),

дзеяч рэв. руху (з 1898), сав. біёлаг. Акад. АМН СССР (1950). Жонка П.М.Лепяшынскага. Скончыла Маскоўскі ун-т (1915). Удзельнічала ў рабоце Пецярб. «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1907—10 выкладала ў жаночай прагімназіі і вяла парт. работу ў г. Орша. Удзельнічала ў стварэнні і працавала ў Ліцвінавіцкай школе-камуне. З 1919 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце. Навук. працы па абалонках жывёльных клетак, гісталогіі касцявой тканкі. Уяўленне Л. аб няклетачнай структуры жывога рэчыва не атрымала навук. пацвярджэння. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗЮКО́Ў (Аляксандр Ільіч) (26.3.1900, г. Гомель — 25.7.1942),

Герой Сав. Саюза (1941), ген.-маёр (1942). Брат П.І.Лізюкова. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. У 1927—31 і з 1940 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім франтах: нам. камандзіра танк. дывізіі, камандзір мотастралк. дывізіі, стралк. корпуса, камандуючы танк. арміяй. Вызначыўся ў абарончых баях пад Барысавам і на пераправе цераз Дняпро. Удзельнік абароны Масквы. Загінуў у баі. Аўтар кніг па ваен. справе.

А.І.Лізюкоў.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПУНО́Ў (Аляксандр Якаўлевіч) (25.2. 1906, в. Хвойня Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 21.8.1962),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Свярдлоўскі горны тэхнікум (1937). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1943 на Зах., 3-м і 2-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах. Пам. камандзіра ўзвода разведкі старшына Л. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы: з 14 студз. па 5 лют. з групай байцоў разведаў сістэму абарончых умацаванняў праціўніка, захапіў 2 «языкоў», выявіў наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых сродкаў. Пасля вайны працаваў геолагам.

А.Я.Ліпуноў.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)