СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),

кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.

Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэнатура́т

(н.-лац. denaturatus = скажоны)

спірт, прызначаны для тэхнічных мэт, змяшчае атрутныя або непрыемныя на смак рэчывы, якія робяць яго непрыгодным для піцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

люмінафо́ры

(ад лац. lumen = святло + -фор)

арганічныя і неарганічныя рэчывы, якія могуць свяціцца пад уздзеяннем знешніх фактараў; выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лямп дзённага святла.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

магнетадыэле́ктрыкі

(ад гр. magnetes = магнетычны + дыэлектрыкі)

рэчывы (сумесь ферамагнітных парашкоў з дыэлектрыкамі), спрасаваныя пад вялікім ціскам і пры высокай тэмпературы ў маналітную масу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

асіміля́тар

(ад асіміляцыя)

1) той, хто праводзіць асіміляцыю, прымусова навязвае народу чужую мову, культуру;

2) арганізм або частка арганізма, якая асімілюе пажыўныя рэчывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эндаспе́рм

(ад энда- + гр. sperma = насенне)

тканка ў насенні раслін, у якой адкладваюцца запасныя пажыўныя рэчывы, што выкарыстоўваюцца зародкам у працэсе яго развіцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАРМО́НЫ (ад грэч. hormaō прыводжу ў рух),

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюцца залозамі ўнутр. сакрэцыі ці спецыялізаванымі клеткамі. Спецыфічна ўздзейнічаюць на інш. органы і тканкі, забяспечваючы інтэграцыю біяхім. працэсаў у жывых арганізмах. Пад кантролем гармонаў адбываюцца ўсе этапы развіцця арганізма з моманту яго зараджэння, асн. працэсы яго жыццядзейнасці (ад транспартавання іонаў да счытвання генома, гл. Гарманальная рэгуляцыя). Эфекты дзеяння гармонаў выяўляюцца на ўзроўні цэласнага арганізма (напр., у зменах паводзін), асобных яго сістэм (нерв., стрававальнай, рэтыкулаэндатэліяльнай і інш.), органаў, клетак і іх арганел, ферментных сістэм і асобных ферментаў, на малекулярна-атамным і іонным узроўнях. Парушэнні сакрэцыі гармонаў (іх недахоп або лішак) вядуць да ўзнікнення эндакрынных хвароб, парушэнняў абмену рэчываў, утварэння злаякасных пухлін, развіцця аўтаімунных і інш. хвароб.

Вядома шмат гармонаў і гармонападобных рэчываў, у т. л. больш за 40 у млекакормячых. Іх класіфікуюць па месцы ўтварэння (гармоны гіпофіза, гармоны шчытападобнай залозы, гармоны наднырачнікаў і інш.) і па хім. прыродзе — стэроідныя (андрагены, эстрагены, кортыкастэроіды), пептыдна-бялковыя (інсулін, самататропны, лютэнізавальны, фалікуластымулявальны гармон і інш.), вытворныя амінакіслот (адрэналін, норадрэналін, тыраксін, трыёдтыранін і інш.), простагландзіны. Для гармонаў характэрны надзвычай высокая біял. актыўнасць (дзейнічаюць у мікраскапічных дозах), спецыфічнае і дыстатнае (аддаленне ад месца сінтэзу) дзеянне. Шэрагу гармонаў і гармонападобных рэчываў (т.зв. гарманоідаў, парагармонаў ці тканкавых гармонаў) уласціва мясц. дзеянне, якое рэалізуецца шляхам мясц. дыфузій (паракрынныя гармоны) і праз уплыў на клеткі, якія іх сінтэзуюць (аўтакрынныя гармоны); нейрамедыятары, сінтэзаваныя нерв. клеткамі, вылучаюцца непасрэдна нерв. канцамі. Гармоны адрозніваюцца па працягласці дзеяння: у нейрамедыятараў вымяраецца мілісекундамі, у пептыдных гармонаў — секундамі, у бялковых — мінутамі, у стэроідных — гадзінамі, у тыэроідных гармонаў — суткамі. Залежна ад хім. будовы малекул гармоны ўзаемадзейнічаюць з рэцэптарамі ў розных частках клеткі: стэроідныя ў цытаплазме, тырэоідныя ў ядры, бялкова-пептыдныя на вонкавым баку мембраны. Узаемадзеянне гармонаў з рэцэптарамі прыводзіць да актывацыі апошніх і фарміравання адпаведнай метабалічнай рэакцыі.

У раслін рэчывы, падобныя да жывёльных гармонаў, наз. фітагармонамі.

В.​К.​Кухта.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ЛЫ (лац. metallum ад грэч. metallon шахта, руднік),

простыя рэчывы, якія ў звычайных умовах маюць характэрныя, метал., уласцівасці — высокую эл. праводнасць і цеплаправоднасць, адмоўны тэмпературны каэф. эл. праводнасці, здольнасць добра адбіваць эл.-магн. хвалі (бляск, непразрыстасць), пластычнасць. У цвёрдым стане М. — крышт. рэчывы з металічнай сувяззю. У тэхніцы да М. адносяць таксама сплавы на іх аснове (гл. Металазнаўства).

Да М. адносяць 86 са 109 элементаў перыяд. сістэмы. Паводле становішча ў перыяд. сістэме адрозніваюць М. галоўных (a) і пабочных (b) падгруп, ці непераходныя і пераходныя. У непераходных М. адбываецца запаўненне знешніх s- і p-электронных абалонак (напр., шчолачныя металы), у пераходных — запаўненне размешчаных бліжэй да ядра d- і f-абалонак (гл. Пераходныя элементы). Паводле тэхн. класіфікацыі адрозніваюць чорныя (жалеза і яго сплавы) і каляровыя М., якія ўмоўна падзяляюць на некалькі груп: лёгкія металы, цяжкія (свінец, цынк і інш.), тугаплаўкія металы, высакародныя металы, рэдказямельныя М. (гл. Рэдказямельныя элементы), радыеактыўныя М. (гл. Радыеактыўныя элементы) і інш. Хім. ўласцівасці М. абумоўлены электроннай будовай атамаў, якія лёгка аддаюць знешнія (валентныя) электроны, таму ў хім. рэакцыях яны звычайна з’яўляюцца аднаўляльнікамі. М. ўтвараюць асн. аксіды і гідраксіды, многія замяшчаюць вадарод у к-тах. У прыродзе ў свабодным стане трапляюцца рэдка, звычайна ў выглядзе злучэнняў (аксідаў, сульфідаў і інш.). Здабычай М. з руд займаецца металургія. Ступень выкарыстання М. абумоўлена практычнай каштоўнасцю яго ўласцівасцей, а таксама прыроднымі запасамі (распаўсюджанасцю ў зямной кары) і цяжкасцямі атрымання. Здольнасць М. да ўзаемнага растварэння з утварэннем пры крышталізацыі цвёрдых раствораў і інтэрметалідаў (гл. Металіды) дазваляе атрымліваць мноства сплаваў з разнастайным спалучэннем уласцівасцей. У тэхніцы М. выкарыстоўваюць выключна ў выглядзе сплаваў як найважнейшыя канстр. матэрыялы.

Літ.:

Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985;

Гелин Ф.Д., Чаус А.С. Металлические материалы. Мн., 1999.

Г.​Г.​Паніч.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

антыметабалі́ты

(ад анты + метабаліты)

біялагічна актыўныя рэчывы, якія ўтвараюцца ў арганізме або штучна сінтэзаваныя; па хімічнай будове блізкія да метабалітаў, але парушаюць абмен рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гармо́ны

(гр. hormon = які рухае)

біялагічна актыўныя рэчывы, якія выдзяляюць у кроў залозы ўнутранай сакрэцыі; аказваюць мэтанакіраваны ўплыў на дзейнасць іншых органаў і тканак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)