сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на прадухіленне і ліквідацыю забруджвання навакольнага асяроддзя шкоднымі прамысл. выкідамі і гасп.-бытавымі адходамі, на аздараўленне ўмоў працы, папярэджанне інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. У яго рэалізацыі ўдзельнічаюць асн. ўстановы сан. службы, у т. л. санітарна-эпідэміялагічныя станцыі. У практыцы сан. нагляду шырока выкарыстоўваюцца лабараторныя метады ацэнкі прафесійна-вытв. фактараў. Папярэдні санітарны нагляд накіраваны на кантроль за захаваннем сан. норм і правіл пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і пуску ў эксплуатацыю прамысл. і с.-г. аб’ектаў, за ўкараненнем у практыку новых тэхнал. працэсаў, новага абсталявання, машын, механізмаў, хім. рэчываў і інш.Бягучы санітарны нагляд кантралюе выкананне сан. заканадаўства на прадпрыемствах, вывучэнне ўмоў працы і захворванняў на прадпрыемствах і ў с.-г. вытв-сці; аказвае дапамогу ў арганізацыі правядзення папярэдніх і перыядычных мед. аглядаў і кантралюе іх якасць; вядзе ўлік, рэгістрацыю і расследаванне прычын прафесійных хвароб; правярае выкананне заканадаўства аб ахове працы жанчын і падлеткаў; распрацоўвае комплексныя планы аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў працы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метадыстабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл. таксама Індэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці, спосабы вылічэння і дастасаванні інтэгралаў. Асн. паняцці: нявызначаны інтэграл і вызначаны інтэграл. Разам з дыферэнцыяльным злічэннем складае курс матэм. аналізу (ці аналізу бясконца малых).
І.з. ўзнікла з задач на вызначэнне плошчаў і аб’ёмаў. Найб. блізка да сучаснага разумення інтэгравання падышоў Архімед (3 ст. да н.э.). Стваральнікі І.з. І.Ньютан і Г.Лейбніц незалежна адзін ад аднаго пабудавалі інтэгральнае і дыферэнцыяльнае злічэнні і ўстанавілі іх узаемную абарачальнасць. Далейшае развіццё І.з. звязана з працамі Л.Эйлера, А.Кашы, Б.Рымана, А.Лебега, Т.І.Стылцьеса, А.М.Калмагорава і інш. Вылічэнне інтэгралаў (гл.Інтэграванне) толькі ў рэдкіх выпадках выконваецца непасрэдна па формулах (напр., шляхам абарачэння формул дыферэнцавання) — некат. інтэгралы нават ад параўнальна простых функцый нельга выразіць праз элементарныя, напр., інтэграл імавернасці. І.з. служыць крыніцай узнікнення новых (трансцэндэнтных) функцый (інтэгральнага сінуса, інтэгральнага лагарыфма і інш.). Для такіх функцый створаны табліцы значэнняў. Гл. таксама Графічныя вылічэнні, Набліжанае інтэграванне, Лікавыя метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфіз.-матэм.н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.А.Піліповічам);
Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́КТНЫЯ І НЕКАРЭ́КТНЫЯ ЗАДА́ЧЫ,
класы матэм. задач, якія адпавядаюць пэўным умовам вызначанасці іх рашэнняў.
Задача наз. карэктнай, калі яе рашэнне існуе, пры гэтым яе рашэнне адзінае і ўстойлівае. Задача, якая не задавальняе гэтым умовам, наз. некарэктнай. Напр., сістэма алг. ураўненняў з нулявым дэтэрмінантам некарэктная, з ненулявым — карэктная. Некарэктнымі з’яўляюцца многія задачы геафізікі, аэра-, тэрма- і электрадынамікі, аптымальнага кіравання і асабліва адваротныя задачы матэм фізікі, у якіх характарыстыкі фіз. працэсаў выяўляюцца па выкліканым імі эфекце. Некарэктныя задачы доўгі час лічыліся пазбаўленымі фіз. сэнсу. У 1960-я г. А.М.Ціханаў абгрунтаваў набліжаныя метады рашэння такіх задач.
На Беларусі тэорыя некарэктных задач распрацоўваецца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН з 1965 і ў БДУ з 1972.
Літ.:
Тихонов А.Н., Арсенин В.Я. Методы решения некорректных задач. 3 изд. М., 1986;
Лаврентьев М.М., Савельев Л.Я. Линейные операторы и некорректные задачи. М., 1991;
Лисковец О.А. Вариационные методы решения неустойчивых задач. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
метад атрымання інфармацыі аб Зямлі, інш. планетах Сонечнай сістэмы, нябесных целах, туманнасцях і розных касм. з’явах пры дапамозе здымачных сістэм. Заснавана на вымярэнні і рэгістрацыі ўласнага ці адбітага эл.-магн. выпрамянення Зямлі (гл.Аэракасмічныя метады). Здымачныя сістэмы звычайна размешчаны на ШСЗ, касм. станцыях і караблях. Першыя здымкі з космасу атрыманы ў 1946 з ракет, у 1960 з ШСЗ, у 1961 з касм. карабля (Г.С.Цітовым). Здымкі зямной паверхні, атрыманыя шляхам К.з., маюць вял. аглядальнасць (маштаб іх 1:1 000 000—1:10 000 000), даюць магчымасць вывучаць асн. структурныя, рэгіянальныя, занальныя і глабальныя асаблівасці атмасферы, літасферы, гідрасферы, біясферы і ландшафты планеты. К.з. праводзіцца з геасінхронных (выш. 150—950 км) або з геастацыянарных (36 тыс.км) арбіт. Выкарыстоўваюць розныя віды К.з.: фатаграфічную, фотатэлевізійную, інфрачырвоную, радыёлакацыйную, лазерную, спектраметрычную, геафізічную і інш. Шырока выкарыстоўваецца шматзанальная здымка. Вывучэнне Зямлі з дапамогай К.з. спрыяла развіццю касмічнага землязнаўства.
Ф.Е.Шалькевіч.
Да арт.Касмічная здымка. Фрагмент касмічнага здымка паўвострава Камчатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,
сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн.метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розных геагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНУНЯ́НЦ (Іван Людвігавіч) (4.6.1906, г. Шуша, Нагорны Карабах — 21.12.1990),
расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы фторарганікаў. Акад.АНСССР (1953; чл.-кар. 1946), ген.-маёр-інжынер (1949). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928), дзе і працаваў да 1932. З 1938 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АНСССР, адначасова з 1932 у Ваен. акадэміі хім. аховы. Навук. працы па хіміі фторарган. злучэнняў, біяхіміі фізіял. актыўных рэчываў. Сінтэзаваў процімалярыйныя сродкі — акрыхін і плазмахін (1933). Прапанаваў спосаб атрымання 5-фторурацылу (проціпухлінны прэпарат). Паказаў магчымасць полімерызацыі капралактаму і распрацаваў метад атрымання капрону (1944, разам з З.А.Раговіным). Адкрыў рэакцыю далучэння фторавадароду да этыленаксіду (1949). Распрацаваў прамысл.метады сінтэзу новых фторзмяшчальных манамераў і тэрмаўстойлівых палімераў, а таксама электрахім. метад увядзення атамаў фтору ў арган. малекулы. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў Аляксей Мікалаевіч [15.8.1863, с. Вісяга (цяпер Крылова), Чувашыя —26.10.1945), расійскі караблебудаўнік, механік і матэматык. Акад.АНСССР (1925; акад.Пецярб.АН з 1916, Рас.АН з 1917). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1890), дзе і выкладаў. Працаваў таксама гал. інспектарам караблебудавання, старшынёй Марскога тэхн.к-та, удзельнічаў у праектаванні і пабудове першых рас. лінкораў. У 1919—20 нач. Марской акадэміі, з 1927 кіраваў Фіз.-матэм. ін-там АНСССР. Навук. працы па тэорыі і буд. механіцы карабля, магн. і гіраскапічных компасаў, артылерыі, механіцы, матэматыцы, гісторыі навукі. Распрацаваў метады вылічэння ўстойлівасці і плывучасці карабля, стварыў тэорыі вібрацыі суднаў і гайданкі карабля. Даследаваў уплыў гайданкі на паказанні компаса. Прапанаваў метад рашэння т.зв. векавога ўраўнення, пабудаваў машыну для інтэгравання дыферэнцыяльных ураўненняў, стварыў шэраг карабельных і артыл. прылад. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Собр. трудов. Т. 1—12. М.; Л., 1936—56.
Літ.:
Крыжановская Н.А. Академик А.Н.Крылов: Библиогр. указ. Л., 1952.