горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв.ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс.ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял.Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне«Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіласав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.
У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр.ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр.б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.
У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.Зана і Л.Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.Давідовіча, К.Бубена, П.Мятлы, А.Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.Купалы, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.Капуцкага і А.Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.
Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп.тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял.кн.ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн.Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыяРСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругіБССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс.чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-дмаст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял.Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.
У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр.ч.гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст.Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах.ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
шуме́ць1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
1. Утвараць, рабіць шум 1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы.Мурашка.І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары.Русак.Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю.Вярба.Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела.А. Вольскі.На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе.Непачаловіч.// Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава...Брыль./убезас.ужыв.Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве.Арабей.Ліда задумалася. Шумела ў галаве.Федасеенка.Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве.Кавалёў.
2.перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма».Колас.— Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын.Лынькоў.// Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае...Чарот.Шумяць гарачыя дэбаты.Таўбін.
3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець?Лобан.— Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі.Новікаў.
4.перан.Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець.Кулакоўскі.Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад.З. Астапенка.// Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок.Чорны.Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць.Шахавец.
шуме́ць2, ‑міць; незак.
Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від творчасці ў кінематаграфіі і на тэлебачанні, майстэрства сродкамі кіназдымкі рэалізаваць ідэі літаратурнага сцэнарыя і творчай задумы рэжысёра.
Узнікла і развілося са станаўленнем кінамастацтва. Першыя здымкі ажыццявілі ў Францыі ў 1895 браты Люм’ер. З развіццём кінематографа фарміраваліся і выяўл. сродкі аператарскага мастацтва: кампазіцыя кадра, прасторы, асвятленне, ракурс, прыёмы дынамічнай здымкі, аптычны малюнак кадра, святлотанальнае і колеравае вырашэнне эпізодаў. Значныя работы з’явіліся ў Італіі, ЗША, Германіі, Швецыі, Даніі. У 1920-я г. фарміравалася сав. школа аператарскага мастацтва (Э.Цісэ, А.Галаўня, А.Масквін, Д.Дэмуцкі і інш.). У 1920—30-я г. ў стварэнні цэласнага выяўл. вобраза фільма вызначыліся франц. аператары Ж.Перыналь, Р.Матэ, Б.Каўфман, амер. Дж.Арналд, Б.Рэйналдс, Х.Расан; у распрацоўцы і выкарыстанні колеру ў кіно — амер. аператар Р.Рэнахен, сав. аператар Ф.Правораў.
У 1930-я г. са з’яўленнем гуку кінааператары асвойвалі новыя маст.-творчыя тэхналогіі і формы выяўл. арганізацыі матэрыялу. Павялічылася ўвага да псіхал. партрэтных характарыстык персанажаў. У 1940—60-я г. стылістыка майстроў зах. кінематографа выявілася ў творчай практыцы неарэалізму. Аператары франц. «новай хвалі» выкарыстоўвалі здымкі рухомай камерай у натуральным асяроддзі, імправізаваную кампазіцыю кадра. На аснове новай тэхнікі, матэрыялаў і тэхналогій 1960—90-х г. пашырылася фарміраванне індывід. стыляў у аператарскім мастацтве. Сярод найб. вядомых майстроў: Г.Толанд, Х.Уэкслер, Л.Ковач, Дж.Тэйлар (ЗША), Ю.Стрындберг, С.Нюквіст (Швецыя), Э.Рышар, Н.Альмендрас, П.Глен (Францыя), В.Старара, Т.Дэлі Колі, Дж.Ратуна, П. дэ Сантыс, Л.Таволі (Італія), Дж.Олкат, Дж.Ансварт, Д.Слокам (Вялікабрытанія), Л.Ахвледзіяні, А.Булінскі, К.Кыдыраліеў, П.Лебешаў, Р.Масальскі, М.Мусаеў, В.Нікалаеў, Л.Пааташвілі, М.Піліхіна, Г.Рэрберг, Ю.Сіларт, С.Урусеўскі, Х.Файзіеў, В.Юсаў (СССР).
На Беларусі першыя маст. фільмы ў 1920—30-я г. здымалі аператары Д.Шлюглейт («Лясная быль»), М.Казлоўскі («Хвоі гамоняць»), Н.Навумаў-Страж («Жанчына»), А.Кальцаты («Першы ўзвод»), Б.Рабаў («Двойчы народжаны»). Сталым аператарскім мастацтвам вызначаюцца лепшыя фільмы канца 1940—50-х г., якія знялі А.Булінскі («Дзеці партызана»), А.Гінцбург («Канстанцін Заслонаў»), Г.Удавянкоў («Міколка-паравоз»), У.Акуліч («Гадзіннік спыніўся апоўначы»), А.Аўдзееў і І.Пікман («Дзяўчынка шукае бацьку»). Выкарыстанне з сярэдзіны 1950-х г. шырокіх і шырокафарматных экранаў павялічыла выяўл. магчымасці аператарскага мастацтва. У 1960—80-я г. аператарскае мастацтва бел. майстроў вызначалі паэт. светаадчуванне (А.Забалоцкі — «Праз могілкі», «Альпійская балада»), псіхалагізм і выразнасць кампазіцыі (Ю.Марухін — «Магіла льва», «Паводка»), тонкае адчуванне прыроды (Дз.Зайцаў — «Рудабельская рэспубліка», «Людзі на балоце»), дакладнае адчуванне колеру (Э.Садрыеў — «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», «Хлеб пахне порахам»), дынамізм і лірызм (Т.Логінава — «Вянок санетаў», «Дзікае паляванне караля Стаха»), завершанасць кампазіцыйных рашэнняў (Ю.Ялхоў — «Раскіданае гняздо», «Франка — жонка Хама»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎЕ,
горад абл. падпарадкавання ў Мінскім р-не, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна, на р. Свіслач пры ўпадзенні яе ў Заслаўскае вадасх. За 27 км ад Мінска, чыг. ст. Беларусь на лініі Мінск—Маладзечна, 13,7 тыс.ж. (1997).
Паводле археал. даследаванняў, у 10 ст. на правым беразе р. Свіслач існавала неўмацаванае паселішча крывічоў, на процілеглым беразе — пагост (велікакняжацкі адм.-гасп. пункт). Каля 985 на ПдЗ ад іх узнікла гарадзішча «Замэчак», якое на мяжы 11—12 ст. насельніцтва пакінула пасля ўзвядзення дзядзінца на месцы правабярэжнага паселішча. Паводле летапіснага падання, у 10 ст. кіеўскі кн.Уладзімір Святаславіч заснаваў туг горад для жонкі кн. полацкай Рагнеды Рагвалодаўны і сына Ізяслава Уладзіміравіча, у гонар якога названы. Верагодна, з пач. 12 ст. быў цэнтрам удзельнага Ізяслаўскага княства. У летапісах З. (Изяславль, Жеславль, Жаславль) упамінаецца пад 1127 у сувязі з паходам на Полацкую зямлю вял кн. кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сярэдзіне 12 ст. горад і княства сталі аб’ектам барацьбы паміж полацкімі і мінскімі князямі. У канцы 13 ст., верагодна, увайшло ў склад ВКЛ. З 1345 прыватнаўласніцкі горад, належаў кн. Яўнуту, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі. У 1539 З. належала Глябовічам, з 1569 у складзе Мінскага пав. Былы дзядзінец у 16 ст. ператвораны ў рэзідэнцыю ўладальнікаў З. (гл.Заслаўскі замак). У канцы 16 ст. тут пабудаваны кальвінскі збор. З 1678 горадам валодалі Сапегі, з 1753 — Пшаздзецкія. У канцы 17—18 ст. цэнтр Заслаўскага графства, паводле прывілея 1772 атрымала права на 4 кірмашы ў год. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў З. былі цагельня і суконная ф-ка. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці. У 1873 праз яго пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, адкрыта ст. Ізяслаў. У 1904—3 тыс.ж., 2 школы, бальніца, аптэка, пошта, 2 царквы (захавалася Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), Заслаўскі фарны касцёл. У 1924—59 цэнтр Заслаўскага раёнаБССР, з 27.9.1938 гар. пасёлак, з 14.8.1985 горад абл. падпарадкавання. З 28.6.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў З. і раёне загубілі 3938 чал. У 1977—6,5 тыс.чал.Стараж. частка горада, археал. і арх. помнікі ўключаны ў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік.
Працуюць карданажна-паліграф.ф-ка, з-ды драбільна-сартавальны, жалезабетонных вырабаў, асфальтавы, малочны, хлебазавод. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, памятны крыж у гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Памятны камень (1985) з нагоды 1000-годдзя горада. Помнікі архітэктуры: Заслаўскі фарны касцёл, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква. Помнік археалогіі гарадзішча Замэчак. На тэр. З. існаваў Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў.
Да арт.Заслаўе. Памятны крыж на гарадзішчы Замэчак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Мухавец, у сутоку яе з Дняпроўска-Бугскім каналам. За 46 км ад Брэста. Чыг. станцыя на лініі Брэст—Гомель. Вузел аўтадарог на Мінск, Брэст, Пінск, Ковель, Маларыту. 51,9 тыс.ж. (1998).
Паводле падання, засн. ў 11—12 ст. нашчадкамі кіеўскага кн. Ізяслава. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1287 як уласнасць кн. Уладзіміра Васількавіча. З 1-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З 1366 уладанне вял.кн. Альгерда і яго нашчадкаў, з 1532 — каралевы Боны Сфорца, Ганны Ягелонкі, Канстанцыі Аўстрыйскай, у канцы 18 ст. — А.В.Суворава. У 14 ст. пабудаваны Кобрынскія замкі. З 1404 цэнтр Кобрынскага княства, з 1519 — староства, у 1520—66 і 1791—1840 — Кобрынскага павета. З 1566 у Брэсцкім ваяв. У 16—18 ст. цэнтр Кобрынскай эканоміі. У 1589—1766 меў магдэбургскае права, герб — шчыт з выявамі св. Ганны і Маці Божай з дзіцем. У сярэдзіне 17 ст. ў К. каля 1700 ж., каля 500 дамоў. Горад моцна пацярпеў у час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. З 1795 у Рас. імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў К. ратуша, Спаскі манастыр, Прачысценская, Мікалаеўская і Петрапаўлаўская цэрквы, драўляныя касцёлы. У вайну 1812 тут адбыўся Кобрынскі бой 1812. У 1882 праз К. пракладзена Палеская чыгунка. У 1897 у горадзе 10 355 ж У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., дзейнічаў павятовы к-тКПЗБ, адбыліся дэманстрацыі ў 1931, 1936. З вер. 1939 у Брэсцкай вобл.БССР, з 1940 цэнтр Кобрынскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. каля 6900 чал. У горадзе і раёне дзейнічала падполле, партыз. брыгады і атрады. Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—24,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы металаапр. (Кобрынскі інструментальны завод «Сітама», рамонтны з-д), лёгкай (прадзільна-ткацкая і швейная ф-кі, ільнозавод), харч. (масласырзавод, Кобрынскі кансервавы завод, птушкафабрыка, хлебазавод), камбінат буд. матэрыялаў, мэблевая ф-ка, друкарня. Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: А.В.Сувораву, перамогі 1812, Вызвалення, партызанам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Кобрынскі парк, Дняпроўска-Бугскі канал, Кобрынскі Спаскі манастыр (1497), Кобрынская Мікалаеўская царква (1750), касцёл (1843), Кобрынскі сабор Аляксандра Неўскага (1868), будынак б. сінагогі (2-я пал. 19 ст.), паштовая станцыя (1846), Петрапаўлаўская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ФЫ (грэч. Skythai),
агульная назва плямён паўн.-іранскай моўнай групы, якія насялялі Паўн. Прычарнамор’е ў 7 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Паводле розных меркаванняў С. — выхадцы з Сярэдняй Азіі ці Сібіры. У 7 ст. да н.э. яны перасяліліся ў Паўн. Прычарнамор’е, выцесніўшы адтуль кімерыйцаў. С. рабілі паходы ў М.Азію, заваявалі Мідыю, Сірыю, Палесціну, панавалі ў Пярэдняй Азіі, адкуль у пач. 6 ст. да н.э. іх выцеснілі мідыйцы. Асн. іх месца рассялення — тэр. паміж Донам і Дунаем, стэпавы Крым. Паводле Герадота, пануючымі былі царскія С., што жылі паміж Дняпром і Донам; паміж Інгулам і Дняпром жылі С.-земляробы, правабярэжжа Ніжняга Дняпра і Крым займалі С.-качэўнікі. С. валодалі ганчарным, кавальскім, ювелірным майстэрствам; гандлявалі з грэч. гарадамі Паўн. Прычарнамор’я збожжам, футрам, жывёламі, рабамі. Паліт. аб’яднанню С. садзейнічала вайна ў 512 да н.э. з перс. царом Дарыем I (гл.Дарый). Саюз плямён набыў рысы дзяржавы. Улада цара была спадчыннай, але абмежавана саюзнай радай і нар. сходам. Да 340-х г. да н.э. цар Атэй завяршыў аб’яднанне С. ад Азоўскага мора да Дуная. Адм. і гандлёва-эканам. цэнтр іх дзяржавы размяшчаўся ў Ніжнім Падняпроўі каля сучаснага г. Нікапаль. У 4—3 ст. да н.э. вядомы іх т.зв. царскія курганы (Чартамлык, Салоха, Тоўстая магіла, Мелітопальскі, Куль-Аба і інш), у якіх выяўлены бронзавыя шлемы, панцыры, шчыты, лукі, коп’і і інш. У 3 ст. да н.э. пад націскам сарматаў сталіца С. перанесена ў Крым, дзе на р. Салгір (каля г. Сімферопаль) узнік Неапаль скіфскі. Дзяржава С. дасягнула росквіту ў 2 ст. да н.э., калі яны падпарадкавалі Ольвію і ўладанні Херсанеса. У выніку паражэння ў 108—107 да н.э. ў вайне з Мітрыдатам Скіфія была аслаблена, але ў 2-й пал. 1 ст.н.э. зноў узмацнела. Скіфскае царства ў Крыме існавала да 2-й пал. 3 ст. і знішчана готамі. У эпоху Вялікага перасялення народаў С. канчаткова растварыліся сярод мноства плямён. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са С. з’явіліся бронзавыя наканечнікі стрэл з трыма і дзвюма лопасцямі. Рэчы скіфскага тыпу знаходзяць на Беларусі пры раскопках помнікаў зарубінецкай культуры. Зрэдку сустракаюцца на помніках мілаградскай культуры, напр. гарадзішча і бескурганны могільнік каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на (наканечнікі скіфскіх стрэл і акінак з загнутымі ўгару канцамі наверша).
Літ.:
Смирнов А.П. Скифы. М., 1966;
Граков Б.Н. Скифы. М., 1971;
Хазанов А.М. Социальная история скифов. М., 1975;
Яго ж. Золото скифов. М., 1975;
Шелов Д.Б. Северное Причерноморье 2000 лет назад. М., 1975;
Брашинский И.Б. В поисках скифских сокровищ. Л., 1979;
Куклина И.В. Этногеография Скифии по античным источникам. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіласав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎГАРАД,
горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс.ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л.ун-т. Драм.тэатр.Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.
У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл.Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст.наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.
У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б.дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.Мікешын, арх. В.Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіларас. паэта Г.Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.Чарноў, арх. Г.Ісаковіч).
Літ.:
Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;
Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;
М., 1970;
Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.
Да арт.Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.