ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,

род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).

Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.​Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.​С.​Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.​Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.​Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.​Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.​Чайкоўскага, «1905 год» Дз.​Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.​Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.​Штрауса, «Паэма экстазу» А.​Скрабіна, «Пасіфік-231» А.​Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.​Мусаргскага і «Кікімара» А.​Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.​Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.​Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.​Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.​Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.​Шумана і «Каталог птушак» А.​Месіяна.

У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел. нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.​Абрамовіча, «Родныя напевы» П.​Падкавырава, «Забавы» В.​Войціка, «Батлейка» В.​Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.​Аладава, «Вечна жывыя» Г.​Вагнера, «Фрэскі» Л.​Абеліёвіча, «Мемарыял» У.​Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял. Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.​Глебава паводле В.​Быкава, 8-я сімфонія Дз.​Смольскага з вершамі І.​Бродскага, «Капрычас» С.​Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.​Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.​Кузняцова, «Вір» А.​Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.​Паплаўскага).

Літ.:

Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.

Р.​М.​Аладава.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,

інтэнсіўнасць, эфектыўнасць у працэсе вытв-сці, колькасныя адносіны аб’ёму (масы) атрыманага прадукту да працы, затрачанай на яго выраб. Выражаецца колькасцю прадукцыі, зробленай за адзінку часу — выпрацоўкай, або затратай часу на адзінку прадукцыі — працаёмкасцю. Пад павелічэннем П.п. разумеецца эканомія затрат прац. часу на выраб адзінкі прадукцыі або дадатковая колькасць вырабленай прадукцыі за адзінку часу, што непасрэдна ўплывае на павышэнне эфектыўнасці вытв-сці (у адным выпадку скарачаюцца выдаткі на вытв-сць адзінкі прадукцыі, а ў другім — за адзінку часу вырабляецца больш прадукцыі). Павышэнне П.п. — гал. крыніца росту дабрабыту грамадства, развіцця яго вытв. сіл і вырашэння сац. праблем. Адрозніваюць прадукцыйнасць грамадскай і індывід. (жывой) працы, лакальную прадукцыйнасць. Прадукцыйнасць грамадскай працы падлічваецца адносінамі валавога ўнутранага прадукту (інш. аналагічнага паказчыка) да колькасці работнікаў, занятых у галінах матэрыяльнай вытв-сці і сферы паслуг. Яна адлюстроўвае эфектыўнасць жывой працы (мэтазгодную дзейнасць чалавека, затраты яго разумовай і фіз. энергіі) і эканомію грамадскай працы, арэчаўленай у сродках вытворчасці. На прадпрыемствах вызначаюць прадукцыйнасць індывідуальнай працы, якая адлюстроўвае час, неабходны для вырабу адзінкі прадукцыі або колькасці тавару, зробленага за пэўны перыяд часу. Лакальная прадукцыйнасць — сярэдняя П.п. рабочых (працуючых), разлічаная па прадпрыемстве або галіне ў цэлым. Адрозніваюць натуральны, прац. і грашовы метады вымярэння П.п. Пры натуральным метадзе яе ўзровень вызначаецца адносінамі колькасці прадукцыі ў натуральных адзінках вымярэння да затрат рабочага часу або да сярэдняспісачнай колькасці працуючых. Такі метад выкарыстоўваюць на прадпрыемствах, якія вырабляюць адзін від прадукцыі. а таксама для вымярэння ўзроўню П.п. на рабочых месцах і асобных участках вытв-сці. Яго вартасці — нагляднасць, прастата вылічэння, канкрэтнасць; недахоп — ужываецца пры выпрацоўцы аднаго віду прадукцыі. Варыянтам натуральнага метаду, які пашырае межы выкарыстання, з’яўляецца метад натуральных умоўных адзінак, пры якім аднародная, але разнаякасная прадукцыя прыводзіцца па якой-н. прыкмеце да ўмоўнага эталона. Працоўны метад заключаецца ў сувымярэнні розных відаў прадукцыі па затратах працы на іх вытв-сць (працаёмкасцю). Ён найб. дакладны, аб’ектыўна адлюстроўвае змены П.п. па асобных відах прадукцыі, прадпрыемствах і па галінах нац. гаспадаркі. Пры яго выкарыстанні неабходна ўлічваць, што прац. нормы на кожным прадпрыемстве могуць быць свае і мець розную ступень напружанасці. Найб. універсальны і пашыраны вартасны метад, пры якім П.п. выражаецца вартасцю прадукцыі (валавой, таварнай, чыстай), што прыпадае ў сярэднім на аднаго работніка. Найб. дакладны паказчык вызначаецца па чыстай прадукцыі, але яго недахопы у тым, што не ўлічвае затраты арэчаўленай працы.

Літ.:

Зайцев Н.Л. Экономика промышленного предприятия. 3 изд. М., 2000;

Куприякова Е.М. Банки и биржи. М., 1996;

Экономика труда и социально-трудовые отношения. М., 1996.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́пань

1. Штучны ставок, сажалка для развядзення рыбы, для мачэння пянькі, бялення палотнаў; кар'ер, Яма (Азяр. Касп., Бых., Глуск. Янк. I, Жытк., Круп., Рэч., Сал., Слаўг., Смален. Дабр., Стол.).

2. Капаная крыніца (Хоц. Бяльк.).

3. Выкапаны роў (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.).

□ в. Копань каля Рэчыцы Гом. вобл., в. Копань Стол., ур. Копань (сенажаць) каля в. Яскавічы Сал., в. Копань (1654) Маг. (АЮЗР, т. 14 (дап. да т. 3), 451).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Не́ґалда, нёі*елда ’няўдалы; неахайны чалавек’ (Сл. ПЗБ), нёгалда ’несамастойны, непрыстасаваны (пра дзяцей)’ (докш., Міхайлаў, вусн. паведамл.), нёгалда ’тоўстая, нязграбная, непаваротлівая жанчына або дзяўчына’ (Растарг.). Відаць, звязана з голда ’высокая, худая, даўгатварая дзяўчына’ (там жа), прыводзіцца як сінонім да нёгалда, не- ў гэтым выпадку Узмацняе «адмоўнае» значэнне экспрэсіўнага слова, апошнім, відаць, тлумачыцца і I (узрыўное), аднак яно можа сведчыць пра запазычанасць зыходнага слова, параўн. галдавиць ’прыслужваць, дагаджаць, даваць паблажку’, галдоунік ’патуральнік’ (Нас.), крыніца якіх знаходзіцца, магчыма, у мове ідыш, што відаць з ілюстрацый, якія прыводзяцца ў слоўніку Насовіча. Пра сувязь з галди ’галас, шум’ (гл.) па семантычных меркаваннях гаварыць цяжка, што не выключае магчымую фармальную блізкасць названых слоў (параўн. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1 (Г), 14). Спроба вывесці этымалагізуемае слова з літ. negvald‑us ’які лёгка вылушчваецца’ (Грынавяцкене і інш., LKK, 16, 1975, 184) непераканальная перш за ўсё з семантычнага і лінгвагеаграфічнага бакоў (гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 146, дзе названае слова аднесена да тых, балтыйскае паходжанне якіх недастаткова аргументаванае); больш верагодна ўтварэнне ад літ. negalėti ’недамагаць, хварэць, быць нездаровым; не быць у стане’, што адпавядала б семантычна іншым экспрэсіўным утварэнням такога тыпу негадана (гл.), нягоднік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калама́р ’чарнільны’ (Грыг., Др.-Падб.; глус., КЭС; Нас., Шн., Шпіл.). Укр. каламарь, рус. зах., н.-рас., паўдн. каламарь (Даль), польск. kalamarz, чэш. kalamář, славац. kalamár, славен. kalamâriš, серб.-харв. kalàmâr (з XV ст.), балг. каламар. Крыніца гэтых лексем лац. calamārius, calamārium ’скрынка для пісьмовых прылад’, якое ад calamus ’пяро для пісьма і інш.’, а гэта з с.-грэч. καλαμάρί ’чараціна; чараціна, падрыхтаваная для пісьма, пяро і інш.’ Шляхі пранікнення гэтых лексем розныя: для балг. — с.-грэч., н.-грэч. пасрэдніцтва (БЕР, 2, 159), для серб.-харв. — італ. (Скок, 2, 18), для славен. — венгерская (там жа), чэш. і польск. Махэк₂ (236) мяркуе, што слова прынята з вучонай латыні. Адносна бел., укр. і рус. выказваецца думка, што гэта запазычанне з польск. мовы (гл., напр. Слаўскі, 2, 34). На карысць гэтага лінгвагеаграфія ўсх.-слав. фіксацый — больш позні, параўнальна са ст.-польск. (XV ст.), час, калі слова адзначаецца ў ст.-бел. мове (XVI ст.). Значэнне ’чарнільніца’ на ўсходзе (ст.-польск. дэфініцыя ўключае ’скрынка пісара і інш.’). Аднак нельга выключыць, што форма ўсх.-слав. лексемы (‑р‑ на месцы ‑rz‑) магла з’явіцца не толькі ў выніку этымалагічнага падыходу да польск. слова, але і як вынік непасрэднага ўплыву першакрыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атла́с 1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас 2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня 1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня 2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня 1.

Клю́шня 3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ані́с ’Pimpinella anisum; Anisum Gaertn.’, аныш, ганыш (Кіс.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нуш, га́нусовый, га́нусовка (Нас.). Рус. ани́с, дыял. га́нус ’кмен’, ани́ст ’тс’, ганы́ш ’Chaerophyllum bulbosum L.’, укр. ані́с, дыял. а́нис, а́ниж, а́ниш, о́ниж, га́нус, га́ниж ’аніс’. Польск. anyż з чэш. anýz, дыял. hanýz, haníž, ст.-чэш. anež, anez, славац. aníz, onajs, anajs, в.-луж. anis, славен. jánež, серб.-харв. а́нис, а́ниш, а́нижевица, балг., мак. анасон ’тс’. Крыніца ўсіх гэтых форм с.-грэч. ἄνισον (раней ἄννησον) невядомага (міжземнаморскага?) паходжання. Грэч. > тур. > балг., мак. (БЕР, 1, 11), магчыма, грэч. > серб.-харв.; грэч. > лац. ці грэч.//лац. anisum, anesum > ст.-чэш. anez; лац. > с.-в.-ням. > ст.-чэш. anež, славен. janež, магчыма, польск. anyż, серб.-харв. аниж‑. Бел., укр. ганыш, аныш (з XVII ст.) < польск. anyż (Рудніцкі, 1, 25). Бел. аніс < рус. анис. Рус. форма, паводле Фасмера (1, 78), з н.-в.-ням. ці па версіі Гараева з французскай, што малаверагодна. У рускай пісьменнасці слова вядома з 1560 г., што дае магчымасць лічыць яго запазычаным непасрэдна з грэч. (Шанскі, 1, 4, 109), але супраць гэтага націск, які супадае з нямецкім. Назва яблыка аніс, анісаўка з рускай: анисовые яблоки — паволжскі гатунак яблык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́рва 1 ’глыбокі, стромкі абрыў, бездань’, ’мноства’, ’пражорлівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Ян., ТС), ’крыніца’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, размытае вадой’ (Нас., Касп., Гарэц.), ’пратока’, ’невялікі астравок’ (Сл. ПЗБ), ’новае рэчышча, прамытае ракой’ (Ян.), ’бездань’ (Растарг.), ’багна на балоце ці возеры, зарослая травой’ (ТС), ’завадзь’ (Бяльк.), ’вокнішча ў балоце’ (ДАБМ, камент., 980; слаўг., слонім., стол., Яшк.). Рус. про́рва ’бездань, глыбокая яма; месца, размытае вадой; новае прамое рэчышча ракі, прамытае вадой’, ’пражора’, ’мот’, ’шкода’ і г. д., укр. прі́рва ’месца прарыву плаціны’, ’яма ў рацэ, моры’; таксама ’бездань’; ’стромкі схіл гары’, ’стромкі бераг’, польск. przerwa ’разбурэнне; перапынак’, чэш. průrva ’роў, вузкая і глыбокая даліна, прамытая вадой’, славац. prierva ’тс’. Паўн.-прасл. *prorъva ’месца (бездань), прамытае вадой’. Аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *prorъvati ’прарваць’ (Талстой, Геогр., 175, 202–203), параўн. яшчэ ў Бярынды: “прорва… мѣсце урваное в(ъ) рѣцѣ”.

Про́рва 2 ’ўвярэднік балотны, Pedicularis palustris L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), ’трыпутнік’ (лях., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і прорва 1: да прарыва́ць, прарва́ць. Але матывацыя зразумелая толькі ў адносінах да трыпутніка, які прыкладаецца да ран, а таксама скул і нарываў, каб іх прарваць, даць выхад гною.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)