Інды́к, інды́чка, індычаня́, індычанё (ТСБМ), індзю́чка (Мат. Гом.), індыча́ціна ’індычае мяса’ (Жд. 2). Ст.-бел. индыкъ, индикъ (1688 г.) запазычана з польск. indyk, дзе з лац. indicus ’індыйскі’, паколькі птушку завезлі ў XVI ст. з Вест–Індыі (Булыка, Лекс. запазыч., 143; Слаўскі, 1, 457). Для рус. индюк (XIX ст.) польская была таксама мовай-пасрэднікам (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 132; Шанскі, 2, I, 75).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Друк1 ’друк’ (БРС, Байк. і Некр., Нас., Касп. і інш.). Гэта слова было ўжо ў ст.-бел. (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 102). Укр. друк ’тс’. Запазычанне з польск. druk ’тс’ (а гэта з ням. Druck ’тс’). Бернекер, 1, 99; Кюнэ, Poln., 51; Булыка, Запазыч., 102. Вытворныя адсюль друкава́ць, друка́р, друка́рня і інш. Можна ставіць пытанне, ці гэта самастойныя ўтварэнні ад друк на бел. глебе ці запазычанні таксама з польск. мовы. Булыка (Запазыч., 102) аднёс друкарня, друкаръ, друковати да дэрыватаў (пад друкъ). На с. 15 ён гаворыць, «што прыводзяцца дэрываты, утвораныя на беларускай глебе». Аднак давесці самастойнасць адзначаных бел. слоў немагчыма. Таму іх можна таксама лічыць паланізмамі: друкава́ць (ст.-бел. друковати) < польск. drukować; друка́р (ст.-бел. друкаръ) < польск. drukarz; друкарня (ст.-бел. друкарня) < польск. drukarnia. Для друка́р ёсць сляды яго польск. паходжання (дру́карНас.) або прама ням. Нават друкава́ць магло быць прамым запазычаннем з ням. мовы. Яшчэ Бярында пісаў: «дрꙋкꙋ́ю: з алманска, выбива́ю, албо вытискаю».

Друк2 ’дубіна’ (БРС), дрюк ’тс’ (Бяльк.). Рус. друк, дрюк, укр. друк, дрюк, чэш. drouk ’жалезны прут, шпень’, славац. drúk ’кол, жэрдка’, балг. дыял. дрък ’сцябло кукурузы’, серб.-харв. друк ’даволі тоўсты кол’. Прасл. *drǫkъ ’друк і да т. п.’ Гэта форма лічыцца варыянтнай (другаснай; паводле Фасмера, 1, 544, узнікла пад уплывам *sǫkъ ’сук’) да прасл. *drǫgъ ’тс’ (якая суадносіцца з дзеясловам *dręgati). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 130–131, 129–130. Сюды памяншальнае дручок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПІ́СЬМЕННАСЦЬ,

1) сукупнасць пісьмовых помнікаў якога-небудзь народа ў пэўную гіст. эпоху. Адлюстроўвае сферы чалавечай дзейнасці, найважн. з якіх справаводства, культура, навука, рэлігія. Класіфікуецца паводле сістэм пісьма, якімі карысталіся, напр., грэч., лац., стараслав., стараж.-рус. П. Мае вял. значэнне для вывучэння гісторыі, культуры, л-ры і мовы народаў. У залежнасці ад часу ўзнікнення падзяляецца на старую і маладую П.

Старабел. П., як старарус. і стараўкр., — непасрэднае прадаўжэнне стараж.-рускай. Выступала як самастойная сістэма з 14 ст. Літ.-пісьмовая старабел. мова выконвала ролю агульнадзярж. у ВКЛ. Паводле жанрава-стылявых разнавіднасцей падзяляецца на дзелавую, свецкую і рэлігійную. У помніках дзелавой П. шырэй, чым у інш. жанрах старабел. л-ры, адбілася жывая моўная стыхія свайго часу. Гэта шматлікія граматы і дагаворы, актавыя кнігі і дакументы гар. упраў, магістратаў, гродскіх, земскіх і інш. судоў, розныя інвентары, вопісы і рэвізіі, складзеныя на тэр. Беларусі. Асабліва вядомымі былі Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 (адзін з першых у Еўропе сістэматызаваных зводаў законаў па ўсіх галінах тагачаснага права), Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 і Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свецкая П. уключала творы літ.-маст. характару арыгінальныя спісы бел. летапісаў (Супрасльскі летапіс, Віленскі летапіс, Слуцкі летапіс, Румянцаўскі летапіс), хронікі і хранографы (Хроніка Быхаўца, Баркулабаўская хроніка, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Вялікая хроніка»), творы мемуарнага жанру («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), перакладныя аповесці («Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана», «Гісторыя пра Атылу», «Александрыя», «Троя»), Помнікі рэліг. П. — пераклады на бел. мову біблейскіх кніг, жыціі, і апокрыфы, царк. і манастырскія статуты, тлумачальныя, прапаведніцкія і палемічныя творы (гл. Палемічная літаратура), творы гамілетычнай л-ры. Яны пашыраліся ў рукапіснай і друкаванай форме («Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Біблія» Ф.​Скарыны, «Катэхізіс» С.​Буднага, «Евангелле» В.​Цяпінскага, «Казанне святога Кірылы» С.​Зізанія, «Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, «Казанне двое...» Л.​Карповіча, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», палемічныя творы І.​Пацея і інш.). Найб. помнікаў старабел. П. (у рукапісах і ў друкаванай форме) прыпадае на 16—пач. 17 ст. У мінулым на Беларусі, апрача старабел., бытавалі царк,слав., польская, лац., араб., яўрэйская П. Пасля Брэсцкай уніі 1596 з прычыны інтэнсіўнага выцяснення бел. мовы са сферы грамадскага і культ. ўжытку і забароны яе (паводле сейма 1697) у якасці дзярж. паменшала колькасць твораў, напісаных кірыліцай. У канцы 17—18 ст. створаны толькі паасобныя помнікі бел. П. традыц. тыпу.

Новая бел. П. пачала складвацца ў пач. 19 ст. на аснове пераважна лацінскага алфавіта, на змену якому прыйшоў рус. грамадзянскі шрыфт. У 19 ст. ў неспрыяльных культ.-гіст. умовах яна развівалася слаба, запаволена. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 культ.-грамадскія і стылістычныя функцыі бел. П. значна пашырыліся. У наш час найб. актыўнымі сферамі яе ўжытку з’яўляюцца маст., грамадска-публіцыстычная і навук. л-ра.

2) Сукупнасць пісьмовых сродкаў зносін, якая ўключае графіку, алфавіт і арфаграфію пэўнай мовы або групы моў, аб’яднаных адной сістэмай пісьма, ці адным алфавітам.

Літ.:

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жства ’магутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп’ (Нас.), брэдня́ ’хлусня, брахня, лухта’ (Нас.), брэ́дзіць ’трызніць’, брэд трызненне’ (Сцяшк. МГ). Рус. бре́дить, бред, укр. бредня́ ’лухта, хлусня’. Этымалогія гэтай групы слоў не вельмі ясная. Параўноўваюць з дзеясловам *bresti *bredǫ ’ісці’, а таксама з с.-н.-ням. praten ’балбатаць’, ст.-англ. breodian ’крычаць, клікаць’. Гл. Фасмер, 1, 210. Ст.-бел. брэ́дня ’глупства’. Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам (польск. brednia). Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 1, 41–42.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Буршты́н (БРС, Гарэц., Нас.), таксама брушты́н (Касп., Нас.); буршты́навы, бруштыно́вы, брушты́навы ’колер з адценнем жоўтага’ (Інстр. II, БРС). Слова гэтае ўжо ў Бярынды. Укр. буршти́н, бру́штин ’тс’. Запазычанне з польск. bursztyn ’тс’ < н.-ням. bornstēn (ням. Bernstein, літаральна ’палаючы камень’). Бернекер, 102; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 46; Булыка, Запазыч., 53; Шалудзька, Нім., 24; параўн. Брукнер, 50. Рудніцкі (267–268), зыходзячы з націску, выводзіць слова непасрэдна з ням. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́зны ’шырокі, свабодны’ (смарг., дзятл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. люзный, лезный, лиозный ’вольны, селянін, які не меў пастаяннага месца пражывання’ (XVI ст.), запазычана са ст.-польск. luźny, lóźny, loźny ’свабодны, які цесна не прылягае’, якія з с.-в.-ням. lōs ’вольны, адарваны, слаба прымацаваны’, lose ’свавольны’ < і.-е. leu‑s‑ ’аддзяляць, адрываць, адрэзваць’ (Булыка, Запазыч., 192; Слаўскі, 4, 393–394). Суч. лю́зны магло быць нядаўна запазычана другі раз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лята́вец ’вядзьмар, змей, лятаючы дух’ (Доўн.-Зап., 3), ст.-бел. лятавецъ, летавецъ ’прывід, здань’ (пач. XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. latawiec, letawiec ’вампір, ведзьма, крывасмок’ (Булыка, Лекс. запазыч., 176; Свяжынскі, Бел.-польск. ізал., 110–111), якія Слаўскі (4, 67–68) узводзіць да праформы lětav‑ьcь < lěta‑vъ < lětati > лята́ць (гл.). Сюды ж лятавіца ’русалка, жанчына-дэман’ (там жа). Параўн. таксама смал. лета́вка (фалькл.) ’той, хто хутка лётае ці бегае’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ліхтан, ст.-бел. лихтанъ (XVI ст.) ’невялікае, дапаможнае грузавое судна’ запазычана са ст.-польск. lichtan ’баржа’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120), якое з ням. прус. licht(er)kahn, lidgan (Слаўскі, 4, 232–233). У сучаснай бел. мове заменена словам ліхтэр < рус. ли́хтер ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), запазычанае ў пачатку XVIII ст. з гал. ці н.-ням. lichter, новав.-ням. Leichter ’пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’ (Фасмер, 2, 506).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)