МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл.таксамаМанаполія, Алігаполія, Алігапсонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНО́ДЫЯ (грэч. monodia песня аднаго спевака ад monos адзін + ōdos спявак),
аднагалоссе, якое не патрабуе суправаджэння. Пазбягае любых верт. суадносін гукаў (рэальных або мяркуемых) і разгортваецца выключна ў іх лінеарна-меладычным руху. Характэрна для муз. фальклору многіх народаў, для сярэдневяковых зах.-еўрап. (грыгарыянскі харал) і стараж.-рус. (знаменны спеў) царк. спеваў, а таксама для ўсх. класічнай музыкі вуснай традыцыі (мугам, маком, макам, рага і інш.). Манадычная бел.нар. музыка стараж. пласта. У творах сучасных бел. кампазітараў М. трапляецца ў межах асобных невял. эпізодаў.
Літ.:
Галицкая С.П. Теоретические вопросы монодии. Ташкент, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЛЬНАЙ ДАБРЫНІ́ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, прыхільнікі якой лічаць, што ў маральнай дзейнасці большае значэнне мае дзеянне (тое, што робіцца, зроблена), чым матыў, заахвочванне (тое, для чаго робіцца). М.д.т. называюць таксама этыкай добрай волі. Падобны пункт погляду прапаведаваў у рэліг. вучэнні М.Лютэр, які аддаваў перавагу «ўнутранай набожнасці» перад «зямнымі дзеяннямі». І.Кант лічыў, што пры выкананні маральнага абавязку важнымі з’яўляюцца асаблівы настрой думак чалавека, пачуццё безумоўнага падпарадкавання абавязку, а не канкрэтны змест учынкаў. Марксісцкая этыка зыходзіла з сац. абумоўленасці матываў і маральнага зместу ўчынкаў і дзеянняў людзей. Праблемы М.д.т. распрацоўваюцца ў экзістэнцыялізме, дыялектычнай тэалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),
дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я АКУНІ́,
рыбы роду Sebastes і блізкіх родаў сям. скарпенавых. У родзе Sebastes каля 100 відаў. Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага (М.а. звычайны, або залацісты — S. marinus, клювач — S. mentella і інш.) і Ціхага ак. (напр., трохзубцовы акунь — S. schlegeli і інш.). М.а. наз.таксама каменных акунёў (Serranidae). Жывуць у прыбярэжнай зоне і на глыбінях больш за 1000 м.
Даўж. ад 20 см да 1 м і больш. Афарбоўка прыбярэжных відаў цёмная, з палосамі і плямамі, глыбакаводных — ад ружовай да ярка-чырвонай. У глыбакаводных вялізныя вочы. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай. Жывародныя. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЧАРАПА́ХІ (Cheloniidae),
сямейства чарапах. 4 роды, 6 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах; мігрыруюць на тысячы кіламетраў. Жывуць у вадзе, на сушу выходзяць для адкладкі яец. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП. Найбуйнейшая М.ч. — зялёная, або супавая (Chelonia mydas).
Даўж. яе панцыра да 1,4 м, маса да 400 кг. Панцыр М.ч. невысокі, абцякальнай формы, укрыты рагавымі шчыткамі. Галава і кароткая шыя не поўнасцю хаваюцца пад панцыр. Канечнасці — ласты; пярэднія — веслападобныя з кіпцюркамі, даўжэйшыя за заднія. Хутка плаваюць, глыбока ныраюць. Кормяцца малюскамі, рыбай, водарасцямі. Адкладваюць да 200 яец. Гл.таксамаБіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-РЭАБІЛІТАЦЫ́ЙНАЯ Э́КСПЕРТНАЯ КАМІ́СІЯ,
МРЭК, медыцынская камісія, якая праводзіць экспертызу абмежавання жыццядзейнасці грамадзян, складае індывід. праграмы рэабілітацыі і ажыццяўляе кантроль за іх выкананнем. Утворана ў 1992 замест урачэбна-прац. экспертных камісій. Працуе паводле тэр. прынцыпу. Існуюць абласныя, гар., міжраённыя, раённыя, спецыялізаваныя камісіі. У склад МРЭК уваходзяць урачы-рэабілітолагі-эксперты (тэрапеўт, хірург, неўрапатолаг), у склад спецыялізаванай — урачы паводле профілю камісіі, таксама тэрапеўт ці неўрапатолаг, метадыст-рэабілітолаг і інш. МРЭК высвятляе ступень абмежаванасці жыццядзейнасці хворых, ступень страты працаздольнасці, прычыну і час надыходу інваліднасці і інш. На Беларусі функцыянуюць 83 МРЭК (1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЭЛЫ́Н (Medellín),
горад на ПнЗ Калумбіі, у адгор’ях Цэнтр. Кардыльеры. Адм. ц. дэпартамента Анцьёкія. Засн. ў 1675. Каля 3,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Важны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам. цэнтр краіны. Цэнтр горназдабыўной (золата, серабро, плаціна, каменны вугаль) і тэкст. (каля 80 % прадукцыі галіны ў краіне) прам-сці. Развіты таксама чорная металургія, хім., гарбарна-абутковая, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр гандлю кавай. 5 ун-таў. Музеі. У 2-й пал. 20 ст. месца знаходжання адной з буйнейшых арг-цый калумбійскай наркамафіі, т.зв. медэльінскага картэля (знішчаны ў 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІЦКІ АКТ 1501,
акт дзярж. уній паміж Польшчай і ВКЛ. Падпісаны 23.10.1501 у г. Мельнік (Падляшскае ваяв.ВКЛ, цяпер у Польшчы) пры абранні вял. князя ВКЛАляксандра на каралеўскі трон Польшчы. М.а. прадугледжваў у будучым выбары агульнага манарха для абедзвюх дзяржаў (зафіксаваны таксама ў Мельніцкім прывілеі 1501), устанаўленне агульнай грашовай сістэмы, правядзенне агульнай унутранай і знешняй палітыкі. Фактычна М.а. вёў да ліквідацыі дзярж. самастойнасці ВКЛ. У выніку шырокай апазіцыі сейм ВКЛ у 1505 не зацвердзіў М.а. і ён не набыў сілы. Планы польскіх магнатаў і шляхты здзейсніліся ў выніку заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА СТРЫМА́ННЯў крымінальным працэсе,
прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел.крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.