ГУРЭ́ВІЧ (Міхаіл Іосіфавіч) (12.1.1883, в. Рубаншчына Курскай вобл., Расія — 25.11.1976),

савецкі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1957), д-р тэхн. н. (1964). Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1925). З 1929 на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1938 нам. гал. канструктара, у 1957—64 гал. канструктар. З А.І.Мікаянам стварыў знішчальнікі МіГ (Міг-1, -3, -9, -15, -19, -21 і інш.), шэраг скорасных рэактыўных самалётаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМЕТЫЛАНІЛІ́Н,

Ν,Ν-дыметыламінабензол, трацічны амін, C6H5N(CH3)2. Жоўтая вадкасць з дзягцярным пахам, tпл 2,5 °C, tкіп 194,15 °C, шчыльн. 955,7 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спірце, ацэтоне, бензоле. Атрымліваюць награваннем аніліну і метанолу пад ціскам у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, як праявіцель для каляровай фатаграфіі. Выклікае ўтварэнне язваў на скуры, ператварэнне гемаглабіну ў метгемаглабін, ГДК 0,2 мг/м³.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПРАПО́РЦЫІ ў эканоміцы,

незбалансаванасць у развіцці асобных галін, узаемазвязаных фаз вытв-сці, якая спараджае парушэнне норм ходу працэсу ўзнаўлення. Адрозніваюць асобныя Д., якія маюць лакальны і кароткатэрміновы характар, і агульныя Д., звязаныя з узрушэннем усёй эканомікі. Вял. значэнне для ўзнікнення і развіцця дыспрапарцыянальнасці мае стан спажывання ў дадзеным грамадстве, яго ўзгадненне з вытв-сцю і плацежаздольным попытам, што абумоўлена адносінамі ўласнасці. Д. паяўляюцца як парушэнне аб’ектыўна неабходнай сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭРГЕ́НТЫ (ад лац. detergeo ачышчаю),

група паверхневаактыўных рэчываў, што выкарыстоўваюцца пераважна як мыйныя сродкі. Маюць дэзінфіцыруючыя ўласцівасці, некат. выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці, Д. з зараджанымі (дадэцылсульфат натрыю) або незараджанымі (трытоны) палярнымі канцамі — у біяхіміі пры растварэнні і ачыстцы мембранных бялкоў. Ачышчальны эфект Д. дасягаецца за кошт парушэння іх амфіпатычнымі малекуламі гідрафобных уласцівасцей малекул бялкоў, ліпідаў і інш. рэчываў. Прамысловыя Д., што трапляюць са сцёкавымі водамі ў прыроднае асяроддзе, — небяспечныя забруджвальнікі.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛО́ВІЧ (Лідзія Лукінічна) (н. 18.8.1936, в. Сужэнка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1983), праф. (1984). Скончыла Ленінградскі ун-т (1962). У 1968—73 выкладала ў Бел. дзярж. тэхнал. ін-це. З 1973 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Даследуе праблемы ўліку і аналізу эфектыўнасці прамысл. вытв-сці.

Тв.:

Совершенствование экономического анализа эффективности производства. Мн., 1978;

Анализ эффективности хозяйственной деятельности промышленных предприятий. Мн., 1979;

Анализ финансово-хозяйственной деятельности предприятия. Мн., 1997.

т. 6, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБО́РНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў і збудаванняў, якія збіраюць (манціруюць) на буд. пляцоўцы з элементаў, папярэдне зробленых на заводах і палігонах. Робяцца з жалезабетону, бетону, металу, драўніны і інш. Выкарыстанне З.к. зніжае працаёмкасць і кошт буд-ва, павышае якасць работ, спрыяе комплекснай механізацыі буд. вытв-сці. З.к. найб. эфектыўныя пры вял. паўторнасці аднатыпных элементаў у жыллёвым, прамысл., камунальным і трансп. буд-ве (гл. Буйнаблочныя канструкцыі, Буйнапанэльныя канструкцыі). На Беларусі пашырана буйнаблочнае, буйнапанэльнае і аб’ёмнаблочнае домабудаванне.

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ТРЭ́ННЕМ,

зварка металаў пластычным дэфармаваннем нагрэтых узаемным трэннем паверхняў і наступным сцісканнем дэталей. Робіцца на машынах, у якіх вырабы, што трэба зварыць, замацоўваюць сувосева; вярчальны рух звычайна надаюць аднаму з вырабаў. Выкарыстоўваецца для злучэння валоў, штокаў з поршнямі, частак металарэзных інструментаў, інш. малагабарытных вырабаў з разнародных металаў і сплаваў, якія рэзка адрозніваюцца сваімі цеплафіз. і хім. ўласцівасцямі (напр., сталь з алюмініем і меддзю, тытан з алюмініем). Пашырана ў маш.-буд. і інстр. вытв-сці.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНО́ВІЧ (Зігмунд Казіміравіч) (н. 26.7.1937, г. Брэст),

бел. вучоны ў галіне матэрыяла- і машыназнаўства. Д-р хім. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). З 1972 у Брэсцкім політэхн. ін-це, адначасова з 1989 у Люблінскім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па тэхналогіі высоканапоўненых кампазіцыйных матэрыялаў і тэрмаўстойлівых палімераў. Распрацаваў тэарэт. асновы атрымання фосфар-, бор- і крэмнійзмяшчальных палімераў, тэхналогію атрымання алігафурфурылаксісілаксанаў — алігамераў для вытв-сці хім. ўстойлівых матэрыялаў і пакрыццяў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ,

прыродныя мінер. ўтварэнні зямной кары, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў сферы матэрыяльнай вытв-сці. Фарміруюцца ў ходзе геал. гісторыі пад уплывам экзагенных і эндагенных працэсаў. Вылучаюць цвёрдыя (вугалі выкапнёвыя, руды, неметал. карысныя выкапні), вадкія (нафта, падземныя воды) і газападобныя (газы прыродныя). Паводле складу і асаблівасцей выкарыстання адрозніваюць гаручыя, метал. і неметал. выкапні. Залягаюць у радовішчах, якія аб’ядноўваюць у раёны, правінцыі і басейны. Гл. таксама Мінеральна-сыравінныя рэсурсы, Запасы карысных выкапняў.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)