СТРАТЫГРА́ФІЯ (ад лац. stratum слой + ...графія),
раздзел геалогіі, які вывучае паслядоўнасць утварэння горных парод і іх першасныя прасторавыя ўзаемаадносіны. Цесна звязана з гіст. геалогіяй, геахраналогіяй, палеанталогіяй, літалогіяй, геатэктонікай, геалогіяй карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўвае палеанталагічны, літалагічны, кліматастратыграфічны, геахім., палеамагн., сейсмалагічны, прамысл.-геафіз., ізатопна-радыялагічныя (уран-свінцовы, калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, радыевугляродны) і інш. метады.
Як навука ўзнікла ў 17 ст. з адкрыцця дацкім вучоным Н.Стэна закону паслядоўнасці напластавання горных парод. У канцы 18 — пач. 19 ст. англ. вучоны У.Сміт распрацаваў прынцыпы палеанталаг. метаду ў С., што прывяло да ўзнікнення біястратыграфіі. Да канца 19 ст. вылучаны асн. стратыграф. падраздзяленні фанеразою (група, сістэма, аддзел, ярус), распрацаваны праект міжнар. стратыграф. шкалы. Уклад у развіццё С. зрабілі франц. вучоныя Э.Ог, М.Жынью, англ. У.Аркел, Р.І.Мурчысан, А.Седжвік, ням. О.Шындэвольф, амер. — К.Данбар, Х.Хедберг, рас. — А.П.Карпінскі, А.П.Паўлаў, Д.В.Наліўкін, У.В.Менер, Б.С.Сакалоў, А.І.Жамойда і інш., бел. — Л.М.Вазнячук, А.С.Махнач, А.В.Фурсенка і інш.
На Беларусі стратыграф. даследаванні пачаліся на мяжы 19—20 ст. з удзелам вучоных Расіі. Планамерныя работы вядуцца з 1927 (Ін-т геалогіі; М.Ф.Бліадухо). У 2-й пал. 20 ст. ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це распрацаваны і абгрунтаваны стратыграф. схемы тэр. Беларусі; удакладненні вядуцца пад кіраўніцтвам Стратыграфічнага к-та пры Бел. геал. т-ве.
Літ.:
Степанов Д.Л., Месежников М.С. Общая стратиграфия. Л., 1979;
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Геология Беларуси. Мн., 2001.
С.А.Кручак.
т. 15, с. 200