СТРАТЫГРА́ФІЯ (ад лац. stratum слой + ...графія),

раздзел геалогіі, які вывучае паслядоўнасць утварэння горных парод і іх першасныя прасторавыя ўзаемаадносіны. Цесна звязана з гіст. геалогіяй, геахраналогіяй, палеанталогіяй, літалогіяй, геатэктонікай, геалогіяй карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўвае палеанталагічны, літалагічны, кліматастратыграфічны, геахім., палеамагн., сейсмалагічны, прамысл.-геафіз., ізатопна-радыялагічныя (уран-свінцовы, калій-аргонавы, рубідый-стронцыевы, радыевугляродны) і інш. метады.

Як навука ўзнікла ў 17 ст. з адкрыцця дацкім вучоным Н.​Стэна закону паслядоўнасці напластавання горных парод. У канцы 18 — пач. 19 ст. англ. вучоны У.​Сміт распрацаваў прынцыпы палеанталаг. метаду ў С., што прывяло да ўзнікнення біястратыграфіі. Да канца 19 ст. вылучаны асн. стратыграф. падраздзяленні фанеразою (група, сістэма, аддзел, ярус), распрацаваны праект міжнар. стратыграф. шкалы. Уклад у развіццё С. зрабілі франц. вучоныя Э.​Ог, М.​Жынью, англ. У.​Аркел, Р.​І.​Мурчысан, А.​Седжвік, ням. О.​Шындэвольф, амер. — К.​Данбар, Х.​Хедберг, рас. — А.​П.​Карпінскі, А.​П.​Паўлаў, Д.​В.​Наліўкін, У.​В.​Менер, Б.​С.​Сакалоў, А.​І.​Жамойда і інш., бел. — Л.​М.​Вазнячук, А.​С.​Махнач, А.​В.​Фурсенка і інш.

На Беларусі стратыграф. даследаванні пачаліся на мяжы 19—20 ст. з удзелам вучоных Расіі. Планамерныя работы вядуцца з 1927 (Ін-т геалогіі; М.​Ф.​Бліадухо). У 2-й пал. 20 ст. ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це распрацаваны і абгрунтаваны стратыграф. схемы тэр. Беларусі; удакладненні вядуцца пад кіраўніцтвам Стратыграфічнага к-та пры Бел. геал. т-ве.

Літ.:

Степанов Д.Л., Месежников М.С. Общая стратиграфия. Л., 1979;

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

С.​А.​Кручак.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)