Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Апавядальны твор вуснай народнай творчасці або літаратурны твор аб выдуманых падзеях, нярэдка з удзелам чарадзейнай, фантастычнай сілы. Беларускія народныя казкі. Казкі Андэрсена. □ Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі. Бядуля. Ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. З нар. // перан. Пра што‑н. незвычайнае, дзівоснае, цудоўнае. Ёсць тут сем хвой. Не хвоі — казка. Колас. Печаная бульба — гэта казка, Паскрабеш нажом — і калі ласка. Жоўтая скарынка, як пірог. Панчанка.

2. Што‑н. выдуманае, нерэальнае; байка ​1 (у 2 знач.). Нагаварыць розных казак. □ [Гарлахвацкі] Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць. Крапіва.

•••

Бабскія казкі — тое, што і бабскія плёткі (гл. плётка 2).

Казаная казка — пра не раз чутае і не вартае ўвагі.

Казка пра белага бычка — пра бясконцае паўтарэнне аднаго і таго ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зе́лле, ‑я, н.

Разм.

1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.

2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.

3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.​Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст. эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.​Рошэр, Б.​Гільдэбранд, К.​Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.​Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.​Шмолер, К.​Бюхер, Л.​Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.​Вебер, В.​Зомбарт і інш.).

2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.​Ф.​Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.​Н.​Спяранскага, К.​Шамбінагі, Б.​М.​Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.​Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.​Янчук і Я.​Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.

Літ.:

Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.

А.​С.​Ліс, А.​А.​Цітавец (у палітэканоміі).

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК АДУКА́ЦЫІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. навук.-пед. і інш. работнікам устаноў адукацыі, органаў кіравання сістэмы адукацыі, што працуюць па спецыяльнасці 15 і больш гадоў, за заслугі ў пед. і выхаваўчай рабоце, арг-цыі навуч.-вытв. працэсу, яго навукова-метадычным забеспячэнні. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 23.11.1988 існавала званне засл. работнік нар. адукацыі Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь

1988. Н.​Г.​Краснова.

1989. Д.​К.​Алейнікава, М.​А.​Андылеўка, М.​А.​Аўласевіч, М.​А.​Буйко, У.​А.​Гарбацкі, Л.​Р.​Грамыка, М.​М.​Данільчык, М.​І.​Катлінскі. М.​Р.​Міхайлаў, Л.​І.​Мукасей, А.​М.​Русакова, І.​М.​Солдак, Н.​А.​Сторажава, М.​С.​Хандогін, У.​А.​Якавенка.

1990. Я.​П.​Антаневіч, В.​В.​Асмалоўскі, Т.​П.​Байкачова. Л.​І.​Бурак, В.​К.​Васпукоў. М.​Г.​Голчанка. М.​М.​Дабралюбаў, Г.​І.​Дабрынеўская. А.​М.​Дзмітровіч, Г.​М.​Зданевіч, Я.​Н.​Карпянкоў, М.​І.​Кіш, В.​М.​Круталевіч, Т.​М.​Лазарэнка, І.​К.​Лапацін, П.​М.​Макарук, С.​П.​Мінкевіч, А.​Ц.​Пікулёў, Л.​М.​Пякарская, Т.​І.​Радзькова, Дз.​С.​Рудэнка, М.​П.​Савуноў, Я.​М.​Студзянічнік. Л.​І.​Сцешыц, Л.​А.​Тарабанава, Г.​А.​Турчынская, П.​А.​Чарнічэнка, І.​І.​Шабуневіч, С.​І.​Якаўлеў.

1991. Т.​І.​Адамовіч, У.​М.​Дзядкоў, М.​К.​Балыкін. І.​В.​Барадзін, Г.​Г.​Бразінскі, І.​М.​Громаў, Э.​С.​Дзікевіч, У.​М.​Дзядкоў, І.​З.​Заяц, С.​Я.​Казлоў, А.​А.​Канцуб, В.​А.​Кузьміч, М.​Р.​Лысенка, А.​С.​Мазоўка, В.​Г.​Малевіч, У.​І.​Марцінкевіч, М.​Ф.​Мятлюк, М.​М.​Плескацэвіч, І.​А.​Пянькоў, А.​П.​Рабушка, Т.​А.​Раеўская. А.​Р.​Рамізоўская, У.​М.​Рэзнікаў, В.​М.​Сарока, С.​І.​Стралецкая, Н.​С.​Трафімава. Ю.​К.​Фамічоў, Ю.​А.​Харын, І.​Я.​Цішкоў, М.​А.​Цыральчук, Я.​Г.​Цярэшка, З.​В.​Шарэйка, А.​В.​Шашкоўскі.

1992. Р.​Д.​Богнат. Р.​А.​Жмайдзяк, С.​П.​Зароўкін, М.​К.​Зубрыцкі, М.​І.​Каўганко, А.​А.​Лабуда, С.​У.​Ляпёшкін, В.​А.​Сізоў, Р.​І.​Тышкевіч, Я.​А.​Яворскі.

1993. Л.​М.​Тараканава, Я.​І.​Тозік.

1994. Э.​М.​Бабенка, М.​М.​Волкаў, А.​І.​Гайдук, І.​М.​Жарскі, М.​Дз.​Іванова, П.​П.​Кішкурна, М.​М.​Саўчык. В.​П.​Ярашэвіч.

1995. М.​Р.​Кісялёў, А.​І.​Кочатаў, А.​З.​Латыпаў, Я.​К.​Мацюшэўская, М.​А.​Мікулік, А.​В.​Пякуцька, Б.​М.​Хрусталёў, В.​У.​Фядута.

1996. Л.​С.​Герасімовіч, Э.​М.​Загарульскі, В.​І.​Карзюк, С.​Р.​Мулярчык, М.​Я.​Цікоцкі, Г.​В.​Шорап.

1997. С.​П.​Гурко, А.​М.​Сапогін, М.​В.​Селькін.

т. 6, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ ГІМНА́ЗІЯ, Слуцкая кальвінісцкая гімназія,

сярэдняя навуч. ўстанова ў г. Слуцк у 1617—1918. Засн. 20.5.1617 кн. Янушам Радзівілам пры кальвінісцкім зборы. Падпарадкоўвалася суперінтэнданту евангелічных цэркваў Навагрудскага пав. У 17 — сярэдзіне 18 ст. праграма нагадвала курс езуіцкіх калегіумаў, навуч. курс складаўся з 4 класаў з 2-гадовым тэрмінам кожны. Навучанне вялося на польскай мове (малодшыя класы) і на латыні (старэйшыя класы). Выкладаліся лац., стараж.-яўр., стараж.-грэч., ням. і польск. мовы, асновы логікі, рыторыкі, права, гісторыя, матэматыка, фізіка, музыка, гімнастыка, фехтаванне, спевы. Практыкаваліся дыспуты, ставіліся тэатр. пастаноўкі. Гімназія мела трывалыя сувязі з ун-тамі Гайдэльберга, Кёнігсберга, Берліна, Франкфурта-на-Одэры, Марбурга, Лейдэна, Эдынбурга і Оксфарда (туды пасылалі на вучобу лепшых выпускнікоў). Згодна са статутамі 1628 і 1679 у гімназію прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў і веравызнанняў (практычна пераважалі дзеці пратэстанцкай шляхты). У выніку войнаў і палітыкі контррэфармацыі ў 2-й пал. 17 ст. гімназія прыйшла ў заняпад. У 1775 яна рэарганізавана ў адпаведнасці з патрабаваннямі Адукацыйнай камісіі. З 1778 С.г. — публічнае евангелічнае вучылішча, з 1809—4-класнае павятовае вучылішча ў сумесным падпарадкаванні Евангелічна-Рэфармацкага (кальвінісцкага) сінода і Віленскай навучальнай акругі, у 1828 пераўтворана ў 6-класную гімназію. Навучанне бясплатнае, кожны год прымалася 150 выхаванцаў. У 1840—56 выкладанне пераведзена на рус. мову. З-за абвінавачванняў ва ўдзеле ў паўстанні 1863—64 з 404 яго выхаванцаў 281 быў выключаны. У 1868 выведзена з-пад улады кальвінісцкай царквы і пераўтворана ў класічную 7-класную рус. гімназію ў ведамстве Віленскай навуч. акругі. У 1875 адкрыты 8-ы клас. У 1872 вучылася 228 чал., у 1880—325, у 1890—283, 1901—228, у 1915—461 вучань. Утрымлівалася на сродкі гар. казны, збораў за навучанне, працэнтаў з уласнага фундушу. Пед. калектыў уключаў дырэктара, інспектара, 17 выкладчыкаў, 3 памочнікаў класных настаўнікаў, урача і дантыста (пераважна выпускнікі ун-таў, духоўных акадэмій, Мінскай духоўнай семінарыі, настаўніцкіх семінарый Маладзечна, Нясвіжа, Свіслачы). З 1874 пры гімназіі дзейнічала метэаралагічная станцыя; пазней — фізічны, прыродазнаўчы і гіст.-геагр. кабінеты, б-ка. Сярод выхаванцаў гімназіі былі вядомыя дзеячы бел., рус. і польск. культуры: А.​А.​Аскерка, Я.​Х.​Белабоцкі, С.​І.​Богуш-Сестранцэвіч, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​Ф.​Капіевіч, медык А.​Я.​Красоўскі, астраном В.​К.​Цэраскі і інш.

Літ.:

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617—1630—1901 гг. Вильна, 1903;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Родченко Г.В. Старейшая школа Белоруссии // Педагогика и психология. Вып. 9. Вопросы истории и педагогики в БССР. Мн., 1976.

С.​В.​Казуля, А.​Ф.​Самусік.

т. 15, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УША́ЦКІ РАЁН.

Размешчаны ў цэнтр. частцы Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 20, 4 тыс. чал. (2002), гарадскога 29,9%.

Сярэдняя шчыльнасць 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Ушачы. Раён уключае 260 сельскіх населеных пунктаў, 10 сельсаветаў: Вялікадалецкі, Вяркудскі, Глыбачанскі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі.

Большая ч. тэр. раёна ў межах Ушацка-Лепельскага ўзвышша, паўн.-ўсх. — у межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая, на З — узгорыстая, характэрны озы і камы, рэзкія ваганні адносных вышынь каля шматлікіх азёрных і балотных катлавін; 65% яе на выш. 150—200 м, 30% паверхні ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 238 м (каля в. Гушчынская Слабодка). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, сапрапель, торф. Сярэдняя т-ра студз. -7,3 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 619 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб. р. Зах. Дзвіна і яе прыток Ушача, праз сістэму азёр цячэ р. Дзіва. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 4,4 тыс. км, у т. л. Прабойная канава. Пад азёрамі каля 10% пл. раёна. Найб. азёры ўваходзяць ва Ушацкую групу азёр (Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Бярозаўскае, Крывое, Вяркудскае). Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (60%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15,3%), тарфяна-балотныя (13,9%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%); 12,7% ворных зямель завалунена. Пад лесам 41% тэр. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя; трапляюцца чорнаальховыя, асінавыя, ясянёвыя, таксама дубровы. Пад балотамі 0,5% тэр. Найб. балотны масіў Выдрыца. Заказнік рэсп. значэння гідралагічны Крывое; мікразаказнікі мясц. значэння біял. Глыбачанскі і Чарсцвяцкі. Помнікі прыроды рэсп. значэння — валуны каля в. Глыбачка, Сарочына; мясц. значэння — крыніцы каля воз. Баркоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 35,1 тыс. га (23,4%), з іх асушаных 10,5 тыс. га (7%). На 1.1.2002 у раёне 11 калгасаў, 7 саўгасаў, 3 фермерскія гаспадаркі.

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, лёну, караняплодаў, сеяных траў і бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлеба-булачныя і малочныя вырабы, сушаная агародніна, сухафрукты, мінер. вада «Вечалле», безалкагольныя напіткі і інш.), першаснай апрацоўкі лёну, дрэваапр. (піламатэрыялы); ветсанутыльзавод, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Полацк—Мінск, з г.п. Ушачы на Полацк, Лепель, Докшыцы, Улу і інш. У раёне 10 сярэдніх, 9 базавых, 1 муз. школа, 1 школа мастацтваў, раённы цэнтр пазашкольнай працы, 20 дашкольных устаноў, 23 клубы, 25 б-к, 4 бальніцы, 1 паліклініка, 3 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў; пансіянат «Лясныя азёры». Ушацкі музей народнай славы імя У.​Е.​Лабанка, хата-музей Петруся Броўкі ў в. Пуцілкавічы. Помнікі архітэктуры — сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Арэхаўна, касцёл і кляштар бернардзінцаў (1726) у в. Селішча; помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс «Прарыў». Выдаецца газ. «Патрыёт».

М.​М.​Кірпіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 16, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нарт ’упарты чалавек, які хоча усё рабіць па-свойму’ (Бяльк.), ’назола, упарты’ (Юрч. Фраз.), нарт і нард ’упартае, сярдзітае дзіця ці жывёла’ (Нас.), сюды ж нарціцца ’ўпарціцца’ (Юрч. СНС). Згодна з Фасмерам, з *na і *гг > /ъ ’вастрыё, шпень’ (гл. рот), параўн. фразеалагізм лезці на ражон ’быць настырным, упартым’ (гл. Фасмер, 3, 46); вывядзенне Насовічам нард < нарад ’нараджэнне’, параўн. вырадак, рус. урод і пад., здаецца менш пераканальным у сувязі з малой распаўсюджанасцю форм слова з канцавым -д, якія самі маглі ўзнікнуць пад уплывам народнай этымалогіі; балтыйская этымалогія, якую прапанаваў Вяржбоўскі для бел. дыял. нарт, анарт, нард ’дэспат, вупар’ < літ. nartus ’наравісты, упарты’ і якую Лаўчутэ. (Балтизмы, 56) лічыць надзейнай, пры наяўнасці назоўніка nartas /нораў’ і дзеяслова nertėti ’шалець’ здаецца больш пераканальнай, асабліва ўлічыўшы лакальны характар беларускага слова. Параўн., нарат ’чорт’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́сці ’несці, дастаўляць і інш.; несці яйкі’ (БРС, ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), а таксама несць, нясці (Бяльк., Сл. ПЗБ), несці (ТС); укр. не́сти, рус. не́сти, польск. nieść, чэш. nésti, славац. niesť, в.-луж. njesć, н.-луж. njasć, славен. nesti, серб.-харв. не́сти, балг. неса́, макед. несе́ ’несці яйкі’. Прасл. *nesti, роднаснае літ. néšti, лат. nest ’несці’ і інш., гл. Фасмер, 3, 67; Шустар-Шэўц, 13, 1014; Махэк₂ (396) і Бязлай (2, 220) адрозніваюць аманімічныя формы са значэннем ’несці, дастаўляць і пад.’ ад формаў са значэннем ’несці яйкі’; апошнія разглядаюцца як збліжаныя на базе народнай этымалогіі з *nesti ’несці, дастаўляць’ утварэнні ад прасл. *nersti (гл. нераст), якое мела значэнне, акрамя ’нерасціцца’, таксама ’пладзіцца, несці яйкі (пра птушак)’. Малаверагодна, паколькі апошняе значэнне добра выводзіцца з ’дастаўляць’, параўн. не́сьціся ’імчацца; нясціся (пра курэй)’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)