Паскані́, пасканьні, поскань, поскадні, плоскуні, пысканьні, пасконьні, пасканьня, посканне, пбсканні, пасканіна ’маніцы, мужчынскія калівы канапель, Cannabis sativa L.’, ’сцябло маніц’, ’палатно з маніц, вырабы з тонкага палатна’ (Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Янк. 1, Мат. Маг., Юрч.; бых., крый., ДАБМ, с. 869; паўн.-усх., Макс.; бярэз., Сл. ПЗБ; карм., Мат. Гом.). Укр. поскінь, плоскінь, рус. посконь, польск. ploskoń, ст.-польск. płoskonek, чэш. poskonek, poskonny, славен. ploskovnica. Прасл. poskonъ (а ў некаторых дыялектах, відаць, пад уплывам лексемы ploskьjьploskonъ). Шматлікія версіі (гл. Ф’асмер, 3, 339) з’яўляюцца нездавальняючымі. Найбольш імаверная Трубачова (Эт. сл., 10, 188–193): слав. poskonъ узыходзіць да інда-іранск. *pus‑kana, якое складаецца са ст.-інд. ρύ‑män ’мужчына, самец’ і kana‑ (скіфск. *kana‑) ’каноплі’. Мужчынскія калівы канапель маглі быць. вызначаны як ’пыльніковыя, якія апыляюць’ — ад і.‑е.*pu‑s ’дзьмуць, веяць’. Мена ‑нн‑ > ‑дн⇉гэта адваротны працэс пераходу ‑дн‑ у бел. гаворках (Карскі, 1, 351).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калані́ца1 ’калёсная мазь’ (ТСБМ, РБС–82, Сл. паўн.-зах.), каланіца ’адпрацаваная каламазь’ (Бяльк., Гарэц., Касп., Мат. Гом., Сержп., Шат.; маладз., Янк. 1; Яшк.), ’загусцелы дзёгаць’ (лаг., КЭС), ’выгарэлы ў коле дзёгаць’ (Нас.), ’размоклая дарога, багна, бруд’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж каланічына ’месца здабывання каланіцы — дзёгцю для змазвання колаў’ (Яшк.). Укр. усх.-палес. каланіца ’мазь, якой змазваюць восі колаў і іншых дэталей у возе’, рус. зах.-бран. каланица ’дзёгаць для змазвання колаў; густы дзёгаць на колах’, пск., бран. колоница ’дзёгаць’, велікалук., пск. ’дзёгаць самай дрэннай якасці’, пск. ’ачышчаны дзёгаць’, халмаг., пск. ’дзёгаць для змазвання колаў’, апоч., пск. ’вадкі сасновы дзёгаць, смала’, смал., кур. ’дзёгаць, змешаны з пылам на колах і восях’, кур., дан., варонеж. колоника ’дзёгаць, смала, змешаная з пылам на колах і восях’, бран., смал., арл., калуж.найбольш дрэнны гатунак дзёгцю’. Лексема адзначана ў розных бел. гаворках, апрача паўдн.-зах. Разам з тым лінгвагеаграфічны крытэрый у канкрэтным выпадку не вельмі істотны, паколькі ілюстрацыі ў слоўніках сведчаць аб культурным характары слова, што дапускае яго лёгкае пранікненне ў розныя гаворкі. Паходжанне слова не вельмі яснае: магчыма, найбольш верагодным з’яўляецца найпрасцейшы варыянт — утварэнне ад кола (Даль) з суфіксам ‑ніца (‑ніка ў рус. прыкладах), гістарычна, відаць, складаным. Пацвердзіць такі варыянт тлумачэння можа рус. калін. колесня ’калёсная мазь’. Распаўсюджанне слова на ўсх.-слав. тэрыторыю сведчыць пра сумесную бел.-рус. інавацыю або, калі гэта позняе ўтварэнне, толькі пра бел. інавацыю (у рус. гаворках коло, паводле Даля, адзначаецца ў бел. і ўкр. зонах). Іншыя версіі, якія можна прапанаваць (аб сувязі з каліць, каляць ’змазваць’, або каляны ’запэцканы’, або каліць : акаліна ’нагар’), менш верагодныя, паколькі патрабуюць дапушчэння нерэгулярных фанетычных змен і не вельмі надзейныя паводле семантычнага крытэрыю. Аднак і вышэй прапанавання інтэрпрэтацыя словаўтварэння не бездакорная. У бел. гаворках таксама адзначана колоница «прямостороннее ведрышко для дегтя» (Нік. Очерк.). Калі параўнаць гэта слова з рус. деготница, мазница, можна дапусціць, што яно ўтворана такім жа чынам. Рус. лексемы двухсэнсоўныя па магчымай дэрывацыі, тут або вытворныя ад деготь і мазь, або семантычныя кандэнсаты. Калі дапускаць апошняе, для разглядаемага слова можна рэканструяваць рус. значэнне ’калонная мазь’, для колонна, колонка тэхнічны тэрмін у дзягцярнай справе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

віля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. чым. Хістаць, паварочваць з боку ў бок. Віляць хвастом. // без дап. Хістацца, рухацца з боку ў бок. Кола віляе ў бакі.

2. Рухацца па звілістай лініі. Коні вілялі паўз гурбы, выбіралі лаўчэйшыя праходы, хрыпелі ад натугі. М. Ткачоў. // Рабіць крутыя павароты. Дарога віляла то ўправа, то ўлева. Пестрак. Мяжа нібы знарок старалася не адыходзіць далёка ад берага, віляла найбольш усцяж яго. Мележ.

3. перан. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу, абавязку. Я ніяк не мог зразумець, што чалавек хоча сказаць, і ён віляў, нібы хадзіў па канаце і толькі пад канец сказаў тое, што хацеў. Сабаленка.

•••

Віляць хвастом — а) ліслівіць, падлізвацца. Змяніўся і выгляд іх [рускіх эмігрантаў] хлёсткі, Слухмяна віляюць хвастом, Японскай чакаючы косткі Пад бедным маньчжурскім сталом. Куляшоў; б) хітраваць. — А ты, стары, не віляў бы хвастом, а адразу сказаў, калі не хочаш, калі табе не даспадобы ў нас... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рашу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прымае рашэнні смела, без хістанняў і не спыняецца перад цяжкасцямі ў іх выкананні. Перад Юркам і зараз, як жывы, стаяў смелы, рашучы, вынаходлівы і справядлівы капітан Немо. Курто. Чалавек Мікалай, хоць і пісьменны, але не надта рашучы, таксама не надта бывалы на свеце, ды яшчэ натуру мае спакойную. Чорны. // Дзейсны, моцны або энергічны. Рашучыя меры.

2. Канчатковы, пэўны, які ўяўляе сабой рашэнне. Затрымцела Ганна, пачуўшы рашучую пастанову Петруся. Нікановіч. // Які не дапускае пярэчанняў, цвёрды, катэгарычны. Рашучая прапанова. Рашучае асуджэнне. □ Жэнька .. кінуў у цемру рашучы загад: — Серада, устань! Падыйдзі сюды. Брыль. // Які выяўляе непахіснасць у выкананні прынятых рашэнняў. Рашучы выгляд. Рашучы жэст. Рашучы твар.

3. Найбольш важны, які вызначае далейшы ход, развіццё чаго‑н.; рашаючы. Пеця быў упэўнены, што гэты бой будзе адным з самых рашучых і жорсткіх баёў, у якіх толькі [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бу́лка ’белы хлеб’ (Карскі 1, Сцяшк.), ’пшанічны хлеб’ (Сцяц. Нар., Вешт.), ’жытні хлеб’ (Касп., Нас., Шн.), ’бохан хлеба’ (Бяльк.). Гл. яшчэ Бесар., Федар., 2. Падрабязна агляд значэнняў Сцяц. Нар., 25 (які лічыць, што найбольш пашыранае і даўняе значэнне ’пшанічнае печыва дзецям’). Рус. бу́лка, укр. бу́лка. Лічыцца запазычаннем з польск. bułka ’тс’ (вядомае з XV ст.). Праабражэнскі, 1, 52; Брукнер, 48; Слаўскі, 1, 50; Бернекер, 100; Рудніцкі, 251; Шанскі, 1, Б, 222. Аб запазычанні сведчыць тое, што ва ўсх.-слав. мовах слова з’явілася вельмі позна: у рус. і ўкр. з XVIII ст., у бел., мабыць, таксама (няма ў Булыкі). Крыніца польскага слова не вельмі пэўная (італ.; франц. boule ’круглы хлеб’, с.-в.-ням. biule ’шышка і г. д.’, швед. bulle ’хлеб, булка і да т. п.’; Слаўскі, 1, 50). Вельмі няпэўныя версіі пра роднаснасць усх.-слав. бу́лка з булава́, булды́рь і г. д. (так Фасмер, 1, 239; там і агляд іншых параўнанняў). Да слова бу́лка параўн. яшчэ Вештарт, Лекс. Палесся, 107–110.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павуці́на (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ, Інстр. II), павучы́на (Нас., Бяльк., Яруш., Гарэц., Сл. ПЗБ), павуце́нне (Гарэц., Мал.), павучы́ніна (Др.-Падб., Гарэц.), павучэ́нне (Яруш.), павучы́нне (Др.-Падб., Інстр. II, Сл. ПЗБ) ’тс’. Прасл. paǫčina < paǫkъ. Форма з ч з’яўляецца агульнаслав., параўн. рус. павучи́на, укр. павучи́на, польск. pajęczyna, серб.-харв. па̏учина і г. д. Распаўсюджаны ва ўсх.-слав. мовах варыянт з ‑т‑ (рус. паути́на, укр. павути́на), як мяркуюць, узнік пазней у выніку кантамінацыі ст.-рус. паучина з рус. дыял. путина ’павучына’, звязанага са ст.-слав. пѫто (Фасмер, 3, 29). На думку Бадуэна дэ Куртэнэ (SF, 4, 52), т у форме паутина атрымалася пад уплывам слова паук, а Праабражэнскі (2, 28) дапускае змяшэнне з рус. тянуть (бел. цягнуць). Найбольш здавальняючым здаецца цяпер тлумачэнне Мартынава (вусн. паведамленне), што наяўнасць гэтых варыянтаў з’яўляецца вынікам змешвання ў праславянскім і у выніку моцнай акамадацыі, асабліва паказальнай у паўночным арэале ўсх.-слав. моў (Мартынаў. Слав. акам., 62 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ава́д ’авадзень’ (Бір. дыс., Нас., Янк. II), авадзень (БРС, Шат., Бір. дыс., Арх. Бяльк., Касп.), авадзье (Бір. дыс.), говыдьде (Клім.). Агульна- і праславянская назва авадня: ovadъ або obvadъ. Параўн. укр. овад (рус. овод да овад як гіперкарэкцыя), чэш. ovad, польск. owad, балг. авад, бел. абадзён (Сцяц.), серб.-харв. о̏бад паралельна з о̏вад, славен. obàd. Ёсць формы без пачатковага ‑а: вадзень (гл.). Бліжэйшыя паралелі: літ. úodas ’камар, мошка’, лат. uóds ’тс’, Міклашыч, 218; Зубаты, Studie, 1, 2, 111. Найбольш верагодна, звязана з і.-е. *ōd‑, *ēd‑ ’есці’. Пад гэтым значэннем можна аб’яднаць авад і вадзень. Параўн. літ. ė́sti ’есці (аб жывёлах)’ і ’паліць, пячы’. Трэба таксама ўлічыць палескае заедь у значэнні ’авадні’, дзе ўнутраная форма захавана зусім не двухсэнсоўна. Гл. Шульцэ, KZ, 43, 41. З гэтай версіяй мяжуе версія Трубачова, Происх., 71, згодна з якой ovadъ < *ov‑odos ’той, хто есць аўцу’. Супраць Махэк₂, 432, які суадносіць ovadъ з лац. tabānus (зыходная славянская форма obadьnь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ціна ’высакародны метал шаравата-белага колеру’ (ТСБМ). З рус. платина ’тс’, якое праз ням. platina ці непасрэдна з ісп. platina ’кепскае срэбра’, вытворнага ад ісп. plaki срэбра’ (Фасмер, 3, 275), — апошняе адпавядае прасл. *platu: у гой час сярэбраны посуд уваходзіў у манетарную сістэму (Мартынаў, вусн. паведамл.).

Плаці́на1 ’гідратэхнічнае збудаванне на рэках і вадаёмах для падняцця ўзроўню вады’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ). Да плот (гл.) і суф. ‑ін‑а. Найбольш імаверна, што слова прыйшло з рус. моўнай тэрыторыі. Параўн. рус. паўн. плоти́на́ ’пярэспа’, разан., варонеж. ’гаць’, омск. ’ніжнія бярвёны плыта’, арх. ’фундамент дома з бярвенняў і інш. пабудоў’.

Плаці́на2 ’невялікі кавалак палатна, анучы’ (Шат.), плаці́нка ’абрэзак матэрыі’ (ТС). Да плат, палатно (гл.).

Плаціна́ ’агароджа з жэрдак’ (слуц., ДАБМ, камент., 811), ’доўгая і тонкая жардзіна для плота’ (Варл.), плаці́на ’жэрдка ў плоце’ (астрав., Сл. ПЗБ), плаця́нка ’накрытая паветка, сцены якой з паркану’ (Варл.). Да плот (гл.). Сюды ж пла́ціна ’жэрдка (з плоту)’ (гом., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)