пе́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да адзін. Першы дом з краю. Першае паўгоддзе. Першы том. Першы параграф. □ Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце. Колас. // толькі мн. Пачатковыя ў радзе пералічаных прадметаў. Першыя кіламетры дарога ішла лесам. Якімовіч. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Колас.

2. у знач. займ. пе́ршы, ‑ага, м. Ужываецца для абазначэння асобы, прадмета і пад., якія былі названы раней. — Слухай мяне, сынку: ёсць у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах яшчэ адзін конь, гнедай масці, маладзейшы за першага. Якімовіч.

3. Які з’явіўся крыніцай або аб’ектам дзеяння раней за іншых. Да дошкі першым выклікалі хлопца. □ [Алесь:] — Мне давялося быць за мяжой, калі наша краіна першай запусціла спадарожнік. Шыцік. — Перакур! — скамандаваў Лазавік і першы лёг на траву. — Сядай, братва! Хомчанка. // у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, м. Тое, што адбылося або стала аб’ектам якога‑н. дзеяння раней за ўсё. Першае, што Ніна зрабіла, — гэта паздзірала газеты з акон, са стала, фіранкі павесіла, настольнікі разаслала. Лобан. Першае, што кінулася .. [Антону і яго сябрам] у вочы, — нідзе не відаць было саламяных стрэх. Пальчэўскі.

4. Які з’яўляецца, здараецца, адбываецца ў самым пачатку чаго‑н.; першапачатковы. Першае ўражанне. □ Вось і першы сонечны прамень бліснуў. Лынькоў. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас. // Які з’яўляецца пачатковым этапам, ніжэйшай формай чаго‑н. Першая фаза камунізма. // Які з’явіўся ўпершыню ў сезоне, новы, ранні (пра з’явы прыроды, расліны і пад.). Першыя замаразкі. Першыя кветкі. □ Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі шлях. Мележ. У аконныя шыбы глядзіць першая вясна. Чорны. // Які здарыцца, адбудзецца ў бліжэйшы час. Пры першай магчымасці.

5. Які раней не існаваў, не ўзнікаў. Першы штучны спадарожнік Зямлі. Першая ў свеце сацыялістычная дзяржава. □ Значную з’яву ў гісторыі беларускага тэатра ўяўляе першы беларускі прафесійны тэатр, які насіў назву «Народны тэатр». «Беларусь». // Не спазнаны раней. Першае каханне. □ Тут упершыню Лене адкрыўся свет, тут яна спазнала першую радасць і першае гора. Ваданосаў.

6. Які пераўзыходзіць у якіх‑н. адносінах усіх іншых. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі, — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Колас. Сашка так стараецца, што настаўніца дзівіцца: ледзь не першы вучань. Дадзіёмаў. [Юрка:] — Ён тут у нас, брат, цяпер першы грамацей. Якімовіч. // Самы лепшы, выдатны. Першы гатунак. Купэ першага класа. □ — Закурвайце... Табак першага сорту. Два гады ляжаў. Чорны. // Самы важны, галоўны. Першы сакратар. Рэчы першай неабходнасці.

7. Перадавы, вядучы. Ваяваць у першым эшалоне. □ На варце краіны, — На сушы, ў марах, — Байцы-камсамольцы У першых радах. Колас. Што будзе з дачкою? Бяда! На работу — першая, але і на гульні таксама. Пестрак.

8. Які выконвае асноўную партыю ў аркестры, хоры і пад. Першая скрыпка ў аркестры. // Які вядзе асноўную мелодыю, верхні. Першыя галасы хору.

9. у знач. наз. пе́ршае, ‑ага, н. Рэдкая страва, якая падаецца ў пачатку абеду (суп, боршч і пад.). З’есці першае. □ На першае.. [Ніна] зробіць халаднік з яйцом, на другое — рыбу. Лобан.

10. У граматыцы — які ўказвае, што суб’ектам дзеяння з’яўляецца сам гаворачы. Першая асоба дзеяслова.

11. у знач. пабочн. пе́ршае. Разм. Тое, што і па-першае.

•••

Першая дапамога гл. дапамога.

Першае мая гл. май.

З першага знаёмства гл. знаёмства.

З першых рук гл. рука.

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

На першы абыходак гл. абыходак.

На першы выпадак гл. выпадак.

На першы погляд гл. погляд.

Не першага веку гл. век.

Не першай маладосці гл. маладосць.

Не ты (я, ён, яна) першы, не ты (я, ён, яна) апошні — пра складаныя сітуацыі, у якія трапляюць многія.

Першай гільдыі гл. гільдыя.

Першай рукі гл. рука.

Першая ластаўка гл. ластаўка.

Першы блін камяком гл. блін.

Першы крок гл. крок.

Першы сустрэчны гл. сустрэчны.

У першую чаргу гл. чарга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двор ​1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор ​2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Стаць непрыгодным, разбурыцца, разваліцца на часткі. — А людзі кажуць так: раскідаецца печ зімою — тое самае, што абрадзініцца жонка ў жніва. Колас. [Сабастыян:] — Раскідаліся жорны, хоць ты што хочаш. А заўтра чуць свет трэба будзе вобмешкі ўмалоць. Чорны. // перан. Разладзіцца, расстроіцца; распасціся. Вяселле раскідалася. □ Кампазітар Сэлецкі браўся напісаць музыку, спыніліся на драматычнай старонцы гісторыі — Мазепе. Але справа раскідалася. Клышка.

2. Размясціцца на вялікай прасторы, далёка адзін ад аднаго. Нізенькія кусцікі.. уперамежку з ядлоўцамі кучкамі раскідаліся па балоце. Колас. // Разм. Раз’ехацца, разысціся, перастаўшы быць разам. Раскідаліся Шэметы па свеце: Мацвей у Некрашах, у калгасе, Лукаш у Мінску, у аспірантуры. Лобан.

3. Раскінуць рукі, ногі (у сне). Алёшка павярнуўся, раскідаўся, спаўзла коўдрачка. Гурскі.

4. Разм. Стаць непрыгодным, немагчымым для язды (пра дарогу напрадвесні і ранняй вясной). — Раскідаецца дарога, тады ні ў санях, ні ў калёсах нікуды не дабярэшся. С. Александровіч.

5. Разм. Захапіцца кіданнем чаго‑н.

6. Разм. Нарадзіць дзіця. І толькі тады ў галаву мне цюкнула: жонка ж мая цяжарная, не сёння — заўтра раскідацца павінна. Сачанка.

7. Заняцца адначасова многімі справамі, не засяроджваючыся ні на чым. [Алесь:] — Мяркую за паўтара года падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты. — Ну, а потым? — Потым, мяркую, філасофію, натуральныя навукі. — Не баіцеся раскідацца? Караткевіч.

раскіда́цца, ‑а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Незак. да раскі́дацца.

2. Разм. Не цэнячы чаго‑н., дарэмна траціць, не імкнуцца ўтрымаць што‑н. пры сабе; раскідвацца. — Не з беднага краю, — паглядзела на.. [Зіну] Таня. — Дзесяткамі раскідаешся. Мыслівец. Пасада першага сакратара ЦК камсамола Беларусі не давала магчымасці [Платону Галавачу] надта раскідацца часам. Скрыган. — Цяпер вельмі разбірацца і раскідацца няма кім. Усё лепей, чым нікога... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Выклікаць дрыжанне, ваганне чаго‑н.; прымусіць трэсціся, дрыжаць; прымусіць здрыгануцца, страсянуцца. Страшэнны выбух скалануў хату. Сачанка. Уварваўся вецер, скалануў дах, дзверы. Сташэўскі. У гэтую ж хвіліну наваколле скаланулі грымоты. Кавалёў. Раптам магутны гул, усё нарастаючы, вырваўся з нетраў, скалануў горы. Шыцік. Песня нядоўга разлягалася над вёскай. Потым цішыню скалануў хлапечы рогат. Гроднеў. / у безас. ужыв. Вагон скаланула. □ Прасторы скаланула громам. Прануза. Разы са два машыну скаланула на выбоінах. Корбан. // перан. Ускалыхнуць, усхваляваць. Геройства «Ворага» скаланула Расію. Колас. Ён скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Глядзім на Ленінскі партрэт І бачым спраў сваіх бяссмерце. Астрэйка. // Штуршкамі прывесці ў рух; патрэсці. Каб абтрэсці.. [яблыню], неабавязкова лезці на самое дрэва, варта толькі скалануць як след. Лупсякоў. Прачнуўся Даніла.., калі адчуў, што нехта моцна ўзяў яго за плечы і скалануў. Кулакоўскі. [Аўдоля:] — Што твой за бацька гэтакі! Узяў бы ты яго за бараду ды скалануў добра. Крапіва.

2. Кіўнуць, страсянуць; паварушыць. Юллян скалануў галавою. Вельмі шырокі, але прыгожы рот сціснуўся. Караткевіч. — Пабаішся, — скаланула плячыма маці. — З балкона зірнеш, і то галава кружыцца. Хомчанка.

3. Перамяшаць часцінкі вадкасці, страсянуўшы пасудзіну. Скалануць мікстуру.

4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці, думкі і пад.), вывеўшы з раўнавагі. Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Карпаў. Думка скаланула.. [Астапа], працвярозіла. Лынькоў. / у безас. ужыв. Міцю скаланула ад страшнай думкі: сляды! Навуменка. Гэтыя словы былі сказаны звычайным тонам, але Гендарсана ад іх скаланула. Чарнышэвіч. // Усхваляваць, узрушыць. Залатая ў сэрцы ёсць жыла, Дакапайся — яна не відна. Вершу трэба адстойная сіла, Каб душу скаланула да дна. Хведаровіч.

5. перан. Разм. Вымусіць каго‑н. аддаць што‑н.; патрэсці. [Хведар:] — Вот Ціток адной-другой пазычыць, а там Думскага скаланём. Будзе насенне. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смерць, ‑і; Р мн. смярцей; ж.

1. Спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма; спыненне біялагічнага абмену рэчываў у арганізме або ў яго частцы. Фізіялагічная смерць. Смерць клеткі. Смерць дрэва.

2. Спыненне існавання чалавека ці жывёліны. Раптоўная смерць. Смерць ад разрыву сэрца. Гвалтоўная смерць. □ Хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў. Якімовіч. // Разм. Смертная кара. Пакараць смерцю. □ [Немцы] прысудзілі Сёмку да смерці. Лынькоў. А як смерцю Максіма скаралі, — Рукі белыя да брамы прыбівалі. Багдановіч. // перан. Гібель, знішчэнне, канец чаго‑н. Смерць горада.

3. у знач. вык. Разм. Дрэнна, нядобра; бяда, гора. [Мароз:] — Каму-небудзь ад крытыкі смерць, а бальшавіку толькі здорава. Лобан. На спакой і на мір ашчарацца не смець! Войнам — смерць! Войнам — смерць! Шушкевіч. Хоць верць-круць, хоць круць-верць, а панству ўсё роўна смерць. З нар.

•••

Клінічная смерць — прамежак часу, калі дыханне і сардэчная дзейнасць спыняюцца, але тканкі яшчэ не падвяргаюцца распаду і ў пэўнай ступені захоўваюць жыццяздольнасць.

Палітычная смерць — немагчымасць для каго‑н. працягваць палітычную дзейнасць па прычыне поўнага свайго ідэйнага і палітычнага банкруцтва.

Глядзець смерці ў вочы гл. глядзець.

Да смерці — вельмі моцна. Дзядзька да смерці спалохаўся, а мядзведзь, мусіць, спалохаўся таксама, бо раптам як павярнуў у гушчар ды як даў дзёру. Васілевіч.

Знайсці смерць гл. знайсці.

На валасок (валаску) ад смерці гл. валасок.

Не на жыццё, а на смерць гл. жыццё.

Паміж (між) жыццём і смерцю гл. жыццё.

Пры смерці — у вельмі цяжкім, небяспечным для жыцця стане.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

Сеяць смерць гл. сеяць.

Толькі па смерць пасылаць каго гл. пасылаць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Як смерць (пра выгляд чалавека) — вельмі бледны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дзіна, ‑ы, ж.

1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.

2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.

3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.

4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

•••

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ток ​1, ‑у, м.

1. Рух электрычнага зараду ў правадніку; электрычная энергія. Ток высокай частаты. Сіла току. □ Калі ў шэсць гадзін раніцы немцы давалі ток у дэпо, жыхары барака, у якім жыла Баран, збіраліся паслухаць апошнія навіны з Масквы. Новікаў.

2. пераважна мн. (то́кі, ‑аў). Пра нервовую энергію чалавека, якая ўспрымаецца іншымі людзьмі. Ад яго ішлі нейкія токі, што заражалі іншых энергіяй і ўздымам. □ [Маша] кахала .. [Яроша] глыбока, тайна, безнадзейна. І вось наступіў момант, можа, адзіны і непаўторны, калі і ён пачуў токі гэтага кахання. Шамякін. // Паток нервовай энергіі, нервовае напружанне, узбуджэнне. Дзяўчына не паспела дагаварыць: асляпляльная маланка запаліла ўсё неба, і тут жа ўдарыў такі траскучы і рэзкі пярун, што Русіновіч адчуў, як па целе ў яго прабег лёгкі ток. Дамашэвіч.

•••

Блукаючыя токі — электрычныя токі, якія праходзяць у зямлі пры выкарыстанні яе як токаправоднага асяроддзя.

Выпраміць ток (спец.) гл. выпраміць.

Пастаянны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога не мяняюцца.

Пераменны ток — электрычны ток, напрамак і сіла якога перыядычна мяняюцца.

Трохфазны ток — сістэма трох аднафазных токаў аднолькавай частаты і амплітуды, але якія адрозніваюцца па фазе на 1/3 перыяду.

ток ​2, ‑а, м.

1. Спецыяльны будынак для складвання, абмалоту і ачысткі збожжа; гумно. Адразу ставілі некалькі будынкаў: ток, пуню, хлеў. Бядуля. // Пляцоўка для абмалоту збожжа. Вялікі бурт пшаніцы, аж пад неба, На палявым таку ляжаў. Корбан. Ехалі людзі з-за Вільні, зараз едуць з-пад Вільні. А многія з іх, напэўна,.. аралі папар, кляпалі косы, магчыма, раўнялі ток у гумне. Гартны.

2. Абл. Земляная падлога (звычайна гліняная). Грукнулася дзіцянё лобікам аб гліняны ток. Сіняк на ўвесь лобік. Крапіва. У гэту самую хвіліну Мацвей соладка спаў у сенцах на голым таку. Лобан.

ток ​3, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. такаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарада́, ‑ы́, ДМ ‑дзе́; мн. чаро́ды (з ліч. 2, 3, 4 чарады́), чаро́д; ж.

1. Рад аднародных прадметаў ці жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адно за адным. У канцы бетаніраванай шашы стаяла чарада аўтобусаў. Хадкевіч. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Мікуліч. Чароды навальнічных хмар Паўзлі наўпрост ад акіяна. Зарыцкі. / у перан. ужыв. Думак бясследна плыве чарада. Танк. І дзяцінства чарадой гадоў Праляцела воблакам стракатым. Аўрамчык.

2. Статак, гурт свойскай або дзікай жывёлы. Па вуліцы ў хмары рудога пылу ішла з пашы чарада кароў. Грахоўскі. Немцы прыгналі.. у мястэчка статак кароў, дзве чарады свіней і авечак. Навуменка. А то часам, утоптваючы снег, пройдзе цёмнай лютаўскай ноччу чарада галодных ваўкоў. Ігнаценка. // Група жывёл, птушак, рыб аднаго віду, якія трымаюцца разам. Людзі пачалі махаць птушкам рукамі, падняўся крык, што аж з асін зляцела чарада спалоханых галак. Карпюк. Ад чарады кнігавак зноў адлучыліся дзве, залёталі над імі, закружылі. Місько. Такія мясціны [водмелі] чароды акунёў часта наведваюць у пошуках корму. Матрунёнак. // Разм. Натоўп, гурт (людзей). У хату ўваходзіць Батура з гармонікам, за ім чарада хлапцоў і дзяўчат. Крапіва. Цэлая чарада дзяцей сустрэла.. [Хвядзька] на дарозе яшчэ далёка за Некрашамі. Лобан.

3. Чарга. На мех кабета села, Чакае чарады [у млын]. Калачынскі. Доўгія чароды жанчын стаялі ля донарскіх пунктаў. «Звязда».

4. у знач. прысл. чарадой (‑ою). Адзін за другім; бесперапынна. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары. Колас. Плывуць па Дзвіне чарадою плыты, Мінаючы ўзгоркі, лясы, балаты. А. Александровіч. Дні міналіся за днямі, Адплывалі чарадой. Броўка.

•••

Сваёй чарадой — незалежна ад каго‑, чаго‑н., як звычайна (ісці, разгортвацца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.

Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.​Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.​Дэфо, А.​Р.​Лесаж, А.​Ф.​Прэво, Ж.​Ж.​Русо, С.​Рычардсан, Дж.​Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.​Скот, Т.​Смолет, Г.​Філдынг. У 19 ст. асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.​Бальзака, В.​Гюго, Ч.​Дзікенса, Э.​Заля, Г.​Мапасана, Стэндаля, У.​Тэкерэя, Г.​Флабера, рус. раманістаў М.​Гогаля, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.​Голсуарсі, Г.​Уэлса, Г.​Грына, Ч.​П.​Сноу, С.​Моэма, А.​Франса, Р.​Ралана, Р.​Мартэна дзю Гара, Ф.​Марыяка, Дж.​Лондана, Т.​Драйзера, Ф.​С.​Фіцджэральда, Э.​Хемінгуэя, У.​Фолкнера, Дж.​Э.​Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.​М.​Рэмарка, Г.​Бёля, Г.​Граса, Х.​Лакснеса, С.​Лагерлёф, Я.​Гашака і інш. Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.​Горкі, А.​Талстой, М.​Шолахаў, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў, Ю.​Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв. літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.​А.​Астурыяс, А.​Карпенцьер, Х.​Картасар, Г.​Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.​Джойс, Ф.​Кафка, М.​Пруст; гл. ў арт. Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.​Голдынг, Гарсія Маркес, М.​Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.

Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.​Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.​Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.​Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.​Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.​Мрыя, «Амок» Я.​Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.​Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.​Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.​Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.​Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.​Калюгі, «Праз гады» П.​Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.​Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.​Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.​Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.​Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.​Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.​Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).

Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.​Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.​Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.​Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.​Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.

У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.​Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.​Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.​Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.​Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.​Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.​Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял. Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.​Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.​Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.​Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.​Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.​Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.​Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.​Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.​Карамазава «Пушча» (1978), В.​Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.​Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.​Карпюка «Карані» (1986), Н.​Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.​Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.​Коўтун), навукова-фантаст. (В.​Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.​Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.

Літ.:

Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч. М., 1978. Т. 3;

Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;

Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;

Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ. М., 1960;

Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр. М., 1962;

Судьбы романа. М., 1975;

Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман.

Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

С.​А.​Андраюк.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)