КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),
беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.
Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),
расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.Скарыны Нац.АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел.с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБА́ВА-РО́МЕНСКАЯ ЧЫГУ́НКА,
назва ў 1877—1919 чыг. лініі, якая звязвала бел. губерні з партамі Балтыйскага м. і Украінай. Пабудавана акц. т-вам, у 1891 выкуплена казной. Працягласць 1275 вёрст. Скразны рух цягнікоў ад г. Лібавы да г. Рамны пачаўся 15.7.1874. На тэр. Беларусі перакрыжоўвалася з Маскоўска-Брэсцкай (у Мінску), Пецярбургска-Адэскай (у Жлобіне), Палескімі (у Гомелі) чыгункамі. Буйныя чыг. станцыі на Беларусі: Беразіно, Бабруйск, Гомель, Жлобін, Мінск, Маладзечна. Л.-Р.ч. разам з Маскоўска-Брэсцкай чыгункай, Рыга-Арлоўскай чыгункай і Палескімі чыгункамі садзейнічала развіццю прам-сці, гарадоў, рыначных адносін на Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізавана і падпарадкавана Наркамату шляхоў зносін. Гл. таксама Беларуская чыгунка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЭ́ВІЧ (Яўген Васілевіч) (н. 2.1.1944, в. Блізкая Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. біёлаг і кнігавыдавец. Канд.біял.н. (1970). Засл. работнік культ. Беларусі (1987). Скончыў БДУ (1965). Працаваў у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. З 1974 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» (заг. рэдакцыі, з 1979 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара, з 1995 в.а. гал. рэдактара), з 1996 у перыяд. друку, з 1998 дырэктар выд-ва «Ураджай». Навук. працы па радыяцыйнай біяхіміі, агульным прыродазнаўстве і ахове прыроды. Удзельнік распрацоўкі навук.-метадычных канцэпцый і выдання шэрагу бел. універсальных і галіновых энцыклапедый, даведнікаў і слоўнікаў, адзін з аўтараў і стваральнікаў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86).
Тв.:
Краткий словарь-справочник по охране природы. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́ДНАЯ СПРА́ВА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася з 19.6 да 27.11.1926 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень замест закрытай газ.«Беларуская справа». Выдавец П.Мятла. Крытыкавала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, пісала пра стварэнне новых арг-цый, правядзенне павятовых з’ездаў БСРГ, пра эканам. і паліт. становішча ў БССР і інш. Падрабязна інфармавала насельніцтва Зах. Беларусі пра забастоўку вуглякопаў Англіі. Друкавала творы Цёткі, М.Васілька, А.Салагуба, П.Пестрака, Улад-Ініцкага, Я.Маланкі і інш., артыкулы пра Цётку і Я.Коласа. Адзначыла 20-годдзе выхаду газет «Наша доля» і «Наша ніва». Выйшла 39 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́КА (Дзмітрый Антонавіч) (15.5.1915, в. Гарывец Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1965),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1950). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1935), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1950). З 1944 працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, з 1950 заг. кафедры Мінскай вышэйшай парт. школы. Дэбютаваў вершамі ў 1932. З 1946 выступаў як крытык. Даследаваў праблемы бел. л-ры, маст. перакладу, літ. крытыкі, гісторыі рус. рамана. Аўтар прац «Беларуская пасляваенная проза» (1958), «Янка Купала — перакладчык» (1959), зб.літ.-знаўчых даследаванняў і крытычных арт. «Сляды часу» (1967).
Тв.:
Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНАСЦЬу мове,
уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫФРА́З, перыфраза (ад грэч. periphrasis апісальны выраз, алегорыя),
сэнсава-непадзельны выраз, утвораны ў маўленні як апісальная назва прадмета або дзеяння, што адначасова паказвае яго адметнасць.
Структурна П. супадаюць са словазлучэннямі («бачыць вачыма памяці» — успамінаць) або сказамі [«Усюды мае сябры, камбайнер і сталь хто варыць...» (П.Броўка)]. Як вобразны сінонім слова П. і называе пэўную з’яву, і характарызуе яе («крылатая мудрасць народа» — фальклор). Бываюць вобразныя: метафарычныя («раніца жыцця» — маладосць), метанімічныя («зямля Купалы» — Беларусь) і лагічныя («прадзедаў зямля» — радзіма). Амаль у кожным П. ёсць невялічкая загадка. Раскрыць яе дапамагае семантычная арганізацыя самога П. і кантэкст. Пашыраны традыц. П. («пан сахі і касы», «другі хлеб»), некат. з іх патэнцыяльныя фразеалагізмы.
Літ.:
Малажай Г.М. Сучасная беларуская мова: Перыфраза. Мн., 1980.