ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд) у горадабудаўніцтве, асноўная магістраль вял., буйнога горада са шматрадным трансп. рухам. Уздоўж П. звычайна размяшчаюцца адм.-грамадскія і інш. плошчы з асн. і грамадскімі будынкамі, што ўтвараюць значныя арх. ансамблі горада. Можа стварацца на працягу невял. адрэзка часу паводле адзінай задумы і ў адным стылі, на працягу доўгага часу шляхам дапаўнення першапачатковай кампазіцыі інш. па стылі будынкамі і збудаваннямі ці шляхам карэннай рэканструкцыі. У Расіі і на Беларусі паяўленне П. звязана з развіццём горадабудаўніцтва і ансамблевасці забудовы ў 18—19 ст. (П. Неўскі ў С.-Пецярбургу, Дняпроўскі ў Магілёве і інш.). Значнымі памерамі і ансамблевасцю забудовы вылучаюцца Скарыны праспект, Машэрава праспект у Мінску, П. Чарняхоўскага ў Віцебску, Касманаўтаў у Гродне, Леніна ў Гомелі, Міру ў Магілёве і інш. У стварэнні арх.-маст. аблічча П. выкарыстоўваюцца сродкі фарміравання арх. ансамбляў, выпрацаваныя шматвяковым вопытам горадабудаўніцтва (цэласнасць, маштабнасць, спалучэнне адкрытых і замкнёных прастораў, замыканне перспектыў арх. акцэнтамі і інш.).
Літ.:
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1432,
заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены ад імя караля польскага Ягайлы як вярх. князя літоўскага і рускага яго ўпаўнаважанымі пасламі са згоды новага вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча ў Гродне 15.10.1432, у дзень заключэння новай уніі паміж Польшчай і ВКЛ. Меў на мэце схіліць на бок Жыгімонта баярства, што падтрымлівала вял.кн.Свідрыгайлу. Паводле П. правасл.бел. і ўкр. князі і баяры ўраўноўваліся ў асабістых і маёмасных правах з феадаламі-католікамі. Ім гарантавалася недатыкальнасць маёнткаў як спадчынных, так і дадзеных вял. князямі, права вольнага распараджэння землямі, дазвалялася займаць дзярж. пасады ў Віленскім і Трокскім ваяв., уступаць з літ. баярамі ў гербавае братэрства (набываць гербы). Такім чынам, на правасл. баярства былі пашыраны Прывілей 1387 і Гарадзельскі прывілей 1413. Аднак фактычна П. 1432 дзейнічаў толькі на тэр.зах. часткі Беларусі. Бел. і ўкр. феадалы ў сваёй масе не падтрымалі Жыгімонта і выступілі супраць падпарадкавання Польшчы. Яны ўступалі ў войска Свідрыгайлы, разгаралася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Гэта вымусіла Жыгімонта выдаць Прывілей 1434. П. 1432 напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д,
энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).
Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л.ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВЫ,
рас. спевакі; муж і жонка, Восіп Апанасавіч (15.11.1807, г. Кіраваград, Украіна — 11.3.1878), бас. У юнацтве спяваў у царк. хоры. З 1826 выступаў у розных правінцыяльных трупах. З 1830 у Пецярбургу. Спяваў на сцэнах Вялікага т-ра, Тэатра-цырка. З 1860 у Марыінскім т-ры. Адзін са стваральнікаў рас.рэаліст. опернай школы. Яго голас вылучаўся моцным гучаннем, шырынёй дыяпазону, багаццем фарбаў, што спрыяла стварэнню разнастайных вобразаў. Першы выканаўца партый Сусаніна і Руслана («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі, абедзве партыі прызначаны для П.), Мельніка («Русалка» А.Даргамыжскага), Івана Грознага («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Варлаама («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага); выконваў партыі ў операх зах.-еўрап. кампазітараў. Быў тонкім інтэрпрэтатарам рамансаў Глінкі, Даргамыжскага, Мусаргскага і інш.Ганна Якаўлеўна (14.2.1818, С.-Пецярбург — 26.4.1901), кантральта. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. Брала ўрокі ў Глінкі. У 1835—46 салістка Пецярбургскага опернага т-ра. Разам з мужам спрыяла станаўленню рэаліст.рас. опернага мастацтва. Валодала паўнагучным, аксамітным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, і каларатурнай тэхнікай. Першая выканаўца партый Вані і Ратміра (оперы «Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» Глінкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧЫЯ ФАКУЛЬТЭ́ТЫ.
рабфакі, агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы для падрыхтоўкі рабочых і сялян да паступлення ў ВНУ. Існавалі ў СССР у 1920—30-я г. Былі індустр.-тэхнічныя, мед., с.-г., пед. і інш. Вучэбныя планы і праграмы Р.ф. пераважна адпавядалі сярэдняй школе. Навучанне дзённае (3 гады) і вячэрняе (4 гады). Прымаліся асобы з 16 гадоў па рэкамендацыях або камандзіроўках ад прадпрыемстваў, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Слухачы дзённых Р.ф. забяспечваліся стыпендыяй і карысталіся аднолькавымі правамі са студэнтамі ВНУ. Асобы, якія скончылі Р.ф., пераводзіліся ў ВНУ без уступных экзаменаў. На Беларусі першы Р.ф. створаны ў 1920 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це. У 1932/33 навуч.г. ў СССР налічвалася 1025 Р.ф., у т. л. на Беларусі — 51. У 2-й пал. 1930-х г. у сувязі з развіццём сярэдняй школы і арг-цыяй школ рабочай моладзі Р.ф. страцілі сваё значэнне і былі скасаваны. У 1969 з мэтай павышэння ўзроўню агульнаадук. падрыхтоўкі рабочай і сельскай моладзі і стварэння ёй неабходных умоў для паступлення ў ВНУ арганізаваны падрыхтоўчыя аддзяленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВО́Й (Павел Пракопавіч) (16.6.1895, в. Навілаўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1985),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1947), д-рс.-г.н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1923). З 1923 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, з 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це (заг. кафедры). У 1958—62 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (дырэктар), у 1964—73 у Бел.тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні глеб Беларусі, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыве на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістай зоны і поймавых глеб. Адзін са складальнікаў глебавай карты Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Почвы БССР. Мн., 1952 (у сааўт.);
Поймы рек Днепра, Сожа и Припяти (в пределах БССР) и их хозяйственное использование. Мн., 1957 (разам з І.П.Яновічам);
Водный режим почво-грунтов на территории Белоруссии. Мн., 1972.
Літ.:
Библиография научных трудов академика АНБССР П.П.Рогового. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУТ «БЕЛРАД».
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. навукова-тэхн. цэнтра «Радыяметр» (утвораны ў 1990 на базе Ін-та ядз. энергетыкі АН Беларусі). У ін-це (2000): аддзел радыяцыйнага маніторынгу прадуктаў харчавання, лабараторыя спектраметрыі чалавека і радыяцыйнай аховы насельніцтва, доследная вытв-сцьса спецыялізаванымі лабараторыямі радыяцыйных вымярэнняў і распрацоўкі радыеметрычных прылад.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: стварэнне і рэалізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу харч. прадуктаў на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі; распрацоўка новых методык кантролю забруджанасці радыенуклідамі прадуктаў харчавання і с.-г. прадукцыі; распрацоўка, выраб і ўкараненне радыеметрычных прылад; абследаванне жыхароў Чарнобыльскай зоны па вызначэнні ўзроўню назапашвання радыенуклідаў у арганізме і распрацоўка рэкамендацый па радыяцыйнай ахове насельніцтва; даследаванне эфектыўнасці энтэрасарбентаў розных тыпаў, у т. л. пекцінзмяшчальных прэпаратаў, для выдалення радыенуклідаў з арганізма. Ін-т мае спектрометры выпрамянення чалавека, якія выкарыстоўваюцца ў перасоўных радыелагічных лабараторыях для вызначэння колькасці цэзію-137 у арганізме людзей; у 1996—2000 абследавана больш за 95 тыс.бел. дзяцей. З 2000 выпускаецца пекцінавая харч. дабаўка «Вітапект». У Ін-це працуе чл.-кар.Нац.АН Беларусі В.Б.Несцярэнка (дырэктар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННЫ СУД,
асноўнае звяно сістэмы агульных судоў у Рэспубліцы Беларусь. Уведзены Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 14.2.1995. Утвараецца ў раёне, горадзе абл. падпарадкавання, які не мае раённага падзелу, раёне ў горадзе. Складаецца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых вядзеннях. Пры наяўнасці 5 і больш суддзяў уводзіцца і пасада намесніка старшыні гэтага суда. Колькасць суддзяў для кожнага Р.с. ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь. Р.с. разглядае ўсе цывільныя, крымінальныя і адм. справы, за выключэннем спраў, што аднесены заканадаўствам да кампетэнцыі інш. судоў. У выпадках, прадугледжаных заканад. актамі рэспублікі, Р.с. разглядае матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучае і абагульняе суд. практыку, а таксама ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Старшыня Р.с. назначаецца Прэзідэнтам рэспублікі па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда тэрмінам на 7 гадоў. Правы і абавязкі старшыні Р.с. і яго намесніка вызначаны заканадаўствам. Да ўтварэння Р.с. яго функцыі ў 1917—94 выконвалі нар. суды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА,
1) від дзейнасці, якую арганізуюць спец. органы дзяржавы з мэтай збору інфармацыі пра паліт., ваен., навук.-тэхн. і эканам. патэнцыял інш. дзяржаў; орган (інстытут, установа), што ажыццяўляе разведвальную дзейнасць. Р. падзяляецца на знешнюю, агентурную, тэхн., касм. і інш. (гл.Разведка ваенная, Разведка партызанская). У Рэспубліцы Беларусь Р. з’яўляецца састаўной ч. сістэмы забеспячэння бяспекі краіны; здабывае інфармацыю пра знешнія пагрозы нацыянальнай бяспецы і інш. звесткі, неабходныя для рэалізацыі інтарэсаў дзяржавы, абароны фіз. і юрыд. асоб, што знаходзяцца за мяжой, і інш. Структура, функцыі, паўнамоцтвы і кірункі дзейнасці Р. вызначаны законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі» (1997). Гл. таксама Контрразведка.
2) Абследаванне і вывучэнне чаго-н. са спецыяльнай мэтай, напр., Р. карысных выкапняў, Р. надвор’я і інш.
Літ.:
Очерки истории российской внешней разведки: В 6 т. Т. 1—4. М., 1997—99;
Тактическая разведка. М., 1968;
Симонян Р.Г., Гришин С.В. Разведка в бою. М., 1980;
Князев С.Н. Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадиатого века. Мн., 2000;
Яго ж. Военная контрразведка в Беларуси. Мн., 1999;