помнік архітэктуры 2-й пал. 19 ст. Пабудаваны ў в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі псеўдаготыкі. Мураваны прамавугольны ў плане 3-нефавы храм з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Маляўнічасць фасадам надае мяшаная тэхніка муроўкі: асн. ўчасткі сцен з буту з украпінамі маленькіх каменьчыкаў; пілоны, якія ўмацоўваюць вуглы асн. аб’ёму і званіцы, абрамленні аконных, дзвярных праёмаў і блендаў з цэглы. Дах 2-схільны з трохвугольным атыкам на алтарным і прамавугольным на гал. фасадах, завершаны дэкар. вежачкамі. Карнізны пояс з высокім складаным па малюнку аркатурным фрызам падзяляе будынак на 2 ч.: ніжнюю, амаль глухую, і верхнюю, расчлянёную спічастымі праёмамі. Званіца 3-ярусная, завершана шатровым дахам. Побач з касцёлам на могілках — магіла Ф.Багушэвіча і яго сям’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛЁЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1915, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 1.3.1988),
бел. музыказнавец, кантрабасіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1944—47). З 1931 у Бел. ансамблі нар. інструментаў і сімф. аркестры Бел. радыё, у 1937—60 (з перапынкам) у сімф. аркестры Бел. філармоніі, з 1956 рэдактар, у 1964—70 гал. рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. Аўтар даведнікаў «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978), біягр. нарысаў пра Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Вагнера, Дз.Лукаса, І.Любана, П.Падкавырава, Р.Пукста, Ю.Семяняку, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна, творчых партрэтаў майстроў сцэны, у т. л. Л.Александроўскай, З.Бабія, С.Данілюк, М.Дружыны, С.Друкер, М.Зюванава, В.Мальковай, В.Чарнабаева, больш за 300 муз. тэле- і радыёперадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРМУ́НСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (11.6.1887, г. Бялінскі Пензенскай вобл., Расія — 9.5.1970),
бел. геолаг. Чл.-кар.АНБССР (1936), д-р геолага-мінералагічных н., праф. (1944). Скончыў Маск. ун-т (1913). З 1918 дацэнт Маск. горнай акадэміі. У 1927—41 у Геал. к-це ВСНГ, Мін-ве геалогіі СССР. У 1936—38 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі АНБССР, заг. кафедры геалогіі БДУ. У 1943—45 кіраўнік геал. групы, у 1946—49 навук. супрацоўнік Ін-та геал. навук АНБССР. У 1949—51 супрацоўнік НДІ у Ленінградзе. На тэр. Беларусі праводзіў даследаванні па гідрагеалогіі, чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі і тэктоніцы.
Тв.:
Принципы и методы составления карт четвертичных (антропозойских) отложений // Изв. АНБССР. Сер. геол. 1947. № 2;
Геологические особенности тектонических структур БССР. Ч. 1—2 // Там жа. 1948. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЫЧА́ННЕ,
вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ССЕ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн.Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр.Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна
(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),
украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага, М.Садоўскага, П.Саксаганскага, І.Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр.т-р у Кіеве. Узначальвала Нар.т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар.т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр.драм.т-р імя М.Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.Астроўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́НАВА, Заронаўскае возера,
на мяжы Віцебскага і Шумілінскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Шэвінка, за 12 км на У ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,61 км², даўж. 7,6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 13,5 м, даўж. берагавой лініі 21,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 10—17 м (на зах. 5—10 м), разараныя, часткова пад лесам і хмызняком. Берагі пясчаныя і пясчана-галечныя, месцамі супадаюць са схіламі, у залівах на З і У сплавінныя. Падводная ч. катлавіны падзяляецца на некалькі замкнёных глыбакаводных плёсаў. На ПдУ 5 астравоў агульнай пл. 3 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае, уздоўж паўн. берагоў пясчана-галечнае з валунамі. Глыбакаводная зона глеістая. Упадаюць 10 ручаёў, у т. л. з воз. Княжно; на З выцякае р. Заронаўка. Уваходзіць у зону адпачынку Заронава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ДНЫ (Мікола) (Мікалай Якаўлевіч; н. 20.8.1921, в. Арэхавец Кіеўскай вобл.),
украінскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1942). Дэбютаваў аповесцю «Мае землякі» (1950). Аўтар зб. апавяданняў «Святло» (1961), раманаў «На белым свеце» (1967), «Уран» (1970), «Гілея» (1973), гіст. драмы «За Сібір’ю сонца ўсходзіць» (1980) і інш. У п’есах «На крутых берагах» (1955), «Калі ты любіш» (1959), «Мёртвы бог» (1960), «Востраў тваёй мары» (паст. 1962, выд. 1963), «Фартуна» (паст. і выд. 1966) і інш. мастацкае асэнсаванне актуальных праблем сучаснасці, сац. і духоўных пераўтварэнняў на вёсцы, падзей Вял.Айч. вайны. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1978. На бел. мову асобныя творы З. пераклаў А.Макаёнак.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ. 1981—82;
Бел.пер. — «За Сібір’ю сонца ўсходзіць...» // Полымя. 1982. № 2.