СЛАБАДА́,

радовішча жвірова-пясчанага матэрыялу ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля в. Слабада. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Жвірова-пясчаны матэрыял шаравата-жоўты, з лінзамі і гнёздамі ажалязнення, месцамі гліністы, з праслоямі супеску і пяску, кандыцыйнага жвіру (буйнейшага за 5 мм) 24,3%, трапляюцца галька і валуны. Пясок у сумесі розназярністы, палевашпатава-кварцавы. Разведаныя запасы 31,9 млн. м³, перспектыўныя 122,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—33,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,1—8,2 м. Жвірова-пясчаны матэрыял прыдатны на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)