папярэ́джанне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. папярэдзіць (у 1, 2 знач.).

2. Заўвага, якая папярэджвае аб чым‑н. або ад чаго‑н. — Давайце, хлопцы, цішэй, — перасцярог Садовіч.. На разумнае папярэджанне Садовіча ніхто не звярнуў увагі. Колас.

3. Адзін з відаў дысцыплінарнага спагнання. — Як бачыце, вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ва ўсім. Таму прапануецца абмежавацца папярэджаннем. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадні́цца, ‑раднюся, ‑роднішся, ‑родніцца; зак., з кім-чым.

1. Уступіць у адносіны роднасці з кім‑н. [Гумоўскі] хацеў парадніцца, як яму здавалася, з сапраўднаю шляхецкаю сям’ёю. Броўка.

2. Стаць блізкім па духу, перакананнях і пад. Быццам тут на свет радзіўся, Грышка ўсцешаны і рад: Ён з байцамі парадніўся — кожны быў і друг і брат. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́ніцца ​1, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Параніць сабе якую‑н. частку цела. [Майка:] Што ж цяпер рабіць?.. Я завяжу табе руку паловай гэтай мантыльі. І кроў цячы не будзе, і ніхто не даведаецца, што ты параніўся. Караткевіч.

пара́ніцца ​2, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Разм. Прыйсці раней, чым належыць. Асеннія халады ў гэтым годзе параніліся. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасаро́мецца, ‑меюся, ‑меешся, ‑меецца; зак.

1. Адчуць сорам за свае паводзіны, дзеянні. [Анісім:] — Пасаромелася б людзей. Адна ў калгасе засталася такой [непісьменнай]. Гурскі.

2. з інф. Праявіць сарамлівасць у чым‑н., не адважыцца зрабіць што‑н. Увечары... [Кастусь] пасаромеўся ісці да Ракіцкіх, а Скобаліха не прыйшла. Прокша. — Рукі яе не пацалаваў. Гэта мая цемната, прастата вясковая. Пасаромеўся. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пільча́к, ‑а, м.

Абл. Кароткая верхняя вопратка пераважна з грубага даматканага сукна. Тым не меней, нават і такі «лапсярдак», са спушчаным станам, усё ж такі больш стасаваўся з важнасцю моманту, чым які-небудзь .. пільчак вясковага настаўніка. Колас. Толькі праз якую гадзіну хлопец заўважыў, што Данута, прымасціўшыся ля кастра на пеньчуку, лапіла яго пільчак. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пле́сціся, плятуся, пляцешся, пляцецца; пляцёмся, плецяцеся, плятуцца; пр. плёўся, плялася, плялося; заг. пляціся; незак.

1. Разм. Павольна ісці, ледзь перастаўляючы ногі. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ.

2. Зал. да плесці.

•••

Плесціся ў абозе — тое, што і цягнуцца ў абозе (гл. цягнуцца).

Плесціся ў хвасце — быць апошнім у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плёскат, ‑у, ДМ ‑каце, м.

Шум, які ўтвараецца ад падзення вады (вадкасці) або ад удару чым‑н. па паверхні вады (вадкасці); пляск. Вясна. Вечары над Сожам, ціхі плёскат хваль, крыкі дзікіх качак у густых чаротах... Дуброўскі. Яшчэ начамі рэчку ў зорах Будзілі плёскатам самы, — Калі стары вандроўнік-жораў Пачуў пагрозны дых зімы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Пракалоць чым‑н. наскрозь. Гэты [зубр], здаецца, немалады. Але рогі па-маладому вострыя. Такі рог праткне наскрозь. Шамякін. Знятую трубку кары Коля перагнуў на сярэдзіне, зверху праткнуў пруцікам. Жычка.

•••

Пальца не праткнуць — пра вялікі, цесны натоўп. У магазіне было бітком пабіта людзей — пальца не праткнеш. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.

1. што. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. укалоўшы або пры дапамозе шпількі, іголкі і пад. Прыкалоць кветку да валасоў. □ Пасля [салдат] зняў з сваёй пілоткі зорачку, прыкалоў яе хлопцу на кашулю. Гамолка.

2. каго. Забіць або дабіць чым‑н. колючым; закалоць. Прыкалоць кабана. □ Валька, загнаўшы .. [фашыста] ў тупік, прыкалоў штыком. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Дадаць, далучыць пры падліку. Прылічыць пэўную суму грошай да агульных выдаткаў. Прылічыць памылкова дзесяць рублёў.

2. Назначыць куды‑н. для адбывання службовых абавязкаў. Прылічыць навабранцаў да воінскай часці.

3. Прызнаць кім‑, чым‑н., аднесці да ліку каго‑, чаго‑н. Прылічыць раман да гістарычных. Прылічыць пісьменніка да класікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)