ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),
2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на р. Гарынь у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Узнік на месцы стараж. дзядзінца Давыд-Гарадка. Паводле інвентара 1605 на ўзбраенні замка былі бронзавыя і жалезныя гарматы, марціркі, гакаўніцы, парахаўніцы і інш. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак у вер. 1655 быў узяты рус. войскам. Інвентары Давыд-Гарадка 1670 і 1675 паведамляюць пра існаванне 2 замкаў — Верхняга і Ніжняга, замкі былі абгароджаны дубовым парканам. У час Паўн. вайны 1700—21 яны моцна пацярпелі і паступова страцілі ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́РЫ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА З МАЛДО́ЎСКІМ КНЯ́СТВАМ 15—16 ст. Заключаліся паміж вял. князямі ВКЛ і малд. гаспадарамі, вызначалі асновы ўзаемаадносін паміж дзвюма дзяржавамі. Вядомы дагаворы 1415, 1431 (з удзелам Тэўтонскага ордэна), 1435, 1437, 1442, 1447, 1496, 1499, 1518, 1551, 1554. Паводле гэтых дагавораў ВКЛ нязменна захоўвала з Малдовай мір, нягледзячы на тое, што звязаная з ёй уніяй Польшча часта ваявала з Малдовай і імкнулася ўцягнуць у баявыя дзеянні войска ВКЛ (напр., у 1509 і 1532). Заключэнне дагавораў дэманстравала таксама незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬСКІ (сапр.Няелаў) Мамант Віктаравіч
(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),
расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРУЧЭ́ННЕ,
цывільна-прававое пагадненне, паводле якога адзін бок (давераны) абавязваецца здзейсніць ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўныя юрыд. дзеянні (набыццё або адчужэнне маёмасці, правядзенне плацяжоў і да т.п.). Давераны абавязаны выканаць Д. асабіста. Ён можа перадаць выкананне Д. інш. асобе толькі ў тым выпадку, калі гэта абумоўлена пагадненнем або калі да гэтага вымушаюць абставіны абароны інтарэсаў даверніка. Давернік абавязаны аплаціць даверанаму ўзнагароджанне, калі гэта прадугледжана законам або дагаворам. Парадак выканання Д., правы і абавязкі яго ўдзельнікаў рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т,
закрытая мужчынская сярэдняя навуч. ўстанова для дваранскіх дзяцей у Рас. імперыі ў 19 ст.Паводле рэформы 1828 ствараліся як дзярж.навуч. ўстановы на базе гімназій і высакародных пансіёнаў. Рыхтавалі да стацкай і дыпламат. службы, паступлення ва ун-т. Навучанне платнае. Існавала 5 Д.і.: у Маскве (1833—49), Вільні (1838—63), Пензе (1843—63), Ніжнім Ноўгарадзе (1844—1917) і Высакародны ін-т у Варшаве (1844—63). Не набылі пашырэння з-за таго, што дваране традыц. імкнуліся ўладкаваць сваіх дзяцей у ваен.навуч. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНЫХ МАС ЗАКО́Н,
вызначае суадносіны паміж канцэнтрацыямі прадуктаў рэакцыі і зыходных рэчываў у стане раўнавагі хімічнай, адзін з асн. законаў фіз. хіміі. Адкрыты ў 1864—67 нарвежскімі вучонымі К.Гульдбергам і П.Вааге, якія назвалі «дзейнай масай» рэчыва — колькасць яго ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыю), адсюль назва.
Паводле Дз.м.з. пры нязменнай т-ры скорасць элементарнай гамагеннай рэакцыі прама прапарцыянальная здабытку канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў у ступенях, роўных стэхіяметрычным каэфіцыентам гэтых рэчываў ва ўраўненні хім. рэакцыі (гл.Ураўненні хімічныя). Дз.м.з. карыстаюцца пры разліках у хім. кінетыцы і тэрмадынаміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НДЗІЧ (Алека) (сапр.Чоліч Мілуцін; 13.4.1896, паводлеінш. звестак 12.8.1897, с. Грабавец, Харватыя — 8.7.1920),
адзін з камандзіраў Чырв. Арміі ў грамадз. вайну ў Расіі. Харват. Удзельнік 1-й сусв. вайны (быў у аўстра-венг. арміі), у 1916 трапіў у рас. палон. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, з 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну ваяваў на камандных пасадах у кавалерыі (у т. л. памочнік пры камандуючым 1-й Коннай арміяй С.М.Будзённым) пераважна на тэр. Украіны. Загінуў у баі каля г. Роўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧЫЦ (Людміла Уладзіміраўна) (н. 12.12.1950, Мінск),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1982). Скончыла БДУ (1975). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Вывучае гісторыю ПнЗ Полацкага княства, культавыя камяні, каменныя крыжы, археал. мікратапаніміку, стараж. касцюм на тэр. Беларусі. Праводзіла раскопкі гарадзішчаў на Браслаўшчыне, курганоў на Пн Беларусі, гідраархеал. даследаванні ў Падзвінні.
Тв.:
Край блакітных азёр. Мн., 1988;
Браслаўскае Паазер’е ў IX—XIV стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1991;
Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993;
Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́РПУС,
кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у краіне. Д.к. у шырокім сэнсе — усе дыпламаты, што працуюць у дыпламат. прадстаўніцтвах у дадзенай краіне, а таксама з пэўнымі абмежаваннямі і члены іх сем’яў: жонка (муж) дыпламата і непаўналетнія дзеці, паводлеміжнар. звычаю і дарослыя незамужнія дочкі дыпламата, што пражываюць сумесна з ім і знаходзяцца на яго ўтрыманні. Узначальвае корпус дуаен. Д.к. не з’яўляецца юрыд. асобай ці паліт. утварэннем. Ніякія сумесныя паліт. выступленні з боку Д.к. недапушчальныя: ад яго імя могуць рабіцца калект. заявы выключна па пратакольных, пераважна цырыманіяльных, пытаннях.