баявы надводны карабель для пошуку і знішчэння падводных лодак. Як П.к. выкарыстоўваюцца авіяносцы, цяжкія атамныя ракетныя крэйсеры (напр., «Пётр Вялікі»), процілодачныя крэйсеры (сярод іх быў авіянясучы крэйсер «Мінск»), вял. і малыя П.к., вартавыя караблі, эскадраныя мінаносцы (у т. л. былы «Віцэ-адмірал Дрозд»), а таксама (пры адпаведным узбраенні) інш. караблі і катэры.
З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, найб. пашырыліся ў 2-ю сусв. вайну. Дзейнічаюць самастойна і ў складзе процілодачных сіл флатоў. Для выяўлення падводных лодак і сачэння за імі аснашчаны гідраакустычнай, гідралакацыйнай і інш. апаратурай, а для іх знішчэння — процілодачнымі ракетамі, тарпедамі, рэактыўнымі і газадынамічнымі бамбамётамі для кідання глыбінных бомбаў. Для самаабароны маюць ракетныя і артыл. комплексы, у т. л. зенітныя, і інш. ўзбраенне.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Процілодачны карабель. Атамны ракетны крэйсер «Пётр Вялікі» (Расія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВЫ́Я ТУМА́ННАСЦІ,
воблакі міжзорнага рэчыва, якія ўтрымліваюць вял. колькасць касм. пылу (да 104 часцінак/см³; гл.Туманнасці галактычныя). Назіраюцца як цёмныя вобласці, скрозь якія не бачны размешчаныя за імі зоркі, радзей як светлыя адбівальныя туманнасці, калі блізка знаходзіцца яркая зорка і яе святло адбіваецца часцінкамі пылу (папярочнік асветленай вобласці не большы за 1 пс). Многа цёмных П.т. знаходзіцца ў вобласці Млечнага Шляху (яны ўтвараюць доўгую паласу). Найб. вядомыя з іх «Конская Галава» і «Вугальны Мяшок» (памеры апошняй 8 пс, адлегласць 150 пс). Вял. колькасць адбівальных П.т. знаходзіцца ў спіральных рукавах Галактыкі; разам з газавымі туманнасцямі яны ўтвараюць газава-пылавыя комплексы памерам у дзесяткі і сотні парсек. Невял. ўтварэнні з канцэнтрацыяй пылу ў дзесяткі і сотні разоў большай, чым у П.т., наз. глобуламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),
аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт.рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),
частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІННАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ,
сіметрычныя парныя нервы, якія ўтвараюцца карэньчыкамі спіннога мозга. Выходзяць з міжпазваночных адтулін паміж дугамі пазванкоў, размяркоўваюцца па ўсім целе пазваночных жывёл і чалавека.
Кожны нерв мае 2 карэньчыкі — пярэдні (утрымлівае рухальныя нерв. валокны) і задні (утрымлівае адчувальныя нерв. валокны). Па выхадзе з міжпазваночных адтулін С.н. падзяляюцца на галіны: пярэднія і заднія, рэтраградныя абалонкавыя (да абалонак спіннога мозга) і белыя злучальныя (да сімпатычнага ствала). У чалавека 31 пара С.н.: 8 шыйных, 12 грудных, 5 паяснічных, 5 крыжавых, 1 пара хвастцовых. Пярэднія галіны С.н. і ўтвораныя імі шыйнае, плечавое, паяснічнае, крыжавое і хвастцовае спляценні інервуюць скуру, унутр. органы, шкілетныя мышцы цела; заднія — скуру патыліцы, спіны, мышцы задняй паверхні цела. Пашкоджанне С.н. разам з карэньчыкамі прыводзіць да радыкуліту, разам са спляценнем — да плексіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Мова фінаў, афіц. мова Фінляндыі (разам са шведскай мовай). Пашырана таксама ў Карэліі, Швецыі, Нарвегіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Германіі і інш. На тэр. Фінляндыі мае 8 асн. дыялектаў: паўд.-зах. (уласна фінскі, ці суомі), емскі (хяме), пераходныя паміж іміпаўд.-, сярэдне- і паўн.-батнічны, паўн., савоскі (саво), паўд.-ўсходні. Ф.м. — аглюцінатыўная мова намінатыўнага ладу з элементамі флектыўнасці. Ёй уласцівы: у фанетыцы — багатая сістэма галосных, малая колькасць зычных, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — адсутнасць катэгорый грамат. роду і трывання; у сінтаксісе — пераважна свабодны парадак слоў. Пісьмовыя помнікі з 13 ст. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Хакулинен Л. Развитие и структура финского языка: Пер. с фин. Ч. 1—2. М., 1953—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́РМАНАЎ Ігар Аляксандравіч (н. 27.2.1960, г. Запарожжа, Украіна),
бел. псіхолаг. Д-рпсіхал.н. (1998), праф. (2001). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1981). З 1990 у Нац. ін-це адукацыі (з 1990 заг. лабараторыі, з 1992 заг. аддзялення, з 1994 нам. дырэктара). З 2000 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па псіхал. праблемах дзіцячай агрэсіўнасці, парушэнняў асобаснага развіцця і паводзін дзяцей і падлеткаў, механізмаў рэгуляцыі матывацыйнай, эмацыянальнай, валявой і маральнай сфер асобы, сям’і і адносін паміж дзецьмі і бацькамі.
Тв.:
Детская агрессивность: Психодиагностика и коррекция. Мн., 1996;
Психологическая работа с детьми, лишенными родительского попечительства. Мн., 1999 (разам з А.А.Аладзьіным, Н.В.Фурманавай);
Психологические особенности детей, лишенных родительского попечительства. Мн., 1999 (з імі ж);
Психология общения в учебно-педагогическом процессе. Мн., 2000 (разам з А.А.Аладзьіным, А.М.Амялішка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛІ́ЗМ,
сістэма кіравання, заснаваная на прынцыпе безумоўнага падпарадкавання мясц., перыферыйных органаў улады вышэйшым, размешчаным у адным цэнтры. Выкарыстоўваецца ў дзярж. рэгуляванні эканомікай, у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх арг-цый і заключаецца ў засяроджанні ўладных і кіраўніцкіх паўнамоцтваў у адзіным вышэйшым цэнтры (манарх, прэзідэнт, кіраўнік урада, федэрацыя, мін-ва, к-т, кіраўніцтва карпарацыі, праўленне, рада паліт. партыі, грамадскай арг-цыі). Выступае ў дэмакр., бюракратычнай, канстытуцыйнай і інш. формах, якія адрозніваюцца паводле крытэрыя размеркавання ўлады паміж цэнтрам і перыферыяй, а таксама паводле характару адносін паміж імі, што замацоўваецца ў канстытуцыях, законах, статутах, палажэннях і на практыцы. Адметная рыса дэмакр. Ц. — спалучэнне падпарадкавання вышэйшым органам і агульнай дысцыпліне з прызнаннем канструктыўных ініцыятыў з месцаў і рэгіёнаў, права апошніх прымаць удзел у выпрацоўцы важных паліт. рашэнняў, у выбарах кіруючых органаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НАЧНЫ ВУ́ЗЕЛ,
пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній, у якім размешчаны адна ці некалькі чыгуначных станцый; іншы раз — сукупнасць чыг. станцый, падыходаў да іх і злучальных пуцей на адной чыг. лініі. Асн. збудаванні Ч.в.: сартавальныя, грузавыя і пасаж.чыг. станцыі, злучальныя пуці паміж імі, станцыйныя збудаванні для пасажыраў, дэпо і інш. Бываюць Ч.в. транзітныя, транзітныя з вял. аб’ёмам перагрузачных работ і канцавыя, а таксама прамысл. (абслугоўваюць прамысл. прадпрыемствы ці раёны) і партовыя. Ў буйных Ч.в. перасякаецца да 20 ліній. На Беларусі больш за 30 Ч.в., з іх найбуйнейшыя Мінск, Баранавічы, Орша, Брэст, Жлобін, Асіповічы, Віцебск, Маладзечна, Магілёў, Крычаў, Гомель, Калінкавічы, Ліда, Лунінец, Полацк, Гродна, Ваўкавыск, Бабруйск. Гл. схему Беларускай чыгункі пры арт.Беларуская чыгунка.
Схема чыгуначнага вузла: а — з адной станцыяй; б — з крыжападобным размяшчэннем станцый; I—XIV — злучальныя веткі.