АЛЯКСА́НДР АФРАДЫСІ́ЙСКІ,

старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».

т. 1, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЭАПАГІ́ТЫКІ»,

рэлігійна-філасофскія творы, якія ўзніклі не пазней як у 2-й палове 5 стагоддзя і падпісаны імем першага афінскага епіскапа Дыянісія Арэапагіта (1 стагоддзе, адсюль назва). У «Арэапагітыках» прасочваецца ўплыў неаплатанізму, асабліва вучэння Прокла. Вучэнне «Арэапагітыкаў» пра Бога як звышразумную тоеснасць быцця і небыцця, трыадзіную будову свету і царквы зрабіла вялікі ўплыў на рэлігійна-філасофскую думку Візантыі і Заходняй Еўропы (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі). Неаплатанічныя ідэі «Арэапагітыкаў» паслужылі крыніцай некаторых сярэдневяковых ерасяў.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Нянавісць» П.​Панчанкі).

В.​П.​Рагойша.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ СЬВЕТ»,

навуковы, культ.-асветны і літ. часопіс. Выдаецца з 1971 у ЗША на бел. мове бел. эміграцыяй. Выходзіць у залежнасці ад паступлення матэрыялаў. Рэдактар і выдавец М.​Прускі (жыве ў г. Гранд-Рапідс, штат Мічыган, ЗША). Публікуе навук. артыкулы па гісторыі Беларусі, па пытаннях бел. культуры, літ. творы, успаміны і інш. Многія нумары прысвечаны асобным бел. дзеячам. Змяшчае таксама гіст. і сучасныя фотаздымкі, тэксты і ноты бел. песень, гумарыстычныя старонкі.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́НДЫГ ((Grundig) Леа) (23.3.1906, г.Дрэздэн, Германія — 10.10.1977),

нямецкі графік. Жонка Г.Грундыга. Вучылася ў АМ у Дрэздэне (1923—26). У 1939—49 у эміграцыі. З 1950 праф. Вышэйшай школы выяўл. мастацтва ў Дрэздэне. У 1964—70 прэзідэнт (старшыня) Саюза мастакоў Германіі. Творы адметныя псіхал. экспрэсіяй (цыклы афортаў «Пад свастыкай», 1933—38; «Барацьба супраць атамнай смерці», 1957—58), жыццесцвярджальным пафасам (цыклы «Вугаль і сталь для міру», 1951, і інш.).

Г.​Грундыг. Барацьба мядзведзя з ваўкамі. 1928.

т. 5, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУНА́ЙСКАЯ ШКО́ЛА ў мастацтве,

кірунак у жывапісе і графіцы паўд. Германіі і Аўстрыі 1-й пал. 16 ст. Да Д.ш. адносяць раннія творы Л.Кранаха Старэйшага, А.Альтдорфера, В.​Губера і інш., якія вылучаюцца свабодай маст. фантазіі, эмацыянальнасцю, пантэістычным, падчас казачным успрыманнем прыроды, цікавасцю да ляснога і рачнога пейзажу, да прасторы і святла, дынамічнай, парывістай манерай пісьма (часам дробнымі мазкамі), вострай выразнасцю малюнка і інтэнсіўнасцю колеру. Познагатычныя традыцыі пераплятаюцца ў Д.ш. з рэнесансавымі тэндэнцыямі.

т. 6, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОК (Косць) (Канстанцін Леанідавіч; 22.4.1919, г. Луганск, Украіна — 22.5.1996),

украінскі паэт. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1941). Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Насустрач сонцу» (1953), «Дняпроўскія мелодыі» (1956), «Мелодыі жыцця» (1972), «Пад ветразямі гадоў» (1978), «Сцвярджэнне» (1990) і інш. роздум пра чалавечы лёс у складаных умовах рэчаіснасці 20 ст. Пісаў творы для дзяцей (зб. «Хочаш ведаць пра Карпаты», 1954). Пераклаў на ўкр. мову паасобныя вершы Я.​Купалы, К.​Кірэенкі.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)