БАГДА́НАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 6.8.1944, в. Малюшына Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1970). З 1970 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі, з 1972 саліст Бел. філармоніі. У т-ры муз. камедыі выканаў партыі Эдвіна («Сільва» І.​Кальмана), Арыфа («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Мікіты («Халопка» М.​Стрэльнікава). У канцэртным рэпертуары Багданава арыі з опер Дж.​Вердзі, аперэт І.​Кальмана, рамансы П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Г.​Свірыдава, бел., рус., укр. і неапалітанскія нар. песні. Лаўрэат Рэсп. конкурсу маладых выканаўцаў (1976), Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1977, 1-я прэмія).

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД (ад аван... + франц. garde варта),

1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.

2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАН ((Grahn) Люсіль) (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),

дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.​Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.​Вагнера.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксандравіч [1867) (паводле інш. даных 2.1.1868),

Маскоўская губ. — 1937 (?)], расійскі грамадскі і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). У 1898—1907 чл. (з 1904 старшыня) Маскоўскай губ. земскай управы. У 1904—05 старшыня бюро земскіх і гар. з’ездаў. Адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў (1905), чл. яе ЦК. У 1907 старшыня 2-й Дзярж. думы, беспаспяхова імкнуўся да згоды паміж рознымі паліт. сіламі ў Думе і дзелавых кантактаў з урадам. У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 удзельнічаў у рабоце Усерас. саюза гарадоў (гл. «Земгор»). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Часовага ўрада па мін-ве двара. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 працаваў у сав. установах.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВА́РДЫЯ ЛЮДО́ВА (Gwardia Ludowa),

узброеныя падп. і партыз. фарміраванні Польскай рабочай партыі ў 1942—43 у 2-ю сусв. вайну. Створана 6.1.1942 (першы партыз. атрад на чале з Ф.​Зубжыцкім пачаў дзейнічаць у маі 1942). Камендант (камандзір) Б.​Малоец, нач. Гал. штаба М.​Спыхальскі (1942) і Ф.​Юзвяк (1942—43). Асн. формы дзейнасці: дыверсіі, сабатаж, разведка, партыз. рух. У 2-й пал. 1942 налічвала больш за 11 тыс. чал., у т. л. 1400 у партыз. атрадах. Атрады Гвардыі Людовай дзейнічалі супраць ням.-фаш. акупац. улад у Люблінскім, Жэшаўскім, Кракаўскім, Келецкім ваяводствах, у Сілезіі, Лодзі і інш. месцах. 1.1.1944 на базе Гвардыі Людовай створана Армія Людова.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́ЕЎ (Кіман) (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),

дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БХУ́ТА (Беназір) (н. 21.6.1954, г. Карачы, Пакістан),

палітычны і дзярж. дзеяч Пакістана. Дачка З.А.Бхута. Вучылася ў Гарвардскім (ЗША) і Оксфардскім (Вялікабрытанія) ун-тах. У час дыктатуры ген. М.Зія-уль-Хака знаходзілася пад дамашнім арыштам (1977—84), жыла ў эміграцыі ў Лондане (1984—86), рабіліся замахі на яе жыццё (крас. 1986 і студз. 1987). З 1982 кіраўнік Пакістанскай нар. партыі. Прэм’ер-міністр краіны ў 1988—90 (адначасова міністр абароны і міністр фінансаў) і з 1993 (першая жанчына—кіраўнік урада ў мусульм. свеце).

Тв.:

Рус. пер. — Дочь Востока // Наука и религия. 1990. N° З.

Літ.:

Москаленко В., Сумский В. Беназир Бхутто // Азия и Африка сегодня. 1990. № 4.

т. 3, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ЎСКІ НАРАДАВО́ЛЬСКІ ГУРТО́К БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ,

нелегальная суполка прыхільнікаў рэв. арг-цыі «Народная воля» з ліку ўраджэнцаў Беларусі — студэнтаў Варшаўскага ун-та — у 1882—83. Утвораны ў 1882 намаганнямі студэнтаў-нарадавольцаў В.​Руткевіча, Г.​Яцкевіча і В.М.Вайніловіча. Акрамя выхадцаў з Беларусі ў гурток уваходзілі і варшавяне на чале з С.​Калішскім. На базе гуртка была створана падп. друкарня на чале з М.​К.​Янчэўскім. Гурток падтрымліваў цесныя кантакты з кіраўнікамі польск. рабочай партыі «Пралетарыят». У рэв. дзейнасці не прызнаваў тактыкі тэрору. Пасля арышту ў Вільні 22.8.1883 кіраўніка Янчэўскага дзейнасць гуртка аслабела і да канца года спынілася. Некат. гурткоўцы ўступілі ў «Пралетарыят».

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛІ́НСКІ (Ежы) (1765?, г. Паставы Віцебскай вобл. — 28.6.1840),

танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах (у Ле Ду). У 1785—94 у трупе «Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, удзельнічаў у спектаклях у каралеўскім замку і ў Лазенках, на сцэне Нац. т-ра. Выконваў сольныя партыі ў балетах «Казакі», «Лукас і Калінета», «Каралева Ванда». Пасля 1794 выступаў у спектаклях антрэпрыз С.​Галніцкага і К.​Аўсінскага ў Варшаве, у 1795 працаваў у Гродне, з 1795 зноў у Варшаве (да 1799 у трупах Трускаляскіх і В.​Багуслаўскага, у 1800—23 выкладчык танцаў).

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДЭРВЕ́ЛЬДЭ ((Vandervelde) Эміль) (25.1.1866, Іксель, Бельгія — 27.12.1938),

палітычны дзеяч Бельгіі, юрыст, эканаміст. З 1885 чл. Бельгійскай сацыяліст. партыі, з 1933 яе старшыня. Адзін з заснавальнікаў (1889) і кіраўнікоў Інтэрнацыянала 2-га (старшыня выканкома ў 1900—14). З 1894 дэп. парламента, з 1914 чл. урада. У 1918—37 неаднаразова займаў пасады міністра юстыцыі, замежных спраў, аховы здароўя. Прадстаўнік Бельгіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, падпісаў Версальскі мірны дагавор 1919. У 1922 прысутнічаў як абаронца на працэсе правых эсэраў у Маскве. У якасці міністра замежных спраў падпісаў Лакарнскія дагаворы 1925. У 1929—36 старшыня Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала. У сваіх працах выступаў за спалучэнне марксісцкіх ідэй і рэфармісцкіх метадаў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)