БА́РДАХ ((Bardach) Юльюш) (н. 3.11.1914, г. Адэса),
польскі гісторык права. Чл. Польскай АН (1989). Скончыў Віленскі ун-т (1939). У 1950—85 ў Варшаўскім ун-це (з 1960 праф.), адначасова ў 1961—69 дырэктар Ін-та гісторыі права пры гэтым ун-це. Даследуе грамадска-паліт. лад і права Польшчы і ВКЛ 14—18 ст., звычаёвае права Беларусі і Літвы, Статуты ВКЛ, праблемы гістарыяграфіі, метадалогіі гісторыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСТЫ́ЛІЯ (Bastille),
крэпасць у Парыжы ў 14—18 ст. Пабудавана ў 1370—82. У 15 ст. ператворана Людовікам XIV у турму. У канцы 16 ст. тут трымалі пераважна паліт. зняволеных. Была сімвалам дэспатызму Бурбонаў. 14.7.1789 паўстанцы штурмам узялі Бастылію, што стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99. У 1790 Бастылія разбурана. З 1880 у Францыі дзень 14 ліп. святкуюць як нац. свята.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́САВЫ КАМІТЭ́Т АМЕ́РЫКІ (БККА),
грамадская арганізацыя беларусаў у ЗША. Створаны ў 1951 у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі) як выканаўчы орган Кангрэса беларусаў Амерыкі. Каардынуе работу бел. згуртаванняў, якія прытрымліваюцца паліт. платформы Бел.цэнтр. рады. Старшыні БККА М.Шчорс (1951—57), І.Касяк (1957—89), Р.Завістовіч (з 1990). Збірае і распаўсюджвае інфармацыю на надзённыя бел. тэмы. Выдае час.«Беларуская думка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕМА́Н ((Allemane) Жан) (25.8.1843—1935),
французскі сацыяліст. У перыяд Парыжскай камуны 1871 старшыня 5-га легіёна Нац. гвардыі. Пасля паражэння камуны сасланы на пажыццёвую катаргу на в-аў Новая Каледонія (амнісціраваны ў 1880). У 1882 далучыўся да пасібілістаў, у 1890 на чале Рабочай сацыял-рэв. партыі (гл.Алеманісты). У 1901, 1906 і 1910 выбіраўся ў парламент. Пасля паражэння на парламенцкіх выбарах 1914 адышоў ад паліт. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́Н (Хафізула) (1926, г. Пагман, прав. Кабул, Афганістан — 27.12.1979),
афганскі дзярж. і паліт. дзеяч. Чл. Народна-дэмакр. партыі Афганістана (фракцыя «Хальк»). Пасля перавароту (рэвалюцыі) 27.4.1978 1-ы нам. прэм’ер-міністра і міністр замежных спраў, прэм’ер-міністр. 14.9.1979 адхіліў ад улады Н.М.Таракі, з 16 вер.ген. сакратар ЦК партыі, старшыня Рэв. савета краіны. Імкнуўся да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму. Загінуў у час уводу сав. войскаў у Афганістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІКТЫЯНІ́Я (грэч. Amphiktionia),
рэлігійна-паліт. саюз плямёнаў і гарадоў у Стараж. Грэцыі, які меў агульныя свяцілішчы, казну, правілы вядзення вайны і інш. Ёсць звесткі пра амфіктыянію пры свяцілішчах Апалона: у Дэльфах, на в-ве Дэлас; пры свяцілішчах Пасейдона: на в-ве Калаўрыя, у Беотыі і інш.Найб. звестак захавалася пра дэльфійска-пілейскую амфіктыянію, куды ўваходзіла 12 абшчын. Амфіктыяніі страцілі значэнне пасля заваявання Грэцыі рымлянамі (146 да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС ((Adams) Сэмюэл) (27.9.1722, г. Бостан — 2.10.1803),
амерыканскі паліт. дзеяч, адзін з арганізатараў вызв. барацьбы ў час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Кіраваў рэв. арг-цыяй «Сыны свабоды». Заснаваў Карэспандэнцкі к-т у Бостане (1772), на ўзор якога ва ўсіх англ. калоніях былі створаны падобныя рэв. органы ўлады. Выступаў за прыняцце «Біля аб правах» і адмену рабства. У 1794—97 губернатар штата Масачусетс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ЭМІГРА́НТ»,
штомесячная газета бел. эміграцыі, орган Згуртавання беларусаў Канады. Выдавалася ў 1948—54 у Таронта (да кастр. 1949, № 1—19, на рататары). Гал. рэдактар К.Акула (з № 9 за 1948). Газета прапагандавала ідэю нац. незалежнасці Беларусі, друкавала матэрыялы аб грамадска-паліт. жыцці на Беларусі і інш. Імкнучыся дапамагчы беларусам прыстасавацца да жыцця ў эміграцыі, змяшчала інфармацыю аб Канадзе, парады. Выйшла 58 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ УЧИ́ТЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штомесячны пед. часопіс. Выдаваўся з мая 1910 да пач. 1911 у Магілёве на рус. мове. Створаны па ініцыятыве Т-ва ўзаемадапамогі настаўнікам нар. вучылішчаў Магілёўскай губ. Друкаваў матэрыялы па педагогіцы і нар. асвеце, пра становішча настаўнікаў. Пэўнай грамадска-паліт. пазіцыі не выявіў, але ў культ.-нац. аспекце прымыкаў да акцябрыстаў (ігнараваў праблемы развіцця бел. л-ры і нац. школы). Выйшла 6 нумароў.